Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Элі Візэль, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, гуманіст і асьветнік


У Бостане ва ўзросьце 87 гадоў памёр Элі Візэль, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, амэрыканскі і францускі габрэйскі пісьменьнік, журналіст, грамадзкі дзеяч, прафэсар. Былы вязень нацысцкіх канцлягераў, ён стаў вядомым прапагандыстам ведаў пра Галакост.

У 1985 году Элі Візэль быў узнагароджаны Залатым медалём Кангрэсу ЗША. Таксама ён адзначаны многімі іншымі ўзнагародамі за сваю літаратурную, грамадзкую і асьветніцкую дзейнасьць.

У 1965 году Элі Візэль зьезьдзіў у Савецкі Саюз, каб вывучыць становішча габрэяў у СССР. Пад уражаньнем ад убачанага і пачутага на сустрэчах з тысячамі грамадзян СССР ён напісаў кнігу «Габрэі маўчаньня», у якой заклікаў міжнародную грамадзкасьць дапамагаць габрэям СССР, пратэставаць супраць палітыкі савецкіх уладаў.

Элі Візэль актыўна ўдзельнічаў у міжнародных форумах, дзяліўся сваімі ведамі і перакананьнямі. Дзесяць гадоў таму, у Празе, у дні працы «Форуму-2000» (заснаванага Вацлавам Гаўлам) яму задалі пытаньне: ці трэба для таго, каб стаць абаронцам правоў чалавека, прайсьці праз уласныя пакуты? Элі Візэль адказаў: «Я выкладчык, а ня толькі пісьменьнік. Я вучу студэнтаў. Зусім не лічу, што да разуменьня каштоўнасьцяў правоў чалавека маладыя людзі павінны прыйсьці шляхам уласных пакут. Я хачу, каб мае вучні абаранялі правы чалавека, таму што на зямлі іншыя людзі пакутуюць. Вось гэтых іншых і трэба абараняць ад бяспраўя. Таму што ў большасьці тых, хто пакутуюць, няма ні ведаў, ні магчымасьці абараніць сябе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG