Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названа прозьвішча падазраванага ў арганізацыі стамбульскага тэракту


Супрацоўнікі аэрапорта ўшанавалі памяць сваіх сяброў, якія былі забітыя падчас тэракту ў аэрапорце імя Атацюрка ў Стамбуле. 30 чэрвеня 2016 году
Супрацоўнікі аэрапорта ўшанавалі памяць сваіх сяброў, якія былі забітыя падчас тэракту ў аэрапорце імя Атацюрка ў Стамбуле. 30 чэрвеня 2016 году

Гэта ўраджэнец Чачні Ахмед Чатаеў, ён даўно быў на прыкмеце ва ўладаў у сувязі з падазрэньнямі ў джыхадызьме.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», галоўным падазраваным у арганізацыі тэракту ў стамбульскім аэрапорце імя Атацюрка стаў Ахмед Чатаеў, даўно заўважаны ў датычнасьці да джыхадысцкай дзейнасьці, якая прывяла яго з роднай Чачні ў Сырыю.

У аўторак, 28 чэрвеня, трое мужчын атакавалі найбуйнейшы аэрапорт Турэччыны: спачатку адкрылі агонь з аўтаматаў, а потым прывялі ў дзеяньне прымацаваныя да сваіх целаў выбуховыя прылады. У выніку тэракту загінулі ня менш за 44 чалавекі, яшчэ 230 атрымалі раненьні. Турэцкія ўлады мяркуюць, што за тэрактам стаяць баевікі «Ісламскай дзяржавы».

Як паведамілі ў чацьвер, 30 чэрвеня, заходнія інфармагенцтвы са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка турэцкіх уладаў, трое сьмяротнікаў былі грамадзянамі Расеі, Узбэкістану і Кіргізстану.

Імёны тэрарыстаў не выдаюцца, аднак турэцкія СМІ згадваюць двух выхадцаў з расейскага Паўночнага Каўказа, якія, мяркуецца, датычныя да тэракту.

Турэцкая праўладная газэта Yeni Safak у чацьвер паведаміла, што за арганізацыяй тэракту, меркавана, стаіць ураджэнец чачэнскай вёскі Ведзяно Ахмед Чатаеў.

Паводле зьвестак крыніц у чачэнскіх ісламісцкіх арганізацыях, Чатаеў быў даверанай асобай цяпер нябожчыка Доку Умарава — лідэра самаабвешчанага Каўкаскага эмірата, які даручыў Чатаеву збор сродкаў і вярбоўку за мяжой.

У 2001 годзе Чатаеў зьехаў з Расеі і падаў прашэньне аб прытулку ў Аўстрыі, а ў 2003 годзе атрымаў аўстрыйскае грамадзянства. Аўстрыйскі пашпарт дазваляў яму свабодна перамяшчацца па Эўропе і іншых краінах.

У 2010 годзе ён быў арыштаваны ва Ўкраіне на запыт расейскіх службаў бясьпекі, але пасьля быў адпушчаны на волю. У 2011 годзе яго затрымалі на мяжы Турэччыны і Баўгарыі. Ён абскардзіў арышт, і суд распарадзіўся вызваліць яго ў адпаведнасьці з Жэнэўскай канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў.

У лютым 2015 году ў YouTube зьявіўся зьняты ў Сырыі відэаролік з Чатаевым, дзе той назваў сябе камандзірам рускамоўнага батальёна Ярмук.

У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла Чатаева ў сьпіс асобаў, прызнаных замежнымі тэрарыстамі.

Хоць спэцслужбам Турэччыны пакуль не ўдалося пацьвердзіць вэрсію аб датычнасьці Чатаева да тэракту ў Стамбуле, экспэрты зь вялікай доляй верагоднасьці мяркуюць, што за арганізацыяй стаяў менавіта ён.

Газэта Yeni Safak таксама паведаміла, што адным са сьмяротнікаў быў Асман Вадзінаў — грамадзянін РФ з Дагестану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG