Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ставяцца да Злучаных Штатаў Амэрыкі? Калі судзіць па адносінах дзяржаваў, урадаў, то дрэнна. Узаемная дыпляматычная прысутнасьць зьведзеная да мінімуму, палітычныя адносіны замарожаныя, беларускія ўлады характарызуюць ролю Амэрыкі ў сьвеце і ва ўзаемаадносінах з РБ вельмі няласкава, амэрыканскія ўлады, калі ім здараецца памянуць Беларусь, характарызуюць беларускія парадкі даволі строга.

Збольшага нэгатыўнае стаўленьне ўжо ня толькі ўладаў, але і народу да ЗША пацьвярджаюць і сацыялягічныя апытаньні. У апытаньнях НІСЭПД на працягу апошніх 10 гадоў найбольшая колькасьць рэспандэнтаў лічыла, што ЗША варожа ставяцца да Беларусі. Ня стала выключэньнем і чэрвеньскае 2016 году апытаньне: для 52% Амэрыка — вораг, і толькі для 4% — сябар.

Аднак, ня выключана, што адказваючы на гэтае пытаньне, людзі на самай справе мелі на ўвазе адносіны ўладаў дзьвюх краінаў. А яны і праўда ня надта цёплыя.

У чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД быў таксама зададзены цэлы набор пытаньняў, якія характарызуюць стаўленьне да розных аспэктаў ролі і ўплыву ЗША ў сьвеце. Такі набор пытаньняў амэрыканскае сацыялягічнае агенцтва Pew некалькі апошніх гадоў рэгулярна задае ў ходзе сваіх дасьледаваньняў па ўсім сьвеце.

Табліца 1. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Беларусь. Як Вы ставіцеся: (НІСЭПД, Беларусь, 06’16)

Вельмі станоўчаХутчэй станоўчаХутчэй адмоўнаЦалкам адмоўнаІндэкс*
Да ЗША ў цэлым15412780.21
Да амэрыканцаў15442350.31
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Беларусі9263414-0.13
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю8.228.331.012.0-0.07
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу19331770.28
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня25391880.38
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі25461350.53

*Індэкс — рознасьць доляў пазытыўных і нэгатыўных ацэнак адпаведных праяваў амэрыканскага ўплыву

Суцэльны антыамэрыканізм беларусаў з табліцы 1 ніяк не вынікае, прыкметна больш за палову апытаных станоўча ставяцца і да краіны, і да народу. Яшчэ больш высокія ацэнкі — амэрыканскай масавай культуры і навукі і тэхнікі.

Недарэчнасьць сьцьвярджэньня аб глыбокім беларускім антыамэрыканізьме пацьвярджаецца і параўнаньнем дадзеных па Беларусі з адпаведнымі дадзенымі згаданага агенцтва Pew па іншых краінах сьвету.

У наступнай табліцы прыведзеныя індэксы адносінаў да ЗША насельніцтва эўрапейскіх краінаў НАТО.

Табліца 2. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Вашу краіну. Як Вы ставіцеся: (Pew, 2012 год, індэксы ацэнак)

ІталіяПольшчаФранцыяВялікабрытаніяГішпаніяЧэхіяНямеччынаГрэцыя
Да ЗША ў цэлым0.520.450.390.280.250.180.07-0.27
Да амэрыканцаў0.4730.530.470.540.330.260.34-0.09
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Вашай краіне-0.07-0.17-0.45-0.33-0.46-0.45-0.49-0.42
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю0.330.07-0.120.040.020.090.00-0.35
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу0.090.05-0.280.00-0.070.12-0.40-0.32
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня0.550.440.420.340.600.340.340.26
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі0.710.470.500.570.550.130.190.47


Відавочна, што стаўленьне вельмі разнастайнае — ад амэрыканскіх «фанаў» -італьянцаў да даволі моцна антыамэрыканскі настроеных грэкаў. Беларусы ў сэнсе ацэнак краіны і народу — дзесьці на ўзроўні гішпанцаў.

Цікава параўнаць стаўленьне да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у краіне апытаньня. У беларусаў яно ў цэлым нэгатыўнае. А ў каго сярод вайсковых і палітычных саюзьнікаў ЗША яно пазытыўнае? Лепш, чым у Беларусі, яно толькі ў Італіі, ва ўсіх астатніх краінах, сярод якіх і быццам бы вельмі праамэрыканская суседка — Польшча — яно горшае, а дзе-нідзе і значна горшае.

У сэнсе сымпатыяў да амэрыканскага бізнэс-стылю беларусы дык наогул эўрапейскія лідэры. Магчыма, прычына ў тым, што ня надта часта даводзілася сутыкацца з ім.

Што да ацэнак «Галівуду» і тэхнічнага прагрэсу ЗША, беларусы — на ўзроўні НАТАўскай сярэдзінкі і ў лідэрах.

Нагадаем, гаворка ідзе аб краінах — саюзьніках ЗША, зьвязаных з заакіянскай краінай мноствам эканамічных і культурных сувязяў. У Беларусі з ЗША — ледзь не «халодная вайна», адносіны мінімальныя, афіцыйныя СМІ, свае і расійскія, распавядаюць аб зламыснасьці і агрэсіўнасьці Амэрыкі. А сымпатыі — у прынцыпе на ўзроўні амэрыканскіх саюзьнікаў.

Дарэчы, пра Расею. Наступная табліца паказвае, як ставяцца да ЗША ў іншых рэгіёнах сьвету, за межамі ЭЗ.

Табліца 3. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Вашу краіну. Як Вы ставіцеся: (Pew, 2012-2013 гады, індэксы ацэнак)

Нігерыя*ПАР*Мэксіка*РасеяКітай ТурэччынаЭгіпет
Да ЗША ў цэлым0.560.520.370.18-0.06-0.57-0.60
Да амэрыканцаў0.550.400.250.40-0.13-0.56-0.31
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Вашай краіне0.290.31-0.10-0.480.08-0.67-0.71
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю0.600.450.04-0.260.19-0.58-0.12
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу0.590.500.13-0.070.10-0.600.10
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня0.350.560.280.070.00-0.26-0.24
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі0.800.620.37-0.150.570.000.48

*Дадзеныя апытаньня Pew за 2013 год

Вельмі цікавыя шырокія і ўсебаковыя сымпатыі да ЗША ў Афрыцы. Пры гэтым апошнія слупкі табліцы 2 паказваюць, што людзі, якія гавораць аб антыамэрыканізьме, напрыклад, беларусаў, проста не ўяўляюць сабе, што такое глыбінны, нутраны антыамэрыканізм. У 2012 годзе адмоўна ставіліся да ЗША пераважная большасьць туркаў і эгіпцянаў. Прычым, гэты нэгатыў у іх выяўляўся амаль ва ўсім — ад уплыву амэрыканскіх ідэяў на сваю краіну да Галівуду.

І гэта ў краінах, якія зьяўляюцца саюзьнікамі ЗША, дзе няма масіраванай антыамэрыканскай афіцыйнай прапаганды, а ўлада дэманструе прыязнасьць да амэрыканскага партнэра.

А ў Беларусі прапаганда ёсьць, а нянавісьці, параўнальнай з турэцкай або эгіпэцкай, няма і блізка.

Ну, і пра Расею. Па дадзеных Pew у 2012 годзе асаблівым антыамэрыканізмам расейцы не вызначаліся. Балянс сымпатый і антыпатый да ЗША і да амэрыканцаў быў пазытыўным, да народу — дык і вельмі пазытыўным.

У 2014 годзе Pew у сваім міжнародным маніторынгу не задавала пытаньні з гэтага блёку, дадзеныя апытаньняў 2015-2016 гадоў пакуль недаступныя. Але ёсьць падставы меркаваць, што стаўленьне да ЗША ў РФ рэзка пагоршылася.

Уяўленьне пра тое, наколькі рэзка, даюць зьвесткі апытаньняў расейскага Левада-цэнтру (http://www.levada.ru/2016/06/02/13400/). У траўні 2016 году дрэнна ставіліся да ЗША 70% расейцаў, добра — 19% (індэкс −0.51), пікам нэгатыўнага стаўленьня быў студзень 2015 году, калі адмоўна да ЗША ставіліся ў РФ 81%, станоўча — 12% (індэкс −0.69). Гэты апошні паказчык — мабыць што і сусьветны рэкорд, сёлетні травеньскі — ужо не, вынікі цалкам супастаўныя з эгіпэцкімі і турэцкімі 2012 году з апытаньняў Pew.

Дык у расейскай дзяржавы цяпер востры канфлікт з ЗША. У Эгіпта і Турэччыны ніякіх асаблівых канфліктаў з Амэрыкай ў 2012 годзе не было.

Таксама варта адзначыць, што цяперашні ўзровень антыамэрыканізму быў у Расеі далёка не заўсёды. Напрыклад, па дадзеных таго ж Левада-цэнтру ў ліпені 2005 году пазытыўна ставіліся да ЗША 66% расейцаў, нэгатыўна — 26% (індэкс 0.4).

Падводзячы вынікі, варта сказаць, што, за нешматлікімі выключэньнямі, у сьвеце Амэрыку ва ўсіх яе праявах ня так каб моцна любяць. Адна з прычынаў, відаць, у тым, што адны называюць амэрыканскім лідэрствам, а іншыя — гегемоніяй і дыктатам. Роля Амэрыкі вельмі вялікая ў любым кутку Зямлі, а гэта выклікае супярэчлівыя пачуцьці.

Пачуцьці, якія маюць да ЗША беларусы, далёка ня самыя адмоўныя. І ашалелая расейская прапаганда апошніх гадоў нянавісьць да Амэрыкі беларусам прышчапіць ня здолела.

Пры зьмене палітычных адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам, пры спыненьні антыамэрыканскай прапаганды ў Беларусі стаўленьне насельніцтва да ЗША можа прыкметна палепшыцца. Хоць можна меркаваць, што не кардынальна. Партнэра за акіянам ня вельмі любяць і некаторыя вельмі блізкія яго саюзьнікі.

Да таго ж беларусы ня вельмі схільныя да рэзкіх зьменаў, у сваіх ацэнках у тым ліку. Так што ў ацэнках ЗША яны наўрад ці стануць італьянцамі, палякамі або нігерыйцамі, але і на ўзровень туркаў, эгіпцянаў або сёньняшніх расейцаў яны таксама наўрад ці ўпадуць.

Так што, магчыма, Амэрыка для іх і ў будучыні будзе такой жа, як цяпер — ня вельмі любімай, але паважанай.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG