Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР дапытала Гілары Клінтан аб яе электроннай перапісцы


Гілары Клінтан была дапытаная Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў у пытаньні аб выкарыстаньні ёю асабістага паштовага сэрвэра ў бытнасьць дзяржаўным сакратаром ЗША. Як паведамляе агенцтва Associated Press, сьледчыя ФБР завяршаюць вывучэньне матэрыялаў у рамках расьсьледаваньня, вынікі якога могуць паўплываць на выбарчую кампанію Клінтан.

Допыт Клінтан, у якім яна ўдзельнічала добраахвотна, праходзіў раніцай у суботу ў штаб-кватэры ФБР у Вашынгтоне. Афіцыйны прадстаўнік Клінтан заявіў журналістам, што яна задаволеная магчымасьцю садзейнічаць Міністэрству юстыцыі ў завяршэньні расьсьледаваньня і выпрацоўцы высноваў. Па словах прадстаўніка Клінтан, «паважаючы сьледзтва, яна ня будзе камеэнтаваць праведзены допыт».

Як адзначае Associated Press, допыт Гілары Клінтан, прэтэндэнта на намінацыю кандыдатам у прэзыдэнты ЗША, быў чаканай падзеяй. Некаторыя экспэрты лічаць верагоднасьць крымінальнага перасьледу палітыка малаверагоднай. Правядзеньне допыту можа азначаць, што расьсьледаваньне, якое вялося Міністэрствам юстыцыі на працягу году, набліжаецца да завяршэньня. Аднак, сам факт расьсьледаваньня ўяўляе сабой «значную рызыку» для Дэмакратычнай партыі, паколькі да фармальнага прызначэньня Клінтан кандыдатам на пост прэзыдэнта ЗША застаюцца лічаныя тыдні.

Дональд Трамп, меркаваны кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, у сваіх перадвыбарчых выступах неаднаразова зьвяртаўся да пытаньня аб паштовай перапісцы Клінтан і паўтараў, што расьсьледаваньне «гісторыі з імэйламі» ставіць пад сумнеў «прыдатнасьць» Клінтан для пасады прэзыдэнта. Трамп назваў свайго галоўнага апанэнта «Гілары-падманшчыца» і заявіў, што ёй нельга будзе давяраць, апыніся яна ў Белым доме.

XS
SM
MD
LG