Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Stratfor: за час трэцяга тэрміну Пуціна з Расеі зьехаў амаль мільён чалавек


Страты ўжо параўнальныя з колькасьцю «уцекачоў» з СССР падчас Другой сусьветнай вайны. Зьяжджаюць самыя кваліфікаваныя і адукаваныя, і гэта моцна аслабіць расейскую эканоміку ў бліжэйшыя гады, — лічаць дасьледчыкі.

Амэрыканская разьведвальна-аналітычная кампанія Stratfor апублікавала сьвежыя дадзеныя аб колькасьці тых, хто зьехаў з Расеі. Паводле падлікаў, толькі ў 2015 годзе Расею пакінулі 350 тысяч чалавек. Годам раней — яшчэ 300 тысяч, а ў 2013 годзе — 200 тысяч. Гэта значна больш, чым у горшыя гады няўдалых дзевяностых і ў сукупнасьці параўнальна з колькасьцю «уцекачоў» з СССР падчас Другой сусьветнай вайны: тады з краіны зьехала, па розных зьвестках, ад 700 тысяч да 1 мільёна чалавек.

Гэты трэнд раней адзначалі і іншыя дасьледчыкі, аднак лічбы Stratfor у некалькі разоў перавышаюць афіцыйныя ацэнкі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2014 годзе колькасьць грамадзян Расеі, якія зьехалі за мяжу, склала толькі 53235 чалавек.

Аўтары дакладу падкрэсьліваюць, што гэтыя лічбы — ня проста ад’езд людзей, а экспарт чалавечага капіталу, так званая «пуцінская ўцечка мазгоў».

Апошнія тры гады з Расеі зьяжджаюць ня неадукаваныя гастарбайтэры, якія едуць на сельскагаспадарчыя працы, а людзі, якія атрымалі адукацыю, часта —тыя, хто працуе ў кампутарнай прамысловасьці і іншых перадавых і жыцьцёва важных галінах эканомікі.

Іх ад’езд у Stratfor напрамую зьвязваюць з трэцім тэрмінам Уладзімера Пуціна і тым, якая ў гэты час праводзілася палітыка, а таксама з тым, як улада ў РФ давала рады апошняму эканамічнаму крызісу. Прычым палітычныя прычыны часта становяцца больш важным фактарам для ад’езду.

У крызісныя часы прэзыдэнцтва Барыса Ельцына паказчыкі «ад’езду», да прыкладу, не перавышалі 250 тысяч чалавек у год. Затым, калі да ўлады прыйшоў Пуцін, колькасьць тых, хто зьехаў, рэзка зьнізілася і працягвала падаць амаль усё дзесяцігодзьдзе «пуцінскай стабільнасьці»: са 150 тысяч чалавек у 2000 годзе да менш чым 50 тысяч да 2007 году. Падчас прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева паказчыкі эміграцыі трымаліся на яшчэ больш нізкім узроўні — 30-40 тысяч чалавек у год (у 2009 годзе, нягледзячы на крызіс, паказчык быў рэкордна нізкім — 32 тысячы чалавек).

Але з новым прыходам Пуціна да ўлады ў 2012 годзе паказчыкі адразу вырасьлі ў тры разы і з кожным годам працягваюць нарастаць. У параўнаньні з праўленьнем Мядзьведзева, у апошні год колькасьць тых, хто зьехаў з РФ, вырасла на парадак.

Пратэсты на балотнай плошчы ў Маскве.
Пратэсты на балотнай плошчы ў Маскве.

У Stratfor пішуць, што першы і другі тэрмін знаходжаньня Пуціна ва ўладзе разглядаўся многімі з тых, хто пазьней зьехаў з РФ, ня проста як эпоха эканамічнай стабільнасьці, але і эпоха адраджэньня Расеі. Але ўсе гэтыя чаканьні былі перакрэсьленыя парлямэнцкімі выбарамі 2011 году, якія прайшлі зь вялікай колькасьцю фальсыфікацый, і масавымі пратэстамі пасьля выбараў, якія жорстка падаўляліся паліцыяй.

Усьлед за гэтым у Расеі пачалося «закручваньне гаек», якое справакавала ад’езд з краіны палітычных актывістаў, журналістаў, навукоўцаў і ўладальнікаў бізнэсу. Расейскія ўлады толькі падтрымлівалі іх ад’езд. Дэпутат заканадаўчага сходу Пецярбурга Віталь Мілонаў заявіў тады: «Расея нічога ня страціць, калі ўся так званая крэатыўная кляса зьедзе».

Аднак за крэатыўнай клясай з Расеі ў апошні год-два пачалі масава зьяжджаць і прадстаўнікі іншых прафэсій — лекары, інжынэры, навукоўцы, прадпрымальнікі, выкладчыкі. Страта гэтых высокакваліфікаваных спэцыялістаў цяжка ударыць па расейскай эканоміцы ў будучыні і робіць краіну яшчэ больш залежнай ад вонкавых крызісаў, напрыклад ад падзеньня цэнаў на нафту, — падкрэсьліваецца ў дакладзе Stratfor.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG