Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 рэчаў, у якіх беларусы нязгодныя з Лукашэнкам


З разьвіцьцём краіны #чтотонетак, крызіс ёсьць, і ў ім вінаваты Лукашэнка, а стабільнасьці няма. Так кажа большасьць апытаных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Сёньня беларусы лічаць, што Лукашэнка абапіраецца не на простых людзей, пэнсіянэраў, сялян ці культурную эліту, а на «вэртыкаль» улады. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, праведзенага ў чэрвені 2016 году сярод 1512 чалавек (мэтодыка дае памылку рэпрэзэнтатыўнасьці ня больш за 3%).

Вера ў апору на «вэртыкаль» — не навіна, такія ж адказы давалі беларусы і 10 год таму. Але 10 год таму так лічылі 37% апытаных, цяпер жа — 54%. І што няма нічога добрага ў тым, што ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках Лукашэнкі, цяпер лічаць 55,5%, калі ў 2009 годзе так лічылі 36%. Абсалютную ўладу Лукашэнкі лічаць карыснай для Беларусі ўжо толькі 31,3% (у 2009-м — 44,4%).

Рэйтынг даверу Лукашэнку зьнізіўся з сакавіцкіх 41,7% да цяперашніх 38,6%, але электаральны рэйтынг Лукашэнкі нават крыху падрос: з 27,3% да 29,5%.

Рэйтынг апазыцыйных партыяў падняўся амаль удвая, але да падтрымкі большасьці далёка: цяпер 21,3% падтрымліваюць апазыцыйныя партыі, у сакавіку ж было 11,3%. Будзь заўтра прэзыдэнцкія выбары — за Караткевіч прагаласавалі б 5,1%, за Статкевіча — 4,5%, за Мілінкевіча і Някляева — па 3,1%, за астатніх — менш за статыстычную памылку.

26,4% зьбіраюцца галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў за пралукашэнкаўскага кандыдата, роўна столькі ж — за праціўніка, 24,5% — за каго-небудзь іншага, яшчэ чвэрць пакуль ня вызначылася. Усяго на выбары гатовыя пайсьці 51,8%, а 19,6% пакуль не зьбіраюцца галасаваць. Толькі 38,1% верыць, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі, супрацьлеглае кажуць 36,1%.

«Топ нязгоды» беларусаў з Лукашэнкам

Нядаўна на Ўсебеларускім народным сходзе Лукашэнка прадставіў праграму на наступную «пяцігодку». Хоць ніводнае абяцаньне мінулай праграмы не было выкананае, у новай праграме таксама даецца шмат аптымістычных абяцаньняў — Свабода пералічвала 22 галоўныя абяцаньні.

Зь якімі сьцьверджаньнямі і абяцаньнямі пагадзіліся, а зь якімі не пагадзіліся апытаныя НІСЭПД беларусы?

— Толькі 29,1% апытаных лічыць, што краіна разьвіваецца ў правільным накірунку. 57% лічаць, што ў няправільным. У сьнежні мінулага году 36,7% лічылі, што ў правільным, 50,9% — што ў няправільным. 19,9: лічаць, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады палепшыцца, 36,3% — што пагоршыцца (гэта больш аптымістычна, чым было ў сакавіку, тады пагаршэньня чакалі 42,9%).

— Толькі 30% кажуць, што Беларусь — «мая дзяржава, яна бароніць мае інтарэсы», а 47,1% адказваюць, што Беларусь толькі часткова «іхняя» дзяржава. «Не сваёй» дзяржавай, якая не бароніць інтарэсы і не выклікае даверу, Беларусь назвалі 15,2% апытаных беларусаў. Год таму суадносіны былі больш «даверлівыя»: 41,2% — 43,8% — 9,7%.

— 81% беларусаў лічаць, што беларуская эканоміка ў крызісе (яшчэ ў сакавіку такіх было 87,8%). Лукашэнка ж казаў, што «ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве». Але менавіта яго лічаць галоўным віноўнікам крызісу 42,3% апытаных (у сакавіку такіх было 47%). Таксама 35,6% лічаць галоўнымі віноўнікамі крызісу ўрад, 12,8% — парлямэнт.

У крызісе вінавацяць зьнешнія абставіны толькі 27,8%, а 45,7% бачаць прычыны крызісу ўнутранымі. Больш за палову апытаных называюць праявамі крызісу рост цэнаў, беспрацоўе, зьбядненьне насельніцтва. Большасьць апытаных лічыць, што ўзровень жыцьця сярод суседзяў ніжэйшы толькі ва Ўкраіне, дзе ідзе вайна.

— Больш за палову апытаных, 55,8% не пагадзіліся з заявай Лукашэнкі пра тое, што «ўлады ўжо прынялі ўсе неабходныя рашэньні для разьвіцьця эканомікі, засталося іх толькі рэалізаваць». Пагадзіліся толькі 31,1%.

— 53,4% апытаных лічаць, што «нашая стабільнасьць гэта хутчэй застой, калі краіна перастала разьвівацца». З заявай Лукашэнкі пра тое, што «Беларусь у цяперашняй трывожнай абстаноўцы па праву лічыцца кутком стабільнасьці» пагадзілася толькі траціна апытаных.

— З тым, што «у аснове дзяржаўнай палітыкі ляжыць клопат пра чалавека, пра падвышэньне дабрабыту і якасьці жыцьця нашых беларусаў», як казаў Лукашэнка, не пагадзіліся 52,7%, а пагадзіліся толькі 32,5%.

— 51,5% не пагадзіліся з заявай Лукашэнкі пра тое, што «дзяржава бароніць правы, уласнасьць і годнасьць прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу». Пагадзіліся 32,5%.

— У абяцаньне ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў штогод не паверылі 55,4%, паверылі 30,5%.

— Ня вераць і ў барацьбу з карупцыяй. 45% апытаных лічаць, што Лукашэнка сам залежыць ад карумпаваных чыноўнікаў альбо зацікаўлены ў карупцыі. Больш за чвэрць — што карупцыя ў Беларусі невыкараняльная і Лукашэнка наўрад ці даб’ецца посьпехаў у барацьбе зь ёй. І толькі яшчэ чвэрць — што Лукашэнка зможа дамагчыся посьпеху ў барацьбе з карупцыяй, калі правядзе «чыстку» карумпаваных чыноўнікаў і зробіць больш жорсткія пакараньні за карупцыйныя злачынствы.

— 53,8% не паверылі заяве пра тое, што «Беларусь займае першае месца ва ўсясьветным рэйтынгу доступу да мэдычных паслугаў». Паверылі 29,6%.

— Больш за 70% беларусаў лічаць, што ня трэба было падвышаць пэнсійны ўзрост, бо «шмат хто не дажыве да пэнсіі». 19% згодныя з падвышэньнем. Са сьцьверджаньнем Лукашэнкі пра тое, што «цьвёрдая большасьць насельніцтва згодная з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту» пагадзіліся толькі 15,1%.

— Захаваць сёньняшні лад хочуць толькі 25,2% беларусаў, зьмяніць — 65,5%. Лукашэнка ж абяцаў, што «ніякай ломкі ня будзе».

— Сам жа Ўсебеларускі народны сход лічаць «найвышэйшай формай народнай улады» толькі 28% (такой ён лічыцца афіцыйна), а амаль палова лічыць, што гэта «спэктакаль, які ўлада разыгрывае перад грамадзтвам». Праўда, даверу да Кангрэсу дэмакратычных сілаў болей нязначна — 28,2% лічаць яго «найвышэйшай формай нязгоды народу з палітыкай уладаў», 45% называюць «спэктаклем» і яго.

— 43,4% не пагадзіліся з тым, што на парлямэнцкіх выбарах «народнае волевыяўленьне пройдзе ў дэмакратычнай атмасфэры», нязгодныя 43,4%, згодныя толькі 38,4%. Але з тым, што, цытата, «беларускае выбарчае заканадаўства ня горшае, чым у дзяржавах, выбары якіх прызнаныя», большасьць (51,2%) згодная, ня згодная толькі траціна. З тым, што ў выбарчыя камісіі увойдуць вартыя людзі, таксама згодныя больш, чым нязгодныя, 45,1% супраць 34,7%. Але ў тое, што вынік выбару залежыць ад голасу рэспандэнта, вераць толькі 37,5%, ня вераць 45,5%.

XS
SM
MD
LG