Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня я дазволю сабе «зламаць фармат» Музыкалкі і напісаць не пра аднаго выканаўцу і не пра адну песьню, а пра цэлую жменю. На сваё апраўданьне маю дзьве рэчы.

Па-першае, Музыкалка на два тыдні пойдзе «ў летні адпачынак» і ў бліжэйшыя дзьве серады ня будзе абнаўляцца. Таму сёньняшняе выданьне — нешта накшталт кампэнсацыі для прыхільнікаў нашай рубрыкі, якія чакаюць яе штотыдзень. Будзе ажно сем розных аўдыё- і відэакліпаў.

Па-другое, сёньняшняе выданьне Музыкалкі — «выведка боем», што тычыцца пашырэньня тэматычнага дыяпазону нашай рубрыкі. Я нарэшце наважыўся прапанаваць нешта са скандынаўскага джазу, безь якога не магу ўявіць свайго жыцьця ўжо амаль дваццаць гадоў. Калі вам гэты від музыкі спадабаецца і вы на яго «падсядзеце», я абяцаю, што зраблю ўсё магчымае, каб яна заняла належнае сабе месца на музычных даляглядах (ці нават блізаглядах) прыхільнікаў Свабоды.

Я ня ведаю, чым вытлумачыць фэномэн скандынаўскага джазу, то бок не магу растлумачыць, чаму ўраджай на знакамітых джазавых музыкаў у Швэцыі, Нарвэгіі і Даніі выразна большы, чым сярод усіх іншых народаў Эўропы. Як, дарэчы, не магу растлумачыць, чаму ў Скандынавіі такія дабротныя аўтары дэтэктываў.

Значыць, сёньня пра скандынаўскі джаз толькі сыгнальна. Вось вам, так бы мовіць, яго галоўныя героі. Калі ўпадабаеце, больш дэталёвыя прэзэнтацыі не зачакаюцца.

1. Esbjörn Svensson Trio (або e.s.t.) са Швэцыі існавала ў 1993-2008 гадах. Яго складалі Эсб’ёрн Свэнсан (фартэпіяна), Дан Бэрглунд (кантрабас), Магнус Эстрэм (бубны). Свэнсан трагічна загінуў падчас дайвінгу ў чэрвені 2008. Шырэйшая вядомасьць да трыё прыйшла пасьля таго, як яны падпісалі кантракт зь мюнхэнскай фірмай гуказапісу ACT і выдалі альбом «From Gagarin’s Point of View» (1999). Тут яны граюць дзьве кампазыцыі са свайго альбому «Seven Days of Falling» (2003).

2. Тэр’е Рыпдаль (Terje Rypdal) — нарвэскі гітарыст-віртуоз, вэтэран скандынаўскага джазу. Запісвае для знакамітага мюнхэнскага лэйблу ECM. Паслухайце ягонай кампазыцыі «Skywards» («У неба») з аднайменнага альбому з 1997 году, і вам не спатрэбяцца ніякія словы, каб зразумець, які гэта музыка. На трубе тут грае датчанін, Пале Мікельбарг.

3. Хеціль Б’ёрнстад (Ketil Bjørnstad) — пра гэтага выдатнага нарвэскага джазавага піяніста і кампазытара з клясычнай музычнай адукацыяй я пісаў на сайце РС раней. Хеціль Б’ёрнстад — ня толькі выдатны музыка, але і адзін зь вядучых нарвэскіх пісьменьнікаў. У якасьці сёньняшняй музычнай візытоўкі прапаную ягоную кампазыцыю з альбому «The Sea» (ECM, 1995). На гітары грае Тэр’е Рыпдаль.

4. Ян Гарбарэк (Jan Garbarek) — саксафаніст, побач з Рыпдалем і Б’ёрнстадам трэці кіт джазавай музыкі ў Нарвэгіі. Тут ён грае з выдатнымі джаз-музыкантамі зь Нямеччыны і бубначом з Кот д’Івуару.

5. Ларс Данельсан (Lars Danielsson) — швэдзкі джазавы кантрабасіст, віялянчэліст і кампазытар. Кампазыцыя «Pasadoble» паходзіць з аднайменнага альбому з 2007 году, які Данельсан запісаў у суполцы з польскім піяністам Лешакам Можджэрам (Leszek Możdżer), які таксама выступае ў гэтым відэакліпе.

6. Пале Мікельбарг (Palle Mikkelborg) — дацкі трубач, па-мойму, адзін зь лепшых у сьвеце. Я проста не разумею, чаму Мікельбарг не запісаў ніводнага альбому як лідэр, а ўсюды выступае як sideman. У 1989 годзе нават зьявіўся альбом «Aura» з кампазыцыямі Мікельбарга, якія ён напісаў для самога Майлса Дэйвіса. Тут я прапаную паслухаць жывы выступ Пале Мікельбарга ў суполцы з Тэр’е Рыпдалем, які гэтым разам грае на сынтэзатары.

7. Tingval Trio — гэта, па-сутнасьці, міжнароднае трыё, але паколькі яго лідэрам зьяўляецца швэдзкі піяніст Марцін Тынгваль, дык я залічыў гэтую музыку да скандынаўскага джазу. Побач з Тынгвалем граюць кантрабасіст Амар Радрыгес Кальва з Кубы і бубнач Юрген Шпігел зь Нямеччыны. І то як граюць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG