Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны крызіс перайшоў у крызіс даверу да ўлады 


Пра якія зьмены ў сацыяльна-эканамічным жыцьці краіны сьведчаць дадзеныя апошняга апытаньня НІСЭПД?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў у чэрвені чарговае агульнанацыянальнае апытаньне. Яно дало падставы для пэўных высноваў ад грамадзкіх працэсах у краіне.

Хоць рэальны эканамічны стан у краіне пагаршаецца, але эканамічнае самаадчуваньне беларусаў паляпшаецца. Гэты парадокс можна патлумачыць як здольнасьцю да адаптацыі, так і прапагандай тэлеканалаў у зьвязку з Усебеларускім народным сходам. Хоць і дамінуе пэсымізм.

Уражвае колькасьць насельніцтва — 70% — якое адмоўна ставіцца да падвышэньня пэнсійнага ўзросту.

Уражвае колькасьць насельніцтва — 70% — якое адмоўна ставіцца да падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Вось тут прапаганда не спрацоўвае.

Вельмі супярэчлівае стаўленьне да Лукашэнкі. На 4% зьменшылася колькасьць людзей, якія лічаць яго галоўным віноўнікам крызісу, электаральны рэйтынг вырас на 2%, а давер зьнізіўся на 3%.

Можна лічыць, што правалілася задума ўладаў з Усебеларускім народным сходам. Яна спрацавала як піяр-акцыя толькі для цьвёрдых прыхільнікаў Лукашэнкі. Гэта дзесьці 26-30%.

Упершыню за час кіраваньня Лукашэнкі шанцы кандыдатаў-прыхільнікаў дзейнага кіраўніка ўраўняліся з шанцамі кандыдата-апазыцыянэра.

Вырас давер да апазыцыйных партыяў на цэлых 10%. Гэта пры тым, што самі партыі не рабілі нічога такога, каб падвысіць грамадзкую сымпатыю. Хутчэй наадварот, іх лідэры толькі сварыліся. Але грамадзтва інстынктыўна шукае альтэрнатыву. Здаецца, упершыню за час кіраваньня Лукашэнкі шанцы кандыдатаў-прыхільнікаў дзейнага кіраўніка ўраўняліся з шанцамі кандыдата-апазыцыянэра. Гэта азначае, што кандыдатам апазыцыі цяпер можна не хаваць сваю апазыцыйнасьць, ісьці адкрыта пад апазыцыйнымі лёзунгамі. Прычым, як на мой погляд, зноў жа ўпершыню склалася такая сытуацыя, калі ад апазыцыянэра не асабліва патрабуецца альтэрнатыўная праграма. Дастаткова крытыкаваць уладу, і гэтага можа хапіць для электаральнай перамогі.

Зьдьзвіла тое, што геапалітычныя арыентацыі беларусаў працягваюць рух «у бок Эўропы».

Зьвяртае на сябе ўвагу, як хутка зьдзьмуўся рэйтынг Т. Караткевіч. Значна хутчэй, чым, напрыклад, калісьці у Мілінкевіча. Хоць яе каманда робіць вялікія высілкі, каб увесь час знаходзіцца ў інфармацыйным полі.

Зьдьзвіла тое, што геапалітычныя арыентацыі беларусаў працягваюць рух «у бок Эўропы». Хоць там адбываецца крызыс. Мусіць, на гэта паўплываў рост нэгатыву адносна Расеі. Тут і нежаданьне Масквы зьнізіць для Беларусі цэны на газ, і ваенныя падрыхтоўкі на беларускай мяжы і ўвогуле, курс на канфрантацыю з Захадам.

Глод: Я найперш зьвярнуў увагу на той фрагмэнт дасьледаваньня, дзе бальшыня апытаных кажа, што ва ўсіх суседніх краінах, за выключэньнем ваюючай Украіны, узровень жыцьця вышэйшы, чым у Беларусі. Гэта можна ацэньваць як крок да разуменьня таго, што Беларусь увайшла ў стадыю зацяжнога эканамічнага крызісу. І гэты крызіс ужо ніякім чынам не зьвязаны з крызісам сусьветным.

Бальшыня апытаных кажа, што ва ўсіх суседніх краінах, за выключэньнем ваюючай Украіны, узровень жыцьця вышэйшы, чым у Беларусі.

Чаму так важна разуменьне гэтай праблемы? Таму што ўлады, і асабіста Аляксандар Лукашэнка найперш, спрабуюць запэўніць насельніцтва, што дрэнныя справы ў Беларусі — зьява выключна часовая. Маўляў, гэта ўсё ідзе з розных канцоў сьвету, і мы тут нічога прынцыпова зрабіць ня можам. Гэту хлусьню цяпер пакрыху людзі пачынаюць разумець.

А гэта азначае, што яны будуць задаваць і іншыя непрыемныя для ўладаў пытаньні. Напрыклад, а дзе ж абяцаныя станоўчыя наступствы стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу? Дзе той славуты рынак, на якім будуць адрываць з рукамі ўсё беларускае? Глядзіш, праз гэтыя ды іншыя пытаньні насельніцтва зразумее, што цяжкая эканамічная сытуацыя ў краіне ўзьнікла таму, што кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад правядзеньня рынкавых рэформ і прыватызацыі.

Наступным у гэтым лягічным ланцужку стане разуменьне таго, што адмова ад рынкавых рэформаў — справа зусім невыпадковая. Усё тлумачыцца жаданьнем кіроўнай групоўкі любымі спосабамі ўтрымаць у руках палітычную ўладу, каб і надалей распараджацца фінансамі і ўласнасьцю.

Зьяўляючыся найбуйнейшым уласьнікам, дзяржава ў асобе бюракратыі не пасьпявае мадэрнізаваць і аптымізаваць дзейнасьць беларускіх прадпрыемстваў.

Яшчэ адно цікавае назіраньне з апошняга апытаньня: тое, што беларусы ўсё крытычней ўспрымаюць зьмены сацыяльнай структуры грамадзтва, якія адбываюцца пад узьдзеяньнем дзяржаўнай палітыкі. Яны прызнаюць, што роля прадстаўнікоў улады ў ёй пастаянна падвышаецца, а роля як культурнай і навуковай эліты, гэтак і простага народу — зьніжаецца. Атрымліваецца, што «бацька» Лукашэнка, які на словах працуе толькі дзеля народу, насамрэч заняты выключна ўтрыманьнем уласнай улады. І стаўку тут ён ужо робіць не на звычайных людзей, а на чыноўнікаў-бюракратаў.

Рэжым у сапраўднасьці абапіраецца цяпер на буйных уласьнікаў.

Асэнсаваньне гэтага, як мне падаецца, адкрывае пэўныя новыя пэрспэктывы для дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Бо калі на пачатку свайго панаваньня кіраўнік дзяржавы і ягонае атачэньне абапіраліся на падтрымку сацыяльных нізоў, дык зь цягам часу сацыяльная база падтрымкі зьмянілася. Працягваючы сацыяльную дэмагогію і палітыку папулізму, рэжым у сапраўднасьці абапіраецца цяпер на буйных уласьнікаў, чыё існаваньне і працьвітаньне, у сваю чаргу, залежаць ад улады.

І чым хутчэй гэта зразумее грамадзтва, тым раней у Беларусі адбудуцца істотныя зьмены.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на тое, як шмат пазыцыяў, па якіх людзі ня згодныя з уладай. Гэтае апытаньне зафіксавала, што эканамічны крызыс ужо перарос у крызыс даверу. Ён можа пакуль ня вельмі татальны, ён ня вельмі глыбокі, той жа рэйтынг Лукашэнкі электаральны крыху вырас, але ўпала колькасьць тых, хто давярае прэзыдэнту.

Гэтае апытаньне зафіксавала, што эканамічны крызыс ужо перарос у крызыс даверу.

І ня толькі ў адказах на прамое пытаньне пра давер. У нас на сайце быў апублікаваны сьпіс з 15 пунктаў, па якіх беларусы, якія ўдзельнічалі ў апытаньні, не згаджаліся з Лукашэнкам.

Лукашэнка кажа пра тое, што большасьць падтрымлівае падвышэньне пэнсійнага ўзросту. А сярод апытаных зь ім згодныя толькі 15%. Нават менш, чым тых, хто гэтае рашэньне падтрымлівае. І так па вельмі многіх пазыцыях.

Гэта важны «званочак» для ўлады, асабліва ў спалучэньні з ростам рэйтынгу апазыцыі. І ў гэтым сэнсе выбары, якія пройдуць на фоне такой сытуацыі, могуць прынесьці пэўныя сюрпрызы. Гэта ня значыць, што ў Беларусі адбудуцца так званыя «перакульваючыя» выбары, рэвалюцыя праз выбарчыя скрыні. Па-першае, выбарчая сыстэма добра «заточаная» на супрацьдзеяньне гэтаму, па-другое, напал, «гронкі гневу», глыбіня крызысу даверу да ўладаў яшчэ не такая глыбокая, што пацьвярджаецца ўсё ж даволі супярэчлівай дынамікай паказьнікаў і ацэнак свайго становішча і ўлады. Але гэта званочак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG