Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэмэран: Цяпер асноўная задача для Вялікабрытаніі — захаваць адзінства краіны


Брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран лічыць, што яго будучы пераемнік мог бы пачаць перамовы з Брусэлем па выхадзе краіны з эўрапейскага блёку да таго, як будзе запушчаны афіцыйны працэс аддзяленьня ў адпаведнасьці з нормамі ЭЗ.

«Яны кажуць, што перамоваў без паведамленьня ня будзе, але я ня думаю, што гэта выключае дыскусіі, якія мог бы весьці з партнэрамі новы прэм’ер-міністар», — сказаў Кэмэран. Сёньня, выступаючы ў Палаце абшчын, Дэйвід Кэмэран таксама заявіў, што захаваньне адзінства Вялікабрытаніі мае ў цяперашніх умовах прыярытэтнае значэньне для краіны.

Прэм’ер заклікаў сысьці ў адстаўку лідэра апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбіна. «У імя ўсяго сьвятога, сыдзі», — сказаў Кэмэран, зьвяртаючыся да Корбіна, якому ў аўторак вынесла вотум недаверу парлямэнцкая фракцыя лейбарыстаў. Фармальна падставай для недаверу лідэру лейбарыстаў паслужыла яго пасіўная пазыцыя падчас кампаніі супраць рэфэрэндуму.

23 чэрвеня на рэфэрэндуме большасьць брытанцаў прагаласавалі за выхад краіны са складу Эўразьвязу. Кэмэран, які выступаў за захаваньне Брытаніі ў блёку, заявіў, што сыдзе ў адстаўку.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і іншыя эўрапейскія лідэры заклікаюць Лёндан як мага хутчэй прадставіць пляны па выхаду з ЭЗ і настойваюць, што ня можа быць ніякіх перамоваў да таго, як брытанскае кіраўніцтва пачне афіцыйныя працэдуры — у адпаведнасьці з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы.

Сёньня, у другі дзень працы ў Брусэлі саміту ЭЗ, кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер плянаваў сустрэцца з першым міністрам Шатляндыі Ніколай Старджэн, якая заявіла аб імкненьні захаваць месца Шатляндыі ўнутры ЭЗ.

XS
SM
MD
LG