Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея здыме забарону на наведваньне Турцыі


Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган (зьлева) і прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін
Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган (зьлева) і прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін

Расея плянуе зьняць абмежаваньні для расейскіх турыстаў на наведваньне Турцыі. Пра гэта ішла гаворка ў тэлефоннай размове прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімера Пуціна і прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана.

Падчас размовы паміж прэзыдэнтамі, якая стала першай зь лістапада мінулага году, Пуцін заявіў, што даручыць міністрам пачаць перамовы з Турцыяй аб аднаўленьні супрацоўніцтва ў гандлі, а таксама ў сфэры турызму.

«Расейскі лідэр заявіў, што даручыць ураду ўступіць у перамовы з адпаведнымі турэцкімі ведамствамі, з тым каб аднавіць узаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сфэрах. Адзначана таксама, што маецца на ўвазе зьняць абмежавальныя меры адносна наведваньня Турцыі расейскімі турыстамі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Крамля.

Расейскі бок адзначыў, што пры гэтым пажадана, каб турэцкі ўрад зрабіў дадатковыя крокі для гарантыі бясьпекі расейскіх грамадзян на тэрыторыі Турцыі.

Размова прэзыдэнтаў адбылася на ініцыятыву Масквы і доўжылася каля 45 хвілін. Сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы ўжо ацанілі яе як «вельмі прадуктыўную і пазытыўную».

У паведамленьні канцылярыі прэзыдэнта Турцыі, якое цытуе Reuters, гаворыцца, што Пуцін і Эрдаган дамовіліся пра асабістую сустрэчу. Абодва лідэры выказалі рашучасьць «аднавіць двухбаковыя адносіны і змагацца з тэрарызмам».

У аўторак прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў паведамляў, што Пуцін вырашыў патэлефанаваць турэцкаму прэзыдэнту пасьля атрыманьня ў панядзелак пасланьня Эрдагана, у якім той выказаў спачуваньні ў сувязі з гібельлю расейскага лётчыка, чый самалёт СУ-24 быў зьбіты турэцкімі зьнішчальнікамі. Пазьней Эрдаган заявіў, што ён разьлічвае на хуткую нармалізацыю адносінаў з Расеяй.

Неўзабаве пасьля інцыдэнту з расейскім СУ-24 Крэмль увёў санкцыі ў дачыненьні да Турцыі. Умовамі для іх адмены Пуцін называў прабачэньні з боку турэцкага кіраўніцтва, пакрыцьцё шкоды і пакараньне вінаватых. Учора Турцыя заявіла, што ня мае намеру выплачваць Расеі кампэнсацыю за зьбіты бамбавік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG