Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Славаччыне правалілася ідэя «паўтарэньня Brexit»


Выхаду Славаччыны з ЭЗ (Slovexit) ня хоча большасьць славакаў, нават найбольшыя эўраскептыкі і крытыкі Брусэля.

Пра гэта піша Aktuality.

Выданьне адзначае, што ідэя Марʼяна Котлебы, лідэра ультраправай славацкай Народнай партыі па зборы подпісаў пад пэтыцыяй аб рэфэрэндуме ў пытаньні выхаду Славаччыны з ЭЗ, не знайшла падтрымкі ў грамадзтве.

Адпаведную пэтыцыю, якую запусьцілі напярэдадні прадстаўнікі партыі Котлебы, не падтрымаў нават лідэр апазыцыйнага руху «Мы — сямʼя» Барыс Колар. Адзін з самых вядомых славацкіх эўраскептыкаў адзначыў, што ён вітае вынікі рэфэрэндуму ў Брытаніі, аднак ня лічыць, што выхад з ЭЗ выгадны для Славаччыны, бо ў выпадку выхаду яго краіны з ЭЗ шмат славакаў страцяць працу.

Яшчэ адзін знакаміты эўраскептык са Славаччыны Рычард Сулік адзначыў, што для Славаччыны выхад з ЭЗ «ня мае ніякага сэнсу. Славаччына ў шэнгенскай зоне, атрымлівае значныя фінансавыя сродкі з фондаў ЭЗ, і гэтыя перавагі на дадзеным этапе даюць краіне больш, чым выхад з ЭЗ».

Славацкая нацыянальная партыя, не камэнтуе сытуацыю, аднак яе лідэр Андрэй Данка адзначыў, што «выхад з ЭЗ не зьяўляецца добрым рашэньнем».

«Славаччына — гэта не Вялікабрытанія, тут няма такой праблемы зь мігрантамі, як у Злучаным Каралеўстве, таму... я не разумею, чаму б славакі прагаласавалі за выхад з ЭЗ», — цытуе выданьне палітоляга Яна Баранка.

Меркаваньне палітыкаў і палітолягаў пацьвярджаюць і вынікі чэрвеньскага сацыялягічнага апытаньня, якія сьведчаць, што супраць выхаду Славаччыны з ЭЗ у выпадку такога рэфэрэндуму прагаласавалі б 62,1% славакаў.

Раней паведамлялася, што славацкія ўльтраправыя запускаюць пэтыцыю аб рэфэрэндуме наконт сяброўства краіны ў ЭЗ.

XS
SM
MD
LG