Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 фактаў пра зборную Ісьляндыі — галоўны цуд чэмпіянату Эўропы


Свабода сабрала 8 фактаў пра футбольную зборную Ісьляндыі, якая стала галоўнай сэнсацыяй чэмпіянату Эўропы па футболе ў Францыі.

Ісьляндыя ўпершыню ў сваёй гісторыі ўдзельнічае ў чэмпіянаце Эўропы і з першай спробы трапіла ў 1/4 фіналу, абыграўшы перад тым аднаго з фаварытаў Эўра-2016 зборную Англіі. Сёньня ўвечары Ісьляндыя гуляе ў чвэрцьфінале са зборнай Францыі.

8 % жыхароў Ісьляндыі зараз знаходзяцца ў Францыі

У Францыю падтрымаць сваю зборную прыехалі каля 27 тысяч жыхароў Ісьляндыі. Улічваючы, што ў Ісьляндыі пражываюць усяго 330 тысяч чалавек атрымліваецца, што ў Францыю прыехалі больш за 8 % усіх ісьляндцаў.

Матч 1/8 фіналу, у якім Ісьляндыя перамагла Англію, агулам паглядзелі 94% усіх жыхароў краіны ва ўзросьце ад 10 да 80 гадоў.

Прэзыдэнт — шараговы заўзятар

Прэзыдэнт Ісьляндыі Гвюдні Ёўханэсан заявіў, што будзе глядзець матч 1/4 фіналу паміж Ісьляндыяй і Францыяй не ў VIP-пакоі, а ў сэктары заўзятараў.

«Навошта мне сядзець у VIP-пакоі, пацягваючы шампанскае, калі я магу зрабіць гэта ў любой кропцы сьвету? Не, я буду на трыбунах з фанатамі і надзену сваю футболку зборнай Ісьляндыі», — сказаў Ёўханэсан.

Трэнэр — стаматоляг

Адзін з двух галоўных трэнэраў зборнай Хэймір Хальгрымсан — стаматоляг. Да таго, як яны з Ларсам Лагербеком узначалілі зборную ў 2011 годзе, практыкаваў, а па вечарах трэніраваў мясцовы футбольны клюб. Цяпер, вядома, аб сумяшчэньні двух спэцыяльнасьцяў гаворка не ідзе, хаця для Ісьляндыі гэта практыка цалкам звычайная.

Брамнік — рэжысэр

Асноўная прафэсія брамніка зборнай Ісьляндыі Ханэса Тора Хальдарсана — рэжысэр. Футбаліст зьняў рэкляму ёгуртаў і ісьляндзкіх авіяліній, а таксама некалькі дакумэнтальных стужак. У 2012 годзе Хальдарсан ставіў нумар ісьляндзкага выканаўца на Эўрабачаньні.

Капітан — гандбаліст

Цяперашні капітан зборнай Ісьляндыі 27-гадовы Аран Гунарсан да 15 гадоў займаўся гандболам і лічыўся ўзыходзячай зоркай гэтага віду спорту. Як сам ён патлумачыў журналістам, выбраць іншы від спорту ён вырашыў таму, што ў футболе ёсьць «больш магчымасьцяў зарабіць на добрае жыцьцё».

Дарэчы, старэйшы брат Гунарсана — прафэсійны гандбаліст, гуляе ў Нямеччыне.

Эмацыйны камэнтатар

Ісьляндыя праславілася на гэтым Эўра-2016 ня толькі сваімі футбалістамі, але і 41-гадовым камэнтарам Гудмундурам Бэнэдыктсанам. Пасьля перамогі над камандай Аўстрыі ён гэтак эмацыйна сьвяткаваў посьпех, што сарваў голас — рэакцыя ісьляндзкага камэнтатара імгненна зрабілася хітом Інтэрнэту.

Вось як Бэнэдыктсан апісвае пачуцьці пасьля другога голу Ісьляндыі:

«Я проста страціў галаву. Арганізм як быццам пачаў працаваць са збоямі. Гэта быў адзін з тых момантаў, калі ты наогул сябе не кантралюеш. Гэта значыць, я чуў сябе, разумеў, што кажу, што гэта мой голас, але я ўвогуле не ўсьведамляў, што менавіта я кажу. Гэта было вар’яцтва. Я марыў пра такі момант з самага дзяцінства, але ў часе маёй кар’еры Ісьляндыя нават не была блізкая да выхаду ў фінальную частку Эўра або Чэмпіянату сьвету. А цяпер я бачу, як увасабляецца мара».

Зборная Ісьляндыі каштуе ў 2,5 таньней за Раналду

Як падлічылі спартовыя журналісты, агульны трансфэрны кошт усіх футбалістаў зборнай Ісьляндыі складае 44 мільёна эўра.

У зборнай Англіі, якую ісьляндцы перамаглі ў 1/8 фіналу, столькі каштуе толькі адзін форвард — Харры Кэйн (які дарэчы не забіў ніводнага гола на Эўра-2016). А, напрыклад, футбаліст зборнай Партугаліі Крыштыяну Раналду каштуе ў 2,5 разы больш, чым усе футбалісты ісьляндзкай каманды. Дарэчы, на групавым этапе Партугалія згуляла з Ісьляндыяй унічыю 1-1.

Каманда легіянэраў

Рагнар Сігурдсан

Рагнар Сігурдсан

У зборнай Ісьляндыі няма ніводнага футбаліста з нацыянальнага чэмпіянату. Усе яны выступаюць за мяжой, па ўсёй Эўропе — напрыклад, абаронца Рагнар Сігурдсан гуляе за расейскі клюб «Краснадар».

Найбольш вядомы ісьляндзкі футбаліст — 37-гадовы Эйдур Гудьёнсан, які ў свой час гуляў у такіх камандах як «Чэлсі» і «Барселона».

Дарэчы, Гудьёнсан зьяўляецца сааўтарам аднаго з самых арыгінальных рэкордаў — 24 красавіка 1996 года ў складзе зборнай Ісьляндыі ён выйшаў на замену замест Арнора Гудьёнсана, які даводзіцца яму родным бацькам. Гэта быў першы выпадак у гісторыі футбола, калі бацька і сын прымалі ўдзел у адным міжнародным матчы.

XS
SM
MD
LG