Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якое значэньне для Беларусі будзе мець падпісаньне Беларускай калійнай кампаніяй кантракту з Індыяй? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: 27 чэрвеня 2016 году кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі ў Нью-Дэлі падпісала кантракт кампаніяй IPL на пастаўку калійных угнаеньняў на індыйскі рынак на 2016-2017 фінансавы год. Падзея для Беларусі настолькі важная, што яе анансаваў на Ўсебеларускім народным сходзе сам Аляксандар Лукашэнка. Выглядала, што гэта быў адзін з двух падарункаў сходу. Першы — гэта пасьпяховыя выпрабаваньне ракетнага комплексу «Паланэз». І вось другі — кантракт з Індыяй на пастаўку калію.

У БКК тры галоўных спажыўца: Індыя, Кітай і Бразылія. Перамовы зь імі заўсёды ідуць доўга і цяжка, бакі таргуюцца за кожны даляр.

Гэтым годам у параўнаньні зь мінулым калійны рынак упаў усьлед за нафтавым, цэны панізіліся. За тры месяцы даходы Беларусі ад экспарту калію скараціліся на 35,3%,

У кантракт з індыйскай кампаніяў закладзена цана 227 даляраў за тону. У мінулым годзе пастаўкі ажыцьцяўляліся па цане 332 даляры за тону. Падзеньне больш чым на 100 даляраў, амаль на трэць. Але адмыслоўцы даводзяць: усё, што вышэй 220 даляраў за тону — вельмі добрая цана.

Цяпер на парадку дня — новы кантракт з Кітаем. Прадказваюць, што цана тоны будзе не ніжэйшая за той, які прадугледжаны у індыйскім кантракце.

Для Беларусі экспарт калію займае ў агульным экспарце ў розныя часы, у залежнасьці ад усясьветных цэнаў, ад 14 да 20%. Разам з экспартам нафтапрадуктаў гэта складае каля паловы экспарту. Клясычная рэнтная эканоміка

Мінулым годам Беларусь дасягнула максымальнай долі на ўсясьветным рынку — 19%. Для Беларусі экспарт калію займае ў агульным экспарце ў розныя часы, у залежнасьці ад усясьветных цэнаў, ад 14 да 20%. Разам з экспартам нафтапрадуктаў гэта складае каля паловы экспарту. Клясычная рэнтная эканоміка.

І ўлады хацелі б захаваць такую эканоміку. На Ўсебеларускім народным сходзе Лукашэнка хваліўся, што будуецца яшчэ два прадпрыемствы па здабычы калію: пад Петрыкавам і Любаньню. «І мы станем поўнымі гаспадарамі на сусьветным калійным рынку», пахваляўся ён. Беларусь гатовы аднавіць супрацоўніцтва з «Уралкаліем», але на беларускіх умовах.

Таксама не выпадкова Лукашэнка так настойліва патрабуе знайсьці на тэрыторыі Беларусі нафту і газ. Тады ня трэба ніякія рэформы.

Дракахруст: Я не зусім пагаджуся з вамі, калі вы кажаце, што калі палова экспарту прыпадае на карысныя выкапні — гэта рэнтная эканоміка. Рэнтная эканоміка — гэта калі гэтая доля значна большая. У якога-небудь Азэрбайджану гэта значна больш — тры чвэрці, у іншых краінах гэта больш за палову. А калі ў Беларусі палова, то гэта ня сьведчыць пра тое, што беларуская эканоміка — гэта адно перапампоўка прыродных рэсурсаў.

Калі мы параўнаем Беларусь зь іншымі краінамі рэгіёну, дык хіба Малдова ці Ўкраіна на Захад альбо ў Расею хай-тэк пастаўляюць? Харчаваньне і іншае, што таксама ня ёсьць таварамі з высокай даданай вартасьцю. Што могуць, тое і пастаўляюць.

Гэты калійны кантракт сапраўды выгадны, удалы, але нават калі Беларусь сапраўды зойме манапольнае становішча на рынку калійных угнаеньняў, то ўсё роўна гэта праблемаў эканомікі кардынальна ня вырашыць. Гэты рынак надта вузкі і па вялікім рахунку надта танны. Калійныя ўгнаеньні — гэта ня нафта. Калійныя ўгнаеньні ня могуць зрабіць Беларусь краінай пераважна аднаго тавару кшталту таго ж Азэрбайджану.

Калі мы параўнаем Беларусь зь іншымі краінамі рэгіёну, дык хіба Малдова ці Ўкраіна на Захад альбо ў Расею хай-тэк пастаўляюць? Харчаваньне і іншае, што таксама ня ёсьць таварамі з высокай даданай вартасьцю

Гэта добра, што атрымліваецца гэта прадаваць, хоць цэны падаюць. Як казаў прэм’ер Андрэй Кабякоў, аб’ёмы павялічваюцца, фізычныя выручка ж падае. Нельга казаць, што ўлады кінуць усё на калійныя ўгнаеньні і забудуць пра рэформы, і не таму, што яны так ня хочуць. А таму што калійны рынак такі.

Цыганкоў: Можна паразважаць наконт таго, наколькі гэта вялікая ўдача, як яе прадстаўляюць беларускія ўлады, у заключэньні гэтага кантракту. 332 даляры было, 227 стала — гэта вельмі адносная ўдача. Удача ў тым, што ўсё ж удалося заключыць кантракт, аб’ёмы вялікія, і на бліжэйшы час, на год як мінімум, гэта праца ёсьць, пакупнік ёсьць.

Але відавочна, што на рынку карысных выкапняў на дадзены момант менавіта пакупнікі вызначаюць умовы. Калі б 2-3 гады таму беларусам сказалі б, што будуць прадаваць за 227 даляраў, яны б не паверылі, паколькі тады была тэндэнцыя на рост цэнаў. І тут зараз такое падзеньне. Адносна крызысу посьпех тое, што хаця б заключылі.

Продаж прыродных рэсурсаў не гарантуе бязьбеднае існаваньне ніякай краіне, найбольшае падзеньня зараз якраз спазналі Азэрбайджан, Расея і іншыя пэтрадзяржавы, больш залежныя ад карысных выкапняў, у дадзеным выпадку энэргарэсурсаў

Продаж прыродных рэсурсаў не гарантуе бязьбеднае існаваньне ніякай краіне, найбольшае падзеньня зараз якраз спазналі Азэрбайджан, Расея і іншыя пэтрадзяржавы, больш залежныя ад карысных выкапняў, у дадзеным выпадку энэргарэсурсаў.

Але, напрыклад, Арабскія эміраты апошнія дзесяцігодзьдзі рэалізоўвалі вялікую праграму, каб ператварыць сваю эканоміку ў менш залежную ад нафтапрадуктаў, укладаюць у інавацыі, у адукацыю, у доўгатэрміновыя праекты. Нічога гэтага ня робіцца ў Расеі ці Азэрбайджане. Гэта ўрок Беларусі.

Палова экспарту эканомікі гэта ўсё ж вялікая лічба, дастатковая, каб называць такую эканоміку рэнтнай. Яна больш залежная ад зьнешніх уплываў, чым астатнія 50%, якія больш залежаць ад тэхналёгіі і працаздольнасьці ўдзельнікаў гэтага эканамічнага працэсу.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG