Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень вышыванкі ў Баранавічах: глуханямыя прапаноўвалі расейскія сьцяжкі


Каля 20 грамадзкіх актывістаў сабраліся ў Баранавічах на плошчы ў вопратцы з нацыянальным арнамэнтам, каб адзначыць Дзень вышыванкі.

На плошчы каля кінатэатру быў усталяваны стэнд з інфармацыяй, што 2 ліпеня ў Беларусі абвешчаны Днём вышыванкі.


Актывісты віншавалі з гэтым сьвятам мінакоў і раздавалі стужкі з арнамэнтам. Унукі баранавіцкага актывіста Міколы Чарнавуса Андрэй і Павал гралі мэлёдыі на саксафоне і скрыпцы.

Унукі Міколы Чарнавуса граюць на саксафоне і скрыпцы

Унукі Міколы Чарнавуса граюць на саксафоне і скрыпцы


У нацыянальных строях прыйшлі людзі рознага ўзросту. Хто ня меў вышыванак, мог пачапіць на вопратку стужку.

Акцыя адбылася зь ініцыятывы баранавіцкіх сябраў руху «За свабоду», якія вырашылі далучыцца да афіцыйнага сьвяткаваньня Дня вышыванкі.


«У дэмакратычным руху я з 1988 году. І можна было б ужо зьняверыцца, што за столькі гадоў мы нічога не дамагліся, — кажа каардынатар Руху па Баранавічах Уладзімер Гундар. — А сёньняшняе сьвята даказвае адваротнае — тое, што мы робім, мае плён. Мы пачулі, што начальнік нашай дзяржавы абвясьціў сьвята Дзень вышыванкі, яно будзе адзначацца штогод 2 ліпеня. У нас зь Юрыем Казакевічам узьнікла ідэя, што трэба падтрымаць. Калі дзяржава робіць гэта на карысьць беларускаму народу, на карысьць адраджэньня беларускай нацыі, умацаваньня беларускай дзяржаўнасьці, то мы гэта будзем толькі вітаць і пашыраць».

Мінакоў частавалі вішнямі

Мінакоў частавалі вішнямі

У часе акцыі на плошчу прыйшлі таксама людзі, якія жэстамі тлумачылі, што яны глуханямыя. Двое зь іх прапаноўвалі мінакам набываць дзяржаўныя чырвона-зялёныя і расейскія сьцягі. Яны спрабавалі прапанаваць гэтую сымболіку нават удзельнікам Дня вышыванкі, але сышлі пасьля адмовы.


Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, толькі двое супрацоўнікаў у цывільным здымалі прысутных на відэакамэру. Напрыканцы актывісты падышлі ды павіншавалі іх зь Днём вышыванкі.


Дзень вышыванкі адбываўся на плошчы ў Баранавічах упершыню. Але баранавіцкія актывісты раней неаднаразова ладзілі вышыванкавыя фэсты на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русіне.

XS
SM
MD
LG