Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто прыдумаў «нячыстыя» грошы?


Грошы ля жорнаў на могілках, Бярэзінскі раён

Грошы ля жорнаў на могілках, Бярэзінскі раён

Гэтымі днямі ў Беларусі толькі і размоваў, што пра грошы. Краіна жыве плянаванай дэнамінацыяй. Цяжэй, ці лягчэй стане жыць? Ці не пачнуць людзі адзін другога падманваць? Ці можна будзе заашчадзіць? Зрэшты, грошы і залежныя ад іх дабрабыт, шчасьце, няшчасьці, нават каханьне, здароўе спрадвеку ва ўсіх народаў сьвету — адна з найважнейшых тэмаў і праблемаў. І асаблівую цікавасьць выклікаюць грошы «нядобрыя», «нячыстыя». Беларусы ў гэтым не выключэньне. Перадусім пра грошы, «нядобрыя» ва ўяўленьнях беларусаў, і іх месца ў беларускай карціне сьвету мы гутарым з этнакультуролягам Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Тацяна, якое традыцыйнае стаўленьне беларусаў да грошай? Як да абсалютнай каштоўнасьці? Ці як да зла, якое мае дэманічны характар, д’ябальскае паходжаньне і якое адпаведна ўплывае на чалавека?

Тацяна Валодзіна: У нашай сёньняшняй неадназначнай сытуацыі я ўсё ж зьвярну ўвагу найперш на дэманічным аспэкце грошай, на іх «нячыстым» характары. Пачнем з таго, што самі грошы прыдумаў чорт, варыўшы ў кацялку чалавечыя сьлёзы. Але вылучаюцца і канкрэтныя ўзоры заклятых грошай — неразьменны рубель, прынесеныя чортам багацьці. Асобнай катэгорыяй «нядобрых» грошай быў і «ліхі чацьвяртак», які пасьля куплі на яго тавару і атрыманьня рэшты, заўсёды вяртаўся да свайго гаспадара. Ва Ўсходнім Палесьсі ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя такі статус мелі даўнейшыя грошы — срэбраны рубель (чацьвяртак) часоў Пятра Першага ці Кацярыны Другой, якія трапляліся пераважна тым, хто прадае крадзеныя альбо ахвярныя рэчы. Ахвярныя (ці аброчныя) рэчы прызначаныя Богу (вышываныя ручнікі, аброчныя тканіны і г. д.). Пазбавіцца ад такіх грошай можна было толькі з дапамогай моцнага знахара, бо, як верылі, чорт сядзеў непасрэдна ў манэце і кіраваў ёю. Паводле народных уяўленьняў, сярод грошай, атрыманых на кірмашы ад незнаёмых людзей, маглі сустрэцца «сурочаныя», якія прыводзілі да зводу ўсіх грошай у чалавека. З тым, каб адвесьці сурокі ад грошай, на іх тройчы сплёўвалі.

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

— Неаднойчы мне даводзілася чуць на вёсках пра зьмяіныя грошы. Іх зьмеі прыдумалі, ці прынесьлі? І ўвогуле, які сэнс людзі ўкладалі ў гэты выраз?

— У беларускай традыцыі звышнатуральнымі падаўцамі грошай выступаюць і зьмеепадобныя міталягічныя істоты: Вужыны Кароль, Цмок, Хут. Пры гэтым, грошы, атрыманыя ад іх, мелі даволі легітымны статус у вачох грамады, а чалавек, што іх атрымліваў, лічыўся шчасьліўцам. Гэтак пра багатага казалі: «Яму зьмей грошы носіць». Каб атрымаць такога духа-ўзбагачальніка, патрабавалася, ні многа ні мала, выгадаваць для сябе зьмея-памочніка. Гэта ня проста, скажу адразу. Трэба гадаваць чорнага пеўня сем гадоў, пад канец сёмага году прыпільнаваць, калі зьнясе ён яечка. Ён зьнясе, такое амаль чорнае і невялічкае, моцна калянае. Тое яйка трэба насіць пад пахаю яшчэ доўгі час. Але ў гэты час нельга ні мыцца, ні хрысьціцца, словам, паводзіць сябе як нейкі нячысьцік. Вось тады і вылупіцца маленькае зьмеяня. Яго трэба песьціць і нічым не раздражняць. Падросшы, ён пачне лятаць і насіць грошы свайму гаспадару.

— Дык нібыта і нескладана! І што, насіў?

— Насіў, расказваюць. Але да пары, да часу. Па-першае, такі лятавец вымагаў надта далікатнага з сабой абыходжаньня, асабліва не цярпеў кпінаў. Карміць яго трэба толькі несалёнай яешняй. А ў бальшыні аповедаў гаворка ідзе пра тое, што хтосьці ці насьмеціў трохі ў тую яешню, ці паставіў у іншае месца, ці яшчэ штось... А вось помсьціць такі зьмей люта — проста спальвае сядзібы. Да таго ж у традыцыі існаваў закон абмежаванай грашовай масы ў цэлым. Значыць, багацьця. Яго ёсьць у сьвеце столькі, колькі ёсьць, і больш стаць ня можа. Паміж людзьмі ці чалавекам і яго суседзямі маглі адбывацца калі толькі апэрацыі пераразьмеркаваньня. І таму, калі зьмей грошы насіў (ці там збожжа), ён іх браў не з паветра, а канкрэтна з куфэркаў і застаронкаў кагосьці іншага. А каму ж тое спадабаецца?..

Ганцавіцкія бабулі апавядаюць пра даўнія грошы. Фота Т.Валодзінай

Ганцавіцкія бабулі апавядаюць пра даўнія грошы. Фота Т.Валодзінай

— А прыносіў ён цэлы гаршчок золата, ці бочку з грашыма?

— А вось тут у сілу ўступае яшчэ адзін закон традыцыйнай культуры. Так, сапраўды, існуе вялікі блёк апавяданьняў пра атрыманьне чалавекам ад нячыстага грошай. Часьцей за нейкую паслугу. Насыпае чорт, скажам, музыку за тое, што іграў чартоўскаму вясельлю, поўныя кішэні грошай. Вяртаецца той — аж кішэні поўныя шышак, трэсак, а то і проста калу. Або падарожнаму, што падвёз дзіўнага чорнага фацэта, той плаціць гаршчком золата, а раніцай ён поўны конскага гною. Інвэрсія «грошы — нечыстоты» ў фальклёрнай сьвядомасьці настолькі ўнівэрсальная і, як кажуць, жалезная, што збояў амаль няма. Нават у снах убачыць туалетныя справы — да нечаканага багацьця. Магічная трансфармацыя такіх рэчаў, як вугольле або гной, у грошы (і назад) адбываецца зь пераходам паміж сьветамі. Відавочна, што грошы прадстаўнікам таго сьвету рабіць нескладана. Іншымі словамі, у чорта ёсьць неабмежаваны доступ да крыніцы багацьця. А гэта таксама значыць, што для яго (і ўсіх астатніх прадстаўнікоў іншага сьвету) грошы каштоўнасьці не ўяўляюць. На тым сьвеце грошы — проста сьмецьце.

— Даводзілася бачыць, як некаторыя людзі носяць у кашальку з грашыма даляравую купюру ці яшчэ якую адметную банкноту — нібыта на «развод» грошай. А ў фальклёры, ці быў такі грашовы талісман?

— Быў. І яшчэ які: інклюз, або неразьменны рубель. Прычым, ня проста талісман, але грашовы сродак — манэтка з цудоўнай уласьцівасьцю заўсёды вяртацца ў кішэню да свайго ўладальніка, што б ён ні купляў. Вось заплаціў, пайшоў, а толькі адышоўся ад купца ці з крамы — а рубель той ужо ляжыць на месцы. Гэта свайго роду наіўнае ўвасабленьне ўяўленьняў аб бясконцым багацьці.

Грошы ля «растучага» крыжа ў Тураве. Здымак Т.Валодзінай

Грошы ля «растучага» крыжа ў Тураве. Здымак Т.Валодзінай

— А як здабыць такі слаўны рубель?

— Вельмі цяжка, вельмі. Бо будзем казаць прама — такія талісманы не ад Бога, ясна ж, але ад нячыстага. У заходнебеларускіх павер’ях, у Велікодную ноч неразьменны рубель магчыма было выменяць у чорта. У якасьці абмену — чорны кот, перавязаны шпагатам з мноствам вузельчыкаў. Нячысты пачне іх разьвязваць, а сьмяльчак мусіць ляцець што сілачкі дадому, бо той, разьвязаўшы, кінецца ўсьлед і можа задушыць. Вось вам яшчэ адзін нядаўні запіс, ад беларусаў Віленшчыны:

«У лазьні, калісьці казалі, у лазьні... Такія, гэта во была... Есьлі лазьня ёсьць, трэба ўзяць чорнаго ката і запутаць яго так, каб ён скора ні атпутаўся толька. І ісьці ў лазьню, і сядзець у лазьні. Прыдзе купец і будзе купляць гэтаго ката. Купя гэтаго ката і дасьць табе грошы. І ты прыдзіш дахаты... Тока трэба ўцякаць тады скарэй, бо есьлі ён распутае і будзе... Ну і тады, есьлі ён распутае этаго ката скора, і цябе дагоня, так ён цябе задавя. І такія грошы дасьць табе, што ты прыдзіш у магазы́н, набярэш чаго захочаш, прыдзіш дахаты і грошы ў кішані́ будуць! Грошы этыя за табой прыдуць».

Цікава, што ў сёньняшніх умовах такім рублём можа быць папяровы рубель, ужо ня срэбраны, як калісьці. Ды і купцы сталі мо разумнейшыя, навучыліся, каб тыя заклятыя грошы не павыводзілі ўсяго з крамы. Бабуля расказвае далей:

«Ну і тады адзін чалавек прадаў гэтаго ката, а ўжо знаў магазыне́р гэны, што рабіў. Знаў ужо гэты, што ён этыя грошы мае. Так ён тады кажа, гэты во... Узяў гэтыя грошы ад яго і цьвяком прыбіў да сьцяны. То так крычалі, так вырываліся гэтыя грошы! Цэлыя суткі круціліся на гэтым цьвяку, каб сарвацца! Але ні сарваліся».

— Можна толькі шкадаваць, што такі незвычайны рубель выдзяляецца чортам і ня можна атрымаць яго проста ў падарунак. Ці ўсё ж можна?

— Інклюз — не. Але ў казках людзі сумленныя, шчырыя, а самае галоўнае — добрыя і чулыя, могуць атрымаць ад духаў цудоўныя казачныя прадметы «бестэрміновага дзеяньня» — гаршчочак, які бясконца варыць ежу; палатно, якое не канчаецца; бясконцыя пары новага абутку, якія зьяўляюцца ў майстэрні шаўца. Такія прадметы героі казак атрымліваюць ад міталягічнага пэрсанажу таксама ў якасьці своеасаблівага выпрабаваньня, праверкі чалавека на маральныя якасьці (шчодрасьць, прагнасьць). Дарэчы, як правіла, чалавек такога выпрабаваньня не праходзіць.

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі. Здымак Т.Мармыш

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі. Здымак Т.Мармыш

— Няма сумневаў, што чалавек ва ўсе часы хацеў разбагацець, і каб адразу і без асаблівых намаганьняў. Гэтак званая грашовая магія фіксуецца ад самых даўніх часоў і дажыла да нашых дзён. А мо наадварот — затухае? Як пра тое сьведчаць вашы палявыя экспэдыцыі?

— Я сказала б, што грашовая магія амаль цалкам перамясьцілася зь вёскі ў горад. Старэйшыя вяскоўцы яшчэ расказваюць пра даўнішнія бяскрыўдныя парады — накшталт патрэсьці грашыма, як першы раз пачуеш зязюльку. А вось у сучасным горадзе распрацаваны цэлы арсэнал. Я знарок ня стану пра гэта казаць, бо ня хочацца распаўсюджваць падобнага роду забабоны. А вось зь вясковых запісаў яшчэ адзін, тым больш актуальны па часе, агучу. У Гарадоцкім раёне ў вёсцы Маскаленяты расказвалі, што грошы можна «выседзець»:

«На Йвана папараць выкапаюць, становюць на стол і выседжваюць грошы. І папараць шавяліцца, шавяліцца, мухі над ёй лятаюць. І бываюць ад гэтага грошы. А ці праўда?»

Дарэчы, тая жаданая папараць-кветка ў асобных запісах гэтаксама магла дапамагчы з адшуканьнем грошай, скарбу.

— Грошы ў падобных аповедах паўстаюць як жывыя. Як такое можа быць?

— Праўда, у беларускіх паданьнях грошы пішчаць, пераходзяць адзін да аднаго, скарбы перасушваюцца ў Купальскую ноч, мігцяць агеньчыкамі, а могуць нават перамяшчацца з аднаго месца на другое. Прытым прырода рэагуе на такое перамяшчэньне віхурай і непагадзьдзю.

«А во ў нас мы жылі на футарі. Проці Шарыпіна, а мы тут пад гарой, там дзе баня. Так тады стаяла баня, а дуб стаіць старінны там, а мы ўзялі, абкапалі зямлю там, і вырубілі баню, харошую, харошэнькая была. Так тры года адстояла, а тады на Йвана Купалу как зашумела. А матка вышла на гору:

— Хадзі, — гаворыць, — сынок, паглядзі! Што такое затрашчэла?

Как зашумела, і ў бане ўсё зьвярнулася, усё абярнулася, і з дубу некая зямля панасыпана. Што было? А тады кругом нашай хаты ў роў, — а там роў глубокій туды дальшэй, дзьвесьце метраў ат хаты — там роў. Так і арэшнік затрашчэў, і ўсё затрышчэў — і цішына стала. Мы глядзім — і баню зьвярнула нашу. Так асака была, аж зьвілася ў трубы, віхор. Арэшнік кала нас быў, кусты етыя пазьвілісь. І нідзе нічога ня стала. Вот віхор так віхор.

— Так а што то было?

— Эта была — заклятыя дзеньгі перайшлі на другое места» (Віцебскі раён).

— Што з народнага, традыцыйнага разуменьня грошай засталося ва ўяўленьнях беларусаў і да нашых дзён?

— Найперш тое, што грошы могуць патрапіць да чалавека не заўсёды чыстым шляхам. Але, як сьцьвярджае народная мараль, грошы, не заробленыя тваім потам і тваёй крывёю, як прыйдуць да цябе, так і пойдуць у нікуды.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG