Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэнамінацыя: колькі беларусы змогуць цешыцца малымі сумамі


За апошнія 25 гадоў дэнамінацыю тройчы зрабілі ў сьвеце толькі дзьве краіны: Беларусь і Зымбабвэ. Зымбабвэ ужо стамілася нешта рабіць у сваёй фінансавай сфэры, і ў апошнюю дэнамінацыю яны проста перайшлі на амэрыканскі даляр.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней.


Карбалевіч: 1 ліпеня — першы дзень дэнамінацыі, якая працягнецца паўгода, да 31 сьнежня. Цягам гэтых месяцаў у краіне будуць абарачацца старыя і новыя грошы. Гэта трэцяя дэнамінацыя ў гісторыі незалежнай Беларусі. Раней дэнамінацыі былі ў 1994 і 2000 гадах. І гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па тэмпах інфляцыі. Гэта яшчэ адзін штрых да агульна нядобрай карціны эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. Новыя грошы былі надрукаваныя ў 2009 годзе, але ня ўводзіліся празь вялікую інфляцыю. Чакалі, што спачатку трэба зьбіць інфляцыю, а потым уводзіць новыя грошы. І вось толькі цяпер падумалі, што прыйшоў час.

Няма сумневу, што дэнамінацыя аб’ектыўна насьпела і нават перасьпела. Працаваць з грашыма, дзе вялікая колькасьць нулёў проста нязручна і суб’ектам гаспадараньня, і фізычным асобам, асабліва калі гаворка ідзе пра вялікія сумы.

Няма сумневу, што дэнамінацыя аб’ектыўна насьпела і нават перасьпела.

Першы час ужо адбываюцца і яшчэ нейкі час будуць адбывацца пэўныя збоі ў працы банкаў, банкаматаў, былі чэргі каля банкаматаў. Пэўная нязручнасьць, якая ўзьнікне з-за таго, што паўгоду будуць паралельна хадзіць старыя і новыя грошы, будзе толькі раздражняць людзей.

У сэнсе грашовых наміналаў і цэнаў краіна вяртаецца да савецкіх часоў. Старэйшае пакаленьне можа параўноўваць тагачасныя і цяперашнія цэны.

Адно з наступстваў дэнамінацыі — непазьбежны рост цэнаў. Бо калі адбываецца акругленьне, то яно абавязкова робіцца ў бок павышэньне.

Суб’ектам гаспадараньня давядзецца траціць рэсурсы на пераналадку кампутарных праграм.

Калі гадавая інфляцыя і далей будзе выражацца двухзначнымі лічбамі, то хутка зноў зьявяцца новыя нулі і капейкі ўжо і не спатрэбяцца.

Але глябальная праблема ў тым, што калі гадавая інфляцыя і далей будзе выражацца двухзначнымі лічбамі, то хутка зноў зьявяцца новыя нулі і капейкі ўжо і не спатрэбяцца. Нацбанк запэўнівае, што інфляцыя будзе зьніжацца. Пяцігадовым плянам прадугледжана, што ў 2020 годзе інфляцыя будзе на ўзроўні 5%. Думаю, калі Нацбанк будзе праводзіць такую, як цяпер жорсткую манэтарную палітыку, то гэта рэальныя пляны.

Але ці ўдасца гэта зрабіць? Бо маем трывожныя сымптомы на фінансавым рынку. Вось падае абменны курс беларускага рубля, даляр перасягнуў мяжу ў 20 тыс. беларускіх рублёў.

З пачатку году аб’ём праблемных актываў вырас ужо на 86,2%, дасягнуўшы памеру 12,44% на 1 чэрвеня. Гэта гістарычны максымум для беларускай банкаўскай сыстэмы. То бок, гаворка ідзе пра тое, што суб’екты гаспадараньня ўзялі ў банку крэдыты і ня могуць вярнуць іх у патрэбны тэрмін. Прытым рост працягваецца кожны месяц. Нацбанк прагназуе рост і ў далейшым, канстатуе, што хуткага рашэньня гэтай праблемы няма, хоць і завярае, што сытуацыя апанаваная.

Глод: Я хачу, як у лёгкай атлетыцы, падхапіць эстафэтную палачку ад Валера Карбалевіча і працягнуць тое, чым ён скончыў свае разважаньні. А менавіта, рост праблемных актываў, які дасягнуў гістарычнага максымуму для беларускай банкаўскай сыстэмы. Гэта вельмі небясьпечны працэс. І праводзіць дэнамінацыю ў такі час, як мне падаецца, справа рызыкоўная.

Мы фактычна сутыкнуліся з тым, што ў выніку эканамічнага крызісу ў Беларусі нарастае крызіс неплацяжоў. Памер крэдыторскай запазычанасьці прадпрыемстваў за чатыры месяцы ад пачатку году (больш сьвежых афіцыйных дадзеных пакуль няма) склаў каля 800 трыльёнаў рублёў. Калі прадпрыемствы бяруць пазыкі, і своечасова іх не вяртаюць, дык адкуль жа можа быць стабільнасьць у фінансавым сэктары?

Прытым і афіцыйная статыстыка гэта пацьвярджае, запазычанасьць расьце і перад унутранымі крэдыторамі, і перад замежнымі. Куды ні кінь, беларускія прадпрыемствы і арганізацыі вінныя грошай. Найбольшую колькасьць пазыкаў набраў і найгорш іх вяртае аграпрамысловы сэктар. У гэтым лёгка пераканацца самому, калі схадзіць на Камароўскі рынак. Там беларускія памідоры каштуюць столькі ж, колькі ўкраінскія і польскія.

Лукашэнка можа скарыстаць увядзеньне новых грошай як сродак не сьпяшацца з увядзеньнем агульнай валюты ў межах так званай саюзнай дзяржавы і Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Найбольшая запазычанасьць у беларускіх прадпрыемстваў назіраецца за паліўна-энэргетычныя рэсурсы. Як паказвае статыстыка, энэргетыкам ня плацяць многія прадстаўнікі рэальнага сэктару: мэталюргічныя прадпрыемствы, заводы машынабудаваньня, сельгасарганізацыі.

З іншага боку, грошы людзям, якія працуюць на такіх прадпрыемствах, досыць спраўна выплачваюць. Меней чым раней, але ж усё роўна плацяць. Калі зноўку зьвярнуцца да афіцыйнай статыстыкі, то пратэрмінаваная запазычанасьць па заработнай плаце складае сёньня ў Беларусі меней за 1 працэнт фонду аплаты працы. Адкуль бяруцца грошы на заробкі? Там, дзе справы дрэнныя — пераважна за кошт новых банкаўскіх крэдытаў. А гэта непасрэдны шлях для падвышэньня інфляцыі.

Паглыбленьне праблем у рэальным сэктары, рост неплацяжоў могуць стварыць сур’ёзныя праблемы для банкаў. А за банкамі, як вядома, стаяць укладчыкі. І гэта вельмі небясьпечная сытуацыя. Можа, таму Лукашэнка асабіста скараціў тэрміны пачатку пераходу на новыя грошы.

Да таго ж Лукашэнка можа скарыстаць увядзеньне новых грошай як сродак не сьпяшацца з увядзеньнем агульнай валюты ў межах так званай саюзнай дзяржавы і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Бо страта кантролю над грашыма — гэта страта ўлады.

Карней: Падаецца, калі глядзець староньнім поглядам, то дэнамінацыя — гэта спосаб супакоіць насельніцтва. Бо сапраўды яна ня тое што насьпела, а перасьпела. Вось ёсьць такая параўнальная статыстыка за апошнія 25 гадоў, фактычна ад моманту незалежнасьці Беларусі. Дэнамінацыю тройчы зрабілі ў сьвеце толькі дзьве краіны: гэта Беларусь (з улікам сёлетняй) і Зымбабвэ. Зымбабвэ ужо стамілася нешта рабіць у сваёй фінансавай сфэры, і ў апошнюю дэнамінацыю яны проста перайшлі на амэрыканскі даляр.

У выніку трох дэнамінацый страцілася восем нулёў, першы раз — адзін, другі раз — тры, зараз — чатыры.

Беларусь пакуль яшчэ спрабуе сваю сыстэму захаваць, і мэтадам «адразаньня» нулёў прывесьці ўсё да ўзроўню цывілізаванага. У выніку трох дэнамінацый страцілася восем нулёў, першы раз — адзін, другі раз — тры, зараз — чатыры. Калі паглядзець на агульную карціну сярэдняга заробку па Беларусі, які цяпер вагаецца крыху больш за 7 мільёнаў рублёў літаральна да ўчорашняга дня, то з улікам папярэдніх працэдур заробак быў бы 71 мільярд. То бок гэта ні ў якія вароты ня лезе, гэта тая самая сытуацыя, што ў Зымбабвэ. Таму вось гэтае «адразаньне» нулёў у нейкім сэнсе і апраўданае. Сапраўды сытуацыя дайшла да абсурду. Асабліва на ўзроўні прадпрыемстваў: для бухгальтэрыі гэта нейкая забойчая арытмэтыка.

Наколькі хопіць новаўвядзеньняў, колькі беларусы яшчэ могуць радавацца малым сумам? Гэта пытаньне рытарычнае, бо сёньняшнія эканамічныя ўмовы ня вельмі спрыяюць таму, каб гаварыць, што гэта захаваецца ў доўгатэрміновым парадку — інфляцыя, неплацяжы, як юрыдычных, так і фізычных асобаў, вялікія нязручнасьці для пэўных групаў гаспадарнікаў, напрыклад, прадпрымальнікі наракаюць, што перабудова на новыя рэйкі цягне вялікія выдаткі для іх, бо тыя ж касавыя апараты трэба мяняць — 100 да 200 даляраў, плюс праграмнае забесьпячэньне і абслугоўваньне. Натуральна, дзяржава ў гэтым сэктары ніякай падтрымкі не аказвае. Ну і спажывецкі фактар: калі малыя сумы, то ня так зьвяртаеш увагу на выдаткі. Гэта мы ведаем, калі выяжджаем за мяжу: здаецца, ну што там два эўра. Гэта справа часу, якая патрабуе прызвычайваньня.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG