Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада ААН працягнула мандат спэцдакладчыка па Беларусі. Чаму гэта важна


Рада ААН у правах чалавека працягнула мандат спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вугорскага дыплямата Міклаша Харасьці яшчэ на год.


Рада ў правах чалавека ўхваліла рэзалюцыю, у якой ухваляюцца пазытыўныя крокі, зробленыя Беларусьсю, але ў той жа час адзначаецца, што сытуацыя з правамі чалавека па-ранейшаму патрабуе паляпшэньня.

Рада, у прыватнасьці, адзначыла катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў турмах, адсутнасьць рэакцыі з боку ўраду Беларусі да выпадкаў гвалтоўнага зьнікненьня палітычных апанэнтаў, беспакаранасьць асоб, якія парушаюць правы чалавека, парушэньне правоў працоўных, выпадкі прымусовай працы, значныя прабелы ў антыдыскрымінацыйным заканадаўстве, ціск на адвакатаў і адсутнасьць апазыцыйных палітычных партый у парлямэнце.

Рада заклікала ўрад Беларусі перагледзець заканадаўства і прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнародным правам, а таксама са сваімі забавязаньнямі ў галіне правоў чалавека, а не празьмерна абвяжоўваць гэтыя правы, уключаючы права на свабоду перакананьняў і іх свабоднае выказваьнне, права на свабоду мірных сходаў і на свабоду асацыяцыяў, у тым ліку права ствараць і ўступаць у прафсаюзы, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі.

Рада таксама асудзіла практыку ўжываньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, заклікала рэфармаваць заканадаўства, каб гарантаваць незалежнасьць судовая сыстэмы.

Рада вітала вызваленьне палітзьняволеных і заклікала Беларусь да аднаўлення былых палітвязьняў у іх грамадзянскіх і палітычных правах.

Рада пастанавіла падоўжыць мандат Спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі яшчэ на адзін год, і заслухаць ягоную справаздачу па сытуацыі ў Беларусі на 35-й сэсіі Рады і 72-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Якое значэньне для Беларусі мае гэтая пасада?

Супраць рэзалюцыі прагаласавалі 9 краінаў: Балівія, Бурундзі, Кітай, Куба, Індыя, Нігерыя, Расея, Вэнсуэла, Віетнам.

Як раней стала вядома, нягледзячы на зьняцьце санкцый, ініцыяваў рэзалюцыю аб працягу мандата спэцдакладчыка ААН па Беларусі Эўразьвяз. Пра гэта БелаПАН заявіў адзін з дыпляматаў ЭЗ, якія працуюць у Радзе ААН па правах чалавека.

Мы падзяляем геапалітыку і пытаньні захаваньня правоў чалавека.

«Эўразьвяз зьяўляецца галоўным «спонсарам» гэтай рэзалюцыі па Беларусі, — сказаў суразмоўца. — Мы падзяляем геапалітыку і пытаньні захаваньня правоў чалавека, таму зьняцьце санкцый і некаторае паляпшэньне палітычных і эканамічных стасункаў з Беларусьсю не азначае, што ЭЗ перастаў турбавацца наконт сытуацыі з правамі чалавека ў краіне».

Паводле дыплямата, ЭЗ шкадуе, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам. «Ён, на жаль, ня мае магчымасьці наведаць краіну, што выклікае нашу асаблівую заклапочанасьць, — адзначыў суразмоўца. — Мы лічым, што калі ў краіны, як яна сьцьвярджае, няма праблем у сфэры правоў чалавека, дык яна не павінна адмаўляць у магчымасьці наведваньня міжнароднымі назіральнікамі зь іх наступнымі дакладамі аб сытуацыі».

Ён выказаў надзею, што беларускія ўлады ўсё ж пагодзяцца на поўнае або частковае супрацоўніцтва са спэцдакладчыкам, чаму ў ЭЗ былі б «вельмі рады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG