Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абароніць ААН абаронцу правоў беларусаў


Спэцыяльны дакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці

Спэцыяльны дакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці

Сёньня Рада ААН па правах чалавека вырашае пытаньне, ці працягваць мандат спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вугорскага дыплямата Міклаша Харасьці яшчэ на год. Якое значэньне для Беларусі мае гэтая пасада?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Дракахруст: Пасада спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была створаная ў 2011 годзе ў адказ на гвалтоўныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. Галоўныя мэты спэцыяльнага дакладчыка — сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў галіне правоў чалавека; даваць рэкамэндацыі беларускаму ўраду, як ён можа выконваць свае абавязаньні па міжнароднаму праву; прадстаўляць даклад Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН аб прагрэсе Беларусі ў галіне правоў чалавека або адсутнасьці такога прагрэсу.

Беларускі ўрад адмовіўся прызнаць мандат Міклаша Харасьці і ні разу не ўпусьціў яго ў краіну, каб той мог вывучыць сытуацыю на месцы. Харасьці складаў свае справаздачы на аснове інфармацыі, якую ён здолеў сабраць са СМІ і з кантактаў зь беларускімі праваабаронцамі. У сваім апошнім дакладзе, у красавіку сёлета, Харасьці заявіў, што беларускі ўрад не паспрабаваў ніякага далейшага ўзаемадзеяньня зь міжнароднымі мэханізмамі ў галіне правоў чалавека, хоць адначасова і сказаў пра нязначны прагрэс у паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека ўнутры краіны.

Якое значэньне маюць падобныя мандаты міжнародных арганізацыяў?
Самая наяўнасьць пасады адмысловага дакладчыка азначае, што ў краіне справы ідуць ня лепшым чынам, што яна патрабуе адмысловага назіраньня. Гэта ўжо — ацэнка сытуацыі. Ну, і высновы экспэрта, які грунтоўна займаецца гэтай сытуацыяй, зразумела, маюць істотнае значэньне для чальцоў арганізацыі, якія гэтак пільна за хадой падзеяў у адпаведнай краіне ня сочаць.

Самая наяўнасьць пасады адмысловага дакладчыка азначае, што ў краіне справы ідуць ня лепшым чынам, што яна патрабуе адмысловага назіраньня.

Хіба ня самым эфэктыўным у гэтым сэнсе быў спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс. Ягоная справаздача аб датычнасьці беларускіх уладаў да зьнікненьня яе палітычных апанэнтаў мела наўпроставыя палітычныя наступствы — увядзеньне міжнародных санкцыяў адносна асобаў, падазраваных у гэтых злачынствах. Гэтыя санкцыі, дарэчы, ня зьнятыя дагэтуль, нягледзячы на пацяпленьне стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Зь іншага боку, не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасьці кіраўніцы рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўты Цапф Нацыянальнаму сходу Беларусі было вернутае месца ў Асамблеі, якое раней займаў Вярхоўны савет 13 скліканьня.

Беларускія ўлады напрыканцы нулявых гадоў выдалілі з Беларусі назіральна-кансультацыйную місію АБСЭ і прымусілі гэтую арганізацыю зьмяніць мандат місіі на назіральную групу. Адмова ў прызнаньні мандата сп-ра Харасьці — працяг той лініі, афіцыйны Менск не прызнае сваю праблемнасьць у сэнсе правоў чалавека. Гэта стварае пэўныя праблемы ў стасунках з арганізацыяй, якая адпаведны мандат спрабуе стварыць, але, безумоўна, аслабляе пазыцыі адпаведнага дакладчыка — ён пазбаўлены камунікацыі з урадоўцамі і атрымлівае абвінавачваньні з аднабаковасьці погляду. З Пургурыдэсам улады размаўлялі, больш такога выніку яны ня хочуць.

Іншая справа, што і арганізацыя, якую прадстаўляе Міклаш Харасьці, менш аднародная, чым Рада Эўропы, у сэнсе ўяўленьняў пра правы чалавека. У Раду ААН па правах чалавека ўваходзяць ня толькі дэмакратычныя, але і аўтарытарныя краіны, у некаторых зь якіх праблемаў з правамі чалавека хіба ня больш, чым у Беларусі. Таму абмеркаваньне сытуацыі ў той жа Беларусі выліваецца ў палкія дыскусіі. Ня лішне казаць, што Рада ня мае паўнамоцтваў прымаць нейкія абавязковыя рашэньні адносна той ці іншай краіны.

Пасада дакладчыка Рады па правах чалавека ААН — гэта інструмэнт ціску на беларускія ўлады.

Аднак пазыцыя адмысловага дакладчыка, інфармацыя, выкладзеная ім, могуць уплываць ускосна. Па-першае, самім фактам яе абнародаваньня, аўтарытарныя рэжымы ня любяць, калі іх непрыстойныя справы робяцца здабыткам галоснасьці. А па-другое, рэакцыяй іншых арганізацыяў і краінаў. Па дакладу прадстаўніка ПАРЭ Пургурыдэса санкцыі ўводзіла ня Рада Эўропы, а дзяржавы ЭЗ. Так што пасада дакладчыка Рады па правах чалавека ААН — гэта інструмэнт ціску на беларускія ўлады, каб яны паводзілі сябе больш прыстойна. І будзе шкада, калі гэтая пасада будзе скасаваная.

Глод: Афіцыйны Менск сапраўды выступае супраць любой пасады, якая зьвязаная з Беларусьсю. Вось пасада адмысловага дакладчыка па Беларусі ААН. Яе займае спадар Харасьці. Ён быў неўязны ў Менск, ня можа размаўляць тут з беларускімі праваабаронцамі і з афіцыйнымі асобамі, але спадар Харасьці некалькі разоў быў у Менску. Аднак гэта было ў той час, калі ён займаў іншую пасаду, і я сам асабіста з ім размаўляў у складзе групы журналістаў у гатэлі «Беларусь».

У той час спадар Харасьці займаўся праблемамі сродкаў масавай інфармацыі, працаваў у апараце АБСЭ ў Вене. Яго пасада не была адмыслова зьвязаная з Беларусьсю. Я, дарэчы, задаваў тады яму пытаньне: у чым адметнасьць стаўленьня да беларускіх СМІ ў параўнаньні з іншымі краінамі? Ён адказаў, што не вылучае Беларусь як асобную краіну, а разглядае ўсе аспэкты СМІ ў кантэксьце АБСЭ. Дык вось пакуль ён займаў пасаду, якая ня мела наўпроставага дачыненьня да Беларусі, ён быў сюды ўязны і мог прыехаць атрымаць інфармацыю. Як толькі зьявілася пасада, непасрэдная зьвязаная з Беларусьсю, адразу ўлады нашы ўсталі на дыбкі.

Стаўленьне Міклаша Харасьці да сытуацыі ў Беларусі: тут няма адчувальных прыкметаў паляпшэньня становішча ў правах чалавека і дэмакратыі.

Калі паспрабаваць выкласьці адным сказам стаўленьне спадара Харасьці да сытуацыі ў Беларусі — і ў тыя часы, калі ён працаваў у АБСЭ, і цяпер, калі ён працуе ў ААА — то яго можна сфармуляваць вельмі проста: у Беларусі няма адчувальных прыкметаў паляпшэньня становішча ў правах чалавека і дэмакратыі. Вось за гэтую думку так да яго і ставяцца беларускія ўлады.

Параўнайце: колькі было ў жніўні мінулага году хваляваньня, колькі казалі ў розных міжнародных структурах — як гэта добра зрабілі ўлады, што вызвалілі 6 палітвязьняў. А што сказаў на гэта Харасьці? А ён сказаў, што вызваленьне без рэабілітацыі — гэта ўсяго толькі паўкроку. Я хачу адзначыць, што пазыцыя Харасьці прынцыповая і аб’ектыўная. Вось за гэта беларускія ўлады яго ня любяць.

Дарэчы, я згадаў яшчэ аднаго чалавека, які таксама быў спэцдакладчыкам па Беларусі, але Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, і які таксама прыяжджаў у Менск, якога спачатку добра сустракалі, а пасьля ўсяляк ганьбілі — гэта былы міністар замежных спраў Румыніі Адрыян Севярын. Як толькі ён заняў прынцыповую пазыцыю, беларускія ўлады адразу пачалі міжнародную кампанію ягонай дыскрэдытацыі.

Як бачыце, час ідзе, а прыёмы беларускай улады адносна сваіх палітычных апанэнтаў з ьміжнародных структураў фактычна не зьмяняюцца.

Карбалевіч: Беларускія ўлады гатовыя абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі, гатовыя супрацоўнічаць з дакладчыкамі ААН па правах чалавека, па ўцекачах, па зьняволеных, па свабодзе СМІ і іншых кірунках, зьвязаных з правамі чалавека. Але гэта дакладчыкі, якія манітораць сытуацыю ва ўсіх краінах сьвету.

А вось калі ўводзіцца інстытут адмысловага дакладчыка па Беларусі, то афіцыйны Менск адмаўляцца яго прызнаваць, бо сам гэты статус, гэтая пасада сьведчыць, што ў Беларусі ёсьць нейкія асаблівыя праблемы з правамі чалавека, адрозныя ад тых праблемаў, якія існуюць у іншых краінах. Таму ўлады ня хочуць супрацоўнічаць з Харасьці, не пускаюць яго ў краіну.

Акрамя вызваленьня палітзьняволеных, ніякіх іншых рэальных заўважных крокаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбываецца.

Той жа лёгікай кіраваліся беларускія ўлады, калі выціскалі з Беларусі місію АБСЭ. Маўляў, няма ў нас ніякіх асаблівых праблемаў, навошта прысутнасьць тут нейкай асаблівай місіі?

Ну, а з іншага боку, беларускія праваабаронцы актыўна выступаюць за тое, каб такая пасада існавала, каб працягнуць гэты мандат, і, дарэчы, высновы спадара Харасьці супадаюць з іх пазыцыямі. А яны палягаюць у тым, што, акрамя вызваленьня палітзьняволеных, ніякіх іншых рэальных заўважных крокаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбываецца. І таму сапраўды, будзе дыскусія і будуць даволі жорсткія спрэчкі па гэтым пытаньні — працягнуць гэты мандат альбо не працягнуць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG