Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі народ «утылізуе» любы помнік архітэктуры


Кляштар бэрнардынцаў у Селішчы, Ушацкі раён. 1985 год. Зьлева відаць добра захаваны жылы корпус са стромым чарапічным дахам.
Кляштар бэрнардынцаў у Селішчы, Ушацкі раён. 1985 год. Зьлева відаць добра захаваны жылы корпус са стромым чарапічным дахам.

Ня ведаю дакладна, ці кару любога дрэва «ўтылізуе» жук-караед. Затое ведаю дакладна, што няма такога помніка архітэктуры, які ня мог бы «утылізаваць» наш таленавіты народ.

Некалі ў вёсцы Селішча ва Ўшацкім раёне, нападалёк ад быкаўскіх Бычкоў, стаяў помнік архітэктуры барока — касьцёл і кляштар бэрнардынцаў пачатку XVIII стагодзьдзя. Касьцёл быў пашкоджаны ў гады Другой сусьветнай вайны і ў такім выглядзе захаваўся да нашых дзён.

Касьцёл у чэрвені 2016 году.
Касьцёл у чэрвені 2016 году.

А вось будынак кляштару ззаду ад сьвятыні выкарыстоўваўся мясцовым калгасам і быў у даволі прыстойным выглядзе. Вось ягоны здымак з адпаведнага тому Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, які выйшаў у 1985 годзе:

Цяпер на пярэдняй сьцяне касьцёлу прымацаваная шыльда, якая расказвае нам, што гэта помнік архітэктуры барока 1726 году пабудовы і што «прычыненьне шкоды караецца па закону».

Калі я пару тыдняў таму падышоў да амаль цалкам зьнішчанага кляштарнага будынка за касьцёлам, то адразу падумаў: колькі ж у навакольных вёсках складзена печак зь яго цэглы!

На месцы былога будынка кляштару. Здымак з таго самага боку, што і папярэдні.
На месцы былога будынка кляштару. Здымак з таго самага боку, што і папярэдні.

А пасьля павярнуўся і ўбачыў непадалёк ад кляштару, усяго за якіх 50 мэтраў, такі вось ладны штабэль трохсотгадовай цэглы-пальчаткі, які стаў сумным пацьверджаньнем маіх здагадак.

Як бачым, апошняя хваля разбурэньня помнікаў архітэктуры, якая пачалася ў нашым краі ў 1917 году, калі сяляне пачалі складаць печкі са здабытага ў панскіх маёнтках будаўнічага матэрыялу і паліць у гэтых печках кнігамі з панскіх бібліятэк, пасьпяхова працягваецца і ў нашы дні. Прынятыя ў савецкі час законы пра ахову помнікаў, як вядома, «что дышло...» Пра сытуацыю ў Аўстрыі і яе былых сатэлітах, дзе ахоўныя законы Марыі Тэрэзіі няўхільна выконваюцца з 1745 году, мы можам толькі марыць.

Народ, як вядома, культуру стварае. Але ён жа, як бачым, яе і зьнішчае. Вядома, калі гэта дазваляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG