Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд правялі па-беларуску, але скаргу БНФ не здаволілі


Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў

Гарадзенскі абласны суд не здаволіў скаргу Сойму БНФ на рашэньне сумеснай камісіі Гарадзенскага аблвыканкаму і прэзыдыюму абласнога савету аб неўключэньні дваіх сябраў партыі ў склад акруговых выбарчых камісій.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў у судзе, што прадстаўнікоў БНФ (у Горадні — Эдуарда Дзьмухоўскага і ў Слоніме — Віталя Ешану) не ўключылі ў склад акруговых камісій. Патлумачылі гэта тым, што яны, маўляў, мелі адміністрацыйныя спагнаньні.

Паводле Саранчукова, выбарчы кодэкс не прадугледжвае, каб за гэта чалавека маглі не ўключыць у склад выбаркаму. Ён патрабаваў перагледзець рашэньне ўладных структураў.

Акрамя гэтага, прадстаўнік БНФ хадайнічаў, каб у судзе яму патлумачылі, на падставе аналізу якіх фактаў прымалася рашэньне аб уключэньні таго ці іншага сябра ў склад камісіі.

— Я сам быў падчас фармаваньня камісій, і адзін факт мяне ўразіў. Прадстаўнік аблвыканкаму, які зачытваў прозьвішчы кандыдатаў і даведку аб іх, у канцы свайго выступу казаў: аблвыканкам рэкамэндуе гэтага чалавека ў склад камісіі, альбо не рэкамэндуе. І ва ўсіх выпадках галасавалі так, як рэкамэндуе аблвыканкам. Таму мне цікава найперш, на аналізе якой інфармацыі прадстаўнік аблвыканкама рабіў такія прапановы, і наколькі яны былі абавязковыя для сябраў сумеснага пасяджэньня аблвыканкаму і прэзыдыюму Савету.

Прадстаўнік аблвыканкаму Сяргей Хацук патлумачыў у судзе, што падобны аналіз праводзіўся субʼектыўна на падставе тэлефанаваньняў да кандыдатаў і ня быў абавязковым для тых, хто прымаў рашэньне. Кандыдатуры абіраліся шляхам галасаваньня пры роўных умовах. А довады Саранчукова, маўляў, ня болей чым домыслы.

Падчас дасьледаваньня пісьмовых дакумэнтаў у судзе былі прадстаўлены пратаколы розных грамадзкіх арганізацый па вылучэньню сваіх сябраў кандыдатамі ў склад акруговых камісій. Саранчукоў выявіў, што ў некаторых зь іх была парушана працэдура вылучэньня, у прыватнасьці ў дакумэнтах ад Беларускай арганізацыі Чырвонага крыжа.

— У мяне вялікія сумневы да вылучэнцаў, паколькі ў пратаколе запісана, што з 20 сябраў кіруючага органу на сходзе, які вылучаў кандыдатаў прысутнічалі толькі 10 чалавек. А гэта сьведчыць аб тым, што не было кворуму, а значыцца вылучэнцы па ўсёй краіне ад гэтае арганізацыі падалі неадпаведныя заканадаўству дакумэнты. Яшчэ дзьве арганізацыі парушылі выбарчае заканадаўства падчас вылучэньня сваіх кандыдатаў у акруговыя камісіі. Выбарчы кодэкс дакладна рэглямэнтуе, якія дакумэнты павінны быць прадстаўлены для вылучэньня кандыдатамі ў акруговыя камісіі, і да іх існуе сьпіс патрабаваньняў. Прадстаўнікі Беларускага саюзу жанчынаў, а таксама вэтэранскай арганізацыі прадставілі копіі і выпіскі з пратаколаў, а не арыгіналы дакумэнтаў. Парушэньне працэдуры — відавочнае, і гэтыя кандыдаты наагул не павінны былі разглядацца падчас фармаваньня камісій. І гэта ў той час, калі дакумэнты Партыі БНФ цалкам адпавядалі патрабаваньням, але нашым кандыдатам было адмоўлена.

Аднак, прадстаўнік аблвыканкаму заявіў, што прадстаўленыя дакумэнты вышэйназванымі арганізацыямі цалкам адпавядаюць заканадаўству, больш таго, гэтыя кандыдаты вылучаліся некалькімі грамадзкім арганізацыямі і шляхам збору подпісаў. А патрабаваньні Саранчукова, маўляў, — ня болей чым домыслы, без спасылак на канкрэтныя артыкулы закона.

Пазыцыю прадстаўнікоў улады заняла і пракурор Дзятчэня, якая скептычна паставілася да довадаў прадстаўніка БНФ і заклікала суд не зьвяртаць на іх увагі.

Суд вынес рашэньне: скаргу Сойму Партыі БНФ пакінуць без здавальненьня.

Вадзім Саранчукоў зазначыў у інтэрвію Свабодзе, што гэтае рашэньне палітычна матываванае:

— Я не атрымаў адказу на свае пытаньні ў судзе, рашэньне вынесена не па нормах права. Праўда, мушу сказаць, што ўпершыню адчуваў сябе ў судзе камфортна, дзякуючы таму, што працэс па-сапраўднаму вёўся на беларускай мове.

Раман Юргель

Раман Юргель

Праваабаронца Раман Юргель сказаў, што не чакаў адкрыць у судзе столькі недахопаў і недарэчнасьцяў у справе вылучэньня кандыдатаў у сябры акруговых камісій.

— Гэта відавочна палітычная справа, і зразумела, што суды ў такіх выпадках заўсёды прымаюць бок улады. Але мне цяпер яшчэ больш зразумела, колькі рознага кшталту «такіх памылак» улада дапусьціць у далейшым, і гэта ізноў застанецца беспакараным.

У інтэрвію Свабодзе Эдуард Дзьмухоўскі пракамэнтаваў рашэньне суду:

Эдуард Дзьмухоўскі

Эдуард Дзьмухоўскі

— Што мне думаць? Да мяне тэлефанаваў нейкі чалавек з аблвыканкаму, цікавіўся, чаму я не працую? Я яго папрасіў дапамагчы мне ўладкавацца, паколькі зьяўляюся з адукацыі гісторыкам, а на працу нідзе не бяруць. А другі аргумэнт, што мне прыпісалі хуліганку, але ніхто не пацікавіўся, за што былі адміністрацыйныя спагнаньні. За тое, што паехаў ушаноўваць у Сьвіслач памяць паўстанцаў Каліноўскага пад бел-чырвона-белым сьцягам, бараніў свой раён, каб не вырубалі зялёных дрэваў, выступаў за тое, каб у горадзе не цкавалі навучаньня на польскай мове. Вось за гэта мяне зрабілі хуліганам. Мне ад пачатку, у прынцыпе, было ўсё зразумела, і на іншае я не спадзяваўся.

Судовае паседжаньне праводзілася ўпершыню ў абласным судзе Горадні па-беларуску. Прычым, судзьдзя Ігар Ярмак цудоўна валодае беларускай літаратурнай мовай. Па-беларуску выступала і пракурор Дзятчэня, а прадстаўнікі аблвыканкаму і прэзыдыюму аблсавету адказвалі па-расейску.

З трох вылучаных ад Партыі БНФ кандыдатаў у выбарчыя акруговыя камісіі ў Гарадзенскай вобласьці быў уключаны толькі адзін, а з 159 зацьверджаных сябраў акруговых камісій толькі пяцёра прадстаўляюць дэмакратычныя партыі і рухі.

XS
SM
MD
LG