Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзінаццаты выпуск фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...», другі тур


Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com

Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:

Воля Дольная-Валошка

Вольга Вярба

Анэля Камбалава

Максім Багдановіч

Юры Малярэўскі

Тацяна Трухановіч

Рэтрапогляд на фатаконкурс «Мая Беларусь»

Пяць здымкаў ад вядучага


Вітаю сяброў і новых наведнікаў.

Закранаем выдавецкі складнік тэмы «Незалежнасьць — гэта...». Ёсьць тут рацыя і нагода — у вялікі пярэдадзень 500-годpmдзя беларускага кнігадрукаваньня й беларускай Бібліі (2017) заўдзячыцца сьвятлом фотакамэр нацыянальнаму кнігавыдавецтву. І пакуль у «дзень Незалежнасьці» ў цэнтры Менску грукочуцьць танкі, прыгадаем, што галоўны праспэкт беларускай сталіцы называўся імем нашага слыннага першадрукара Францішка Скарыны.

Кнігаўражаньні Волі Валошкі і ціхі стрэл Вольгі Вярбы «ў самае сэрца» сыстэмы адукацыі

Першай кнігавыдавецкі кампанэнт замаўляе Воля Валошка (Воля Дольная-Валошка), вядомая сюжэтамі ў Вянку памяці Нілу Гілевічу. «Ня раз цешылася, калі брала ў рукі добрую кнігу. І кніга была беларускай, — піша яна. — Сярод лепшых такіх кніг адкрывала для сябе энцыкляпэдыі і слоўнікі, зь якімі даводзілася працаваць, паглыбляцца ў сьвет беларушчыны. Такімі назаву найперш Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, энцыкляпэдыю „Этнаграфія Беларусі“, выданьні Божага слова ды шмат-шмат іншых, у якіх ёсьць праўда і веды, наш беларускі дух і родная мова. Мяркую, гэты сьвет і гэтае сьвятло вартыя фотакамэр! Дзялюся першымі „кнігаўражаньнямі“ ад „Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі“, том 2, 1994».

Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Вокладка з «Пагоняй», 1994
Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Вокладка з «Пагоняй», 1994


«Незалежнасьць — гэта... ляжаць на поплаве роднага ўлоньня і гартаць-чытаць-перачытваць старонкі Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі з «Пагоняй» на вокладцы... Можна сесьці ў фатэль каля язьміну і спаміж літараў, датаў і слоў асалодна ўдыхаць гаючы водар гісторыі і культуры радзімага краю... Апошні прамень маляўніча агорне старонку зь нечаканым сканам-малюнкам і словамі "НЯХАЙ ЖЫВЕ НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ!"— год 1922..."

Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Пераплёт з вокладкай, 1994
Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Пераплёт з вокладкай, 1994

Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, 1994. Ілюстрацыя першай старонкі газэты «Беларускі Звон» ад 25 сакавіка 1922, Вільня.
Кнігаўражаньні. 2-гі том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, 1994. Ілюстрацыя першай старонкі газэты «Беларускі Звон» ад 25 сакавіка 1922, Вільня.


Вакол выданьня, як сьведчыць аўтарка здымка, гуртаваліся прадстаўнікі БСДП. Яны ініцыявалі стварэньне блёку нацыянальных меншасьцяў, дзякуючы якому беларусам удалося правесьці ў польскі сэйм і сэнат 11 паслоў і трох сэнатараў.

З працягам тэмы праўдзівай і незалежнай гісторыі — наша аўтарка Вольга Вярба (гэты раз сваё прозьвішча яна небеспадстаўна зьмяніла на ваколічна-лірычнае). На яе фотаздымку свая «гісторыя» — знутры школы, дзе працуе сама і дзе асаблівы кшталт разгорнутых старонак, атмасфэрнасьць і першадакрананьне... Уважым гэты досьвед і права аўтара на «жорсткую» матывацыю:

«Незалежнасьць — гэта... вывучэньне гiсторыi Беларусi на роднай мове!»

Пра «дапаможнікі»: дапаможа «русскій мір» і руская мова?
Пра «дапаможнікі»: дапаможа «русскій мір» і руская мова?



Дзякуй, Вольга, у Вас атрымаўся добры ўрок і трапны матыватар: гэткі школьна-адукацыйны білінгвізм у поўнай сваёй праяве. Вашым здымкам я хачу праілюстраваць тую думку, якую ўжо выказваў, — калі я ня маю магчымасьці нешта зьмяніць, я магу зафіксаваць гэта на сваю камэру. І яшчэ — гэты ціхі стрэл «у самае сэрца» сыстэмы сёньняшняй адукацыі, няйнакш, каштаваў бы аўтару перасьледу па месцы яе пэдагагічнай працы, калі б Вольга назвалася сваім прозьвішчам, якое ўжо ведае наш чытач. Перасьцярога вельмі красамоўная, што да сёньняшняй сыстэмы выхаваньня.

На плошчы Свабоды ў Менску граў аркестар паветраных сілаў Амэрыкі

Новы ўдзельнік фатаконкурсу Анэля Камбалава:

«Незалежнасьць — гэта... джаз на плошчы Свабоды ў Менску... і Божая Маці з герба горада дабраслаўляе нас... а навокал прыгожыя твары з усьмешкамі і ніводнага знаёмага... і аркестар паветраных сілаў Амэрыкі вітае нас па-беларуску: «Добры вечар, менчукі!»


Выдатна, Анэля!.. Што скажаце пра сябе?

«Родам з Баранавічаў, я інжынэр-канструктар, — адказала на мой электронны запыт Анэля Камбалава. — Маю дыплём з „Пагоняй“! Працавала мэнэджарам у розных установах, пакуль мяне, мякка кажучы, не папрасілі ў 2011 за ўдзел у „акцыі“. З таго часу ў ТБМ, займаюся культурніцкімі праектамі. Радыё Свабода люблю даўно, чытаю штодня, лічу сваёй хатняй старонкай і ўдзельнічаю ва ўсіх вашых праектах... Гэта проста каб вы ведалі, што вашая праца патрэбная, дзякуй».

Фотамэтафары з пытаньнямі ад... Максіма Багдановіча

«Фатаграфія не зьяўляецца маёй прафэсійнай дзейнасьцю, але гэта адназначна маё сур’ёзнае захапленьне, — піша наш новы ўдзельнік, аўтар цікавых фотаздымкаў Максім Багдановіч. — Праз свае фатаграфіі я маю любоў да жыцьця і дасьледую рэчаіснасьць, знаходжу вечнае і задаю сабе новыя пытаньні». Максім напісаў таксама, што нарадзіўся ў Эстоніі, працаваў у Берасьці, а нядаўна пераехаў жыць у Менск. Выхоўвае сына.

«Незалежнасьць — гэта ... адмова ад рэжыму». Прамысловы раён Менску. Сакавік 2014.
«Незалежнасьць — гэта ... адмова ад рэжыму». Прамысловы раён Менску. Сакавік 2014.

«Незалежнасьць — гэта ... калі няма чаго хаваць». Траса Берасьце — Менск. Жнівень 2014.
«Незалежнасьць — гэта ... калі няма чаго хаваць». Траса Берасьце — Менск. Жнівень 2014.

«Незалежнасьць — гэта ... захаваньне прыроднай разнастайнасьці». Набярэжная Сьвіслачы. Жнівень 2014.
«Незалежнасьць — гэта ... захаваньне прыроднай разнастайнасьці». Набярэжная Сьвіслачы. Жнівень 2014.

«Незалежнасьць — гэта ... выбар свайго шляху». Ці адбыўся парк імя Уга Чавэса?.. Мікрараён Каменная горка. Лістапад 2014.
«Незалежнасьць — гэта ... выбар свайго шляху». Ці адбыўся парк імя Уга Чавэса?.. Мікрараён Каменная горка. Лістапад 2014.

«Незалежнасьць — гэта ... сіла волі». Хакейная каробка ў спальным раёне Менску. Сакавік 2016.
«Незалежнасьць — гэта ... сіла волі». Хакейная каробка ў спальным раёне Менску. Сакавік 2016.



Незалежнае «насупрацьстаяньне»

Чарговая пошта ад Тацяны Трухановіч зь Менску. Яна піша: «Беларусь называюць надзвычай талерантнай краінай ў пляне рэлігіі. Гэта так, шмат дзе можна бачыць недалёка, часам на адной вуліцы, каталіцкі касьцёл і праваслаўную царкву. Бывае, шукаеш кропку для кампазыцыі, каб два аб’екты прыгожа зьмясьціліся на адну фатаграфію, але аднойчы мне ўдалося гэта зрабіць у вёсцы Крэва, што ў Смаргонскім раёне. Месцамі ж сустракаеш і такое — помнік Леніну насупраць царквы ці касьцёла...»

«Незалежнасць — гэта... калі нешта несумяшчальнае, часам супрацьлеглае, можа мірна, не перашкаджаючы адно другому, існаваць побач».

Помнік Леніну на фоне Царквы Сьвятога Мікалая Цудатворца ў Паставах
Помнік Леніну на фоне Царквы Сьвятога Мікалая Цудатворца ў Паставах




Прысутнасьць у кадры лідэра БНФ робіць фатаграфію гістарычнай. Але захапляе і першы плян

Зь цікавым архіўным здымкам павіншуем новага ўдзельніка фотаконкурсу Юр’я Малярэўскага. І ня толькі таму, што ў ахоўным кальцы чарнобыльскай акцыі бачым лідэра БНФ Зянона Пазьняка (хоць як тут не аддаць належнае аўтару — дасканала выкананы акцэнт на гэтую шматзначную прысутнасьць робіць фатаграфію гістарычнай); прыцягвае ўвагу і першы плян здымка.

«Чарнобыльскі Шлях» у Менску. Красавік 1996.
«Чарнобыльскі Шлях» у Менску. Красавік 1996.


Я зьвязаўся з аўтарам, каб удакладніць прозьвішчы маладзёнаў, якія трымаюць абарону. «На жаль, на жаль... — напісаў Юры. — Даўно было, не прыпомню. А месца дзеі скажу дакладна — каля опэрнага тэатра». На тварах удзельнікаў — вымоўны, рашучы адказ рэжымнай хлусьні, воля да праўды, адчуваньне свайго Беларускага шляху. Мы бачым настрой менчукоў, дух так званай «вуліцы», якога асьцерагаецца наёмны сілавік і баіцца чужынец-захопнік. Не, гэта не натоўп, яскрава сьведчыць рэпартажны кадар... Тым часам фотаздымку роўна 20 гадоў.

Зьмяшчаем яшчэ адзін «вулічны момант» з фоталетапісу Юр’я Малярэўскага.

Дзень волі — 2014. Перад шэсьцем каля кінатэатра «Кастрычнік», Менск
Дзень волі — 2014. Перад шэсьцем каля кінатэатра «Кастрычнік», Менск



Вяртаньне ў 2007-ы: фотаконкурс Свабоды «Мая Беларусь» як кампанэнт незалежнасьці

Нарэшце, абяцаны мной рэтрапогляд на фотаконкурс Радыё Свабода «Мая Беларусь».

Ён прашумеў, быццам сьвежы цёплы дождж, як залева, і за 15 тыдняў вясны-лета 2007 выявіў небывалы водгук чытацка-радыйнай аўдыторыі — блізка паўтысячы фотаздымкаў. Дасылалі свае зачараваньні з мабільных тэлефонаў, мыльніц, старых і новенькіх Digital -камэраў...

Тацяна Мірановіч. Палёты над возерам. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007.
Тацяна Мірановіч. Палёты над возерам. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007.


Здымак атрымаў «прыз тыдня» і ўвайшоў у «дзясятку» лепшых.

Алесь Ваўчок. Мэмарыяльны знак у гонар перамогі пад Грунвальдам (адсюль Вітаўт з войскам рушылі на захад). Гародня, Калоская царква (на другім пляне). Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007.
Алесь Ваўчок. Мэмарыяльны знак у гонар перамогі пад Грунвальдам (адсюль Вітаўт з войскам рушылі на захад). Гародня, Калоская царква (на другім пляне). Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007.



Шчыра кажучы, я крышачку настальгую па сёньня, кожны здымак ды нечым мне дарагі. Як і сам аўтар. Гэта было вялікае сьвятло Беларусі, адкрыцьцё далячыняў, дарог, цікавостак-куткоў, абрысаў, зьяў, культавых збудаваньняў. А хіба толькі здымак! Аўтары прынялі хвалю Свабоды і дзяліліся пачуцьцямі да Айчыны, Бацькаўшчыны, дапаўняючы сучасныя адлюстраваньні сямейна-альбомнымі сканамі, дамашнімі рэліквіямі, гісторыямі і прызнаньнямі...

Ева Гілевіч. Букет і ровар. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007
Ева Гілевіч. Букет і ровар. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007


Сёньня ровар з нумарам на блотніку, як гэта бачым на здымку, — поўны рарытэт.

Кася Штырліц. Сонца. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007
Кася Штырліц. Сонца. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007


Падаецца, фотаконкурс «Мая Беларусь», калі параўноўваць зь сёньняшнім, быў добрым пачаткам фотавыяўленьня беларускай візуальнай прасторы сродкамі вольнадаступнай спаборнасьці, ганараваньня і заахвочаньня. Прыемна, што гэты пачатак мае працяг.

Данік Нясьвіскі. Напісанае застанецца. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007
Данік Нясьвіскі. Напісанае застанецца. Фотаконкурс «Мая Беларусь», 2007


Гэтую гаражную сьцяну ў Нясьвіжы побач гарадзкога стадыёна можна бачыць і сёньня, калі кіруеш у Радзівілаўскі палацавы комплекс. Яна зьлева набярэжнае дамбы і ўезнае брамы. Хто ведае, магчыма, у блізкай будучыні той сьцёрты надпіс, паводле фатаграфіі, будзе адноўлены...

Пяць здымкаў ад вядучага, або Сындром прыкарытнай мэліярацыі

У 90-я гады кліматоляг прафэсар Уладзімер Логінаў сказаў мне прыкладна так: «Калі чалавек ня будзе ўмешвацца, а перачакае спакойна ўбаку, празь дзясяткі гадоў на месцы мэліяраваных і каналізаваных „аб’ектаў“ зноў пацякуць зьвілістыя маляўнічыя рэчкі».

Днямі я наведаўся ў стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, каб засьведчыць так званую «паўторную мэліярацыю» рэчкі Гавязьнянкі, што зазнала гвалт у 60-я і была цалкам каналізаваная, бадай, зьнішчаная. Аднак за паўстагодзьдзя ў асобных месцах яна паўстала, на берагі вярнулася біялягічная разнастайнасьць, прырода пачала ачуньваць, набіраць СВАЮ СІЛУ — дзякуючы бабрам, асталявалася вільгаць, паболела мокрых асаковых мясьцінак, у лузе заярчэў разназёл, аднавіўся белакапытнік, сям там рачулка нават запятляла. Усе гэтыя гады я назіраў і параўноўваў: неверагодна! — прагноз прафэсара пачаў збывацца...

Мая першая маленькая справаздача з месца гвалту і экалягічнага зьдзерства.

«Незалежнасьць — гэта... калі на тваім балоце ня сноўдаецца бульдозэр, і экскаватар ня пляжыць тваё асаковае ўрочышча, і вада з тваіх нетраў-нізінаў не спускаецца ў далёкае мора».

Вёска Пагарэлае. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.
Вёска Пагарэлае. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.



Спадарыня Яніна: «Яшчэ два гады таму тут стаяў драўляны вадзяны млын. Гэта быў помнік нашым дзядам і прадзедам. У два паверхі, такі прыгажун! Мы на яго маліліся, а калі пачалі разьбіраць, спрабавалі ратаваць, каб ня рушылі. Надта ж некаму спатрэбілася яго разабраць... А цяпер, во, другая ці трэцяя мэліярацыя, усё не ўтаймуюцца, муцяць нашу ваду».

У ваколіцах вёскі Паласьня. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.
У ваколіцах вёскі Паласьня. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.



Выбіраецца дно з рачным пяском, жвірам, водарасьцямі, бабровымі плацінамі і хаткамі, рыбай ды інш. Ачунялая рачулка зноў ператвараецца ў карыта і «аб’ект».

«Спрадвеку тут былі багатыя сенакосы. І гэтае месца звалі „урочышча Палясьня“, безь ніякай мэліярацыі людзі набіралі тут сотнямі вазы сена. Ехалі з-пад Стоўпцаў і з-пад Нясьвіжа, касілі і бралі» — пасьведчылі мясцовыя жыхары.

У ваколіцах вёсак Перакопаўшчына і Крамец. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.
У ваколіцах вёсак Перакопаўшчына і Крамец. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016.



Я стаю сьпінай да Нёмана, нас разьдзяляюць лічаныя кілямэтры. Перада мной — наўзвоч — прадукт псэўдатэорый, д’ябальскай дэмагогіі і бюджэтных маніпуляцый. На двары «глябальнае пацяпленьне», зьбядненьне прыроднай разнастайнасьці, экалягічны ды эканамічны крызыс, наступствы Чарнобыля і хімічнай вайны... — і гэтае жудаснае карыта: бяжы, вада, у самае мора!

Сярэдзіна басэйна Гавязьнянкі. Ваколіцы вёсак Вішнявец і Ахрэмавічы. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, 2011
Сярэдзіна басэйна Гавязьнянкі. Ваколіцы вёсак Вішнявец і Ахрэмавічы. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, 2011


Сюды пакуль не дайшлі каналаачышчальнікі. Лёгка ўявіць, які фронт работы знайшлі тут сабе заўзятары прыкарытнай мэліярацыі.

«Незалежнасьць — гэта... адлегласьць ад гвалту і небясьпекі». Балотны шуляк у мэліяраванай пойме рэчкі Гавязьнянкі. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016
«Незалежнасьць — гэта... адлегласьць ад гвалту і небясьпекі». Балотны шуляк у мэліяраванай пойме рэчкі Гавязьнянкі. Стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, чэрвень 2016



Увагі

Наступны выпуск-агляд плянуем 16 ліпеня; каб патрапіць у наступную галерэю, дасылайце працы да серады 13 ліпеня ўлучна.

22 жніўня мы вымем з фотаскрыні нашага конкурсу апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі ІІ туру.

Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаны ў галерэі) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, паклапаціцеся наперад. Загадзя ўдзячны.

Жадаю купальскага сьвятла і плённага лета!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG