Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыянэраў не пускаюць у выбарчыя камісіі?


Пра што сьведчыць першы этап выбарчай кампаніі? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Выбарчая кампанія — такая рэч, якая ідзе ў беларускім грамадзтве непрыкметна, але можна адзначыць, што адбыўся яе першы этап. 27-га чэрвеня ў Беларусі скончылася фармаваньне абласных выбарчых акруговых камісіяў.

З гэтай нагоды партыя БНФ даслала свой прэс-рэліз. іншыя дэмакратычныя сілы так хутка яшчэ не адрэагавалі. БНФ паведамляе, што ў абласныя камісіі былі ўключаныя толькі два сябра партыі з 6 вылучаных. У акруговую выбарчую камісію патрапілі толькі 6 чалавек ад БНФ з 45-ці, якія вылучаліся ад БНФ і грамадзкага аб’яднаньня «БНФ-Адраджэньне».

У сваім кароткім камэнтары лідэр БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што выбарчыя камісіі сфармаваныя з рэкордна малым прадстаўніцтвам БНФ і скараціліся ў два разы з мінулых выбараў 2012 году. «Я расцэньваю гэта як сьведчаньне намераў уладаў правесьці выбары па звыклым адміністратыўным сцэнары», — кажа Янукевіч. — «Выбарчыя камісіі сфармаваныя фактычна без удзелу апазыцыі, і будуць гатовыя выканаць любы загад уладаў».

Тут той выпадак, калі з кіраўніком БНФ цяжка не пагадзіцца, паколькі аналізуючы тое, як улады зьбіраюцца праводзіць выбары, кожны раз у беларускіх умовах мы канцэнтруемся вакол таго, як будуць сфармаваныя выбарчыя камісія і па якіх нормах будзе праходзіць падлік галасоў, як будуць абвяшчацца вынікі галасаваньня.

Можна меркаваць, што такое ж прадстаўніцтва ў камісіях, як і ў БНФ, будзе і ў іншых дэмакратычных партыяў і арганізацыяў — мінімальнае, а хутчэй за ўсё нават рэкордна мінімальнае, яшчэ менш чым у 2012-м годзе

Гэта тыя галоўныя моманты, паводле якіх можна меркаваць, ці ўлады гатовыя пайсьці на справядлівы і празрысты падлік галасоў. Можна меркаваць, што такое ж прадстаўніцтва ў камісіях, як і ў БНФ, будзе і ў іншых дэмакратычных партыяў і арганізацыяў — мінімальнае, а хутчэй за ўсё нават рэкордна мінімальнае, яшчэ менш чым у 2012-м годзе.

Выглядае, што ўлада зьбіраецца праводзіць выбары як звычайна і гатовая пайсьці на любыя сымбалічныя, нязначныя і інфармацыйна прыкметныя паляпшэньні, якія будуць патрабаваць эўрапейцы, але не дапусьціць самага галоўнага — прысутнасьці прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях. Тыя могуць альбо засьведчыць несправядлівы падлік галасоў, альбо ў іх прысутнасьці давядзецца лічыць іх сумленна.

Карбалевіч: Усё разьвіваецца паводле звычайнага сцэнару. Было б дзіўна, каб апазыцыянэраў пусьцілі ў выбарчыя камісіі.

Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на новую зьяву. Паводле новых правілаў, вылучэньне ў выбарчыя камісіі цяпер павінна адбывацца публічна. Выканкамы павіны тлумачыць, чаму яны выбіраюць менавіта гэтых грамадзян у камісіі. У некаторых выканкамах адбывалася рэйтынгавае галасаваньне.

Паводле новых правілаў, вылучэньне ў выбарчыя камісіі цяпер павінна адбывацца публічна. Выканкамы павіны тлумачыць, чаму яны выбіраюць менавіта гэтых грамадзян у камісіі.

І вось тут выяўляецца цікавая рэч. З фармальнага гледзішча сацыяльны статус прадстаўнікоў апазыцыі ня самы лепшы. Сярод іх ёсьць людзі, якія прыцягваліся да адміністрацыйная адказнасьці за сваю апазыцыйную дзейнасьць. Але гэта фармальная юрыдычная падстава, каб ім адмовіць.

Ці, напрыклад, вылучаюцца беспрацоўныя. І гэта ўжо вялікая праблема не толькі падчас вылучэньня кандыдатаў у выбарчыя камісіі, але і кандыдатаў у дэпутаты. Калі ў акрузе супернічае апазыцыянэр, які значыцца альбо беспрацоўным, альбо працуе ў нейкай мала зразумелай для выбаршчыка грамадзкай арганізацыі, і кандыдат ад улады, які працуе дырэктарам ці намесьніка дырэктара прадпрыемства, ці доктарам, ці дырэктарам школы, то сымпатыі абывацеляў, хутчэй за ўсё, будуць на баку апошніх.

Такія зьявы мы бачылі і падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Лягічнае пытаньне: ты зьбіраесься кіраваць дзяржавай, а кім ты працуеш, які у цябе кіроўны досьвед? І даць пераканаўчы для выбаршчыка адказ на такое пытаньне прадстаўнік апазыцыі ня можа.

То бок праблема ў тым, што за 20 гадоў рэжыму ўдалося маргіналізаваць апазыцыю ня толькі ў палітычным, але і сацыяльным сэнсе. І гэта вялікая праблема. З гэтай прычыны ўлады могуць дазволіць сабе нават невялічкую лібэралізацыю выбарчых працэдур.

Дракахруст: Я згодны, што пэўная лібэралізацыя магчымая, нават можна сказаць, у чым яна можа палягаць: можа будзе больш шырокі доступ да СМІ, запросяць палітыкаў у нейкую дыскусійную перадачу на ТБ, што і ўжо адбываецца. Могуць дазволіць мітынг, сустрэчу з выбаршчыкамі, сьцяг — у той ці іншай ступені, у розных месцах па-рознаму, але гэта ў прынцыпе магчыма.

Тое, што тычыцца інфраструктуры выбараў, а менавіта выбарчых камісіяў — здаецца, тут самыя вялікія аптымісты не спадзяваліся на тое, што будзе нейкі істотны зрух. Адзінае, што можна сказаць — зразумела, гэтыя ўсе працэдуры, ўмовы выбараў вельмі важныя. Але па нашым з вамі досьведзе самае важнае — гэта дух часу. Гэта настрой людзей.

Мы ўжо забыліся, што тады выбарчыя камісіі фармавала кампартыя, ніякіх апазыцыянэраў там і блізка не было, і нават у галаву не прыходзіла нікому, як апазыцыянэра і ўключыць у камісію. Але іншы быў час, і тыя самыя прызначаныя людзі больш-менш сумленна лічылі галасы.

Падчас выбараў у часы перабудовы, першых больш-менш свабодных, абралі і Пазьняка, і апазыцыю БНФ, і Шушкевіча дэпутатам СССР. Мы ўжо забыліся, што тады выбарчыя камісіі фармавала кампартыя, ніякіх апазыцыянэраў там і блізка не было, і нават у галаву не прыходзіла нікому, як апазыцыянэра і ўключыць у камісію. Але іншы быў час, і тыя самыя прызначаныя людзі больш-менш сумленна лічылі галасы.

Той мэханізм, пра які вы, Валер, сказалі — так, дык гэта паказьнік часу. Тады маглі вылучыць вопытнага гаспадарніка, партыйнага кіраўніка, супраць яго — ледзь не навучэнца, мастацтвазнаўцу, і выйгравалі. І колькі такіх выбараў тады было. Тады гэтыя рэгаліі, досьвед гаспадарчай працы савецкай, працаваў супраць такога кандыдата. А зараз наадварот.

І таму спадзеў на тое, што нешта ў беларускім грамадзтве мяняецца, што нейкія «гронкі гневу» сасьпеюць, дадуць эфэкт, і тады ўся гэтая эшалянаваная сыстэма абароны дзяржавы супраць народнага волевыяўленьня можа скласьціся як картачны дамок, як гэта бывала і ў Беларусі, і ў іншых месцах.

Ну а не — дык не. Яна і задуманая дзеля таго, каб бараніцца ад народнага волевыяўленьня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG