Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новаабраны прэзыдэнт Ісьляндыі вучыў расейскую мову і лічыць сябе сябрам Расеі


Гудні Ёўханэсан. Фота са стронкі ў Фэйсбуку: Guðni Th. 2016
Гудні Ёўханэсан. Фота са стронкі ў Фэйсбуку: Guðni Th. 2016

Радыё Свабода: Наступствы далучэньня Ісьляндыі да санкцый супраць Расеі за анэксію Крыму і вайну на ўсходзе Ўкраіны ісьляндзкае грамадзтва ўспрымае па-рознаму: з аднаго боку, гэта пацьверджаньне салідарнасьці з Захадам і агульных каштоўнасьцей, з другога — немалыя эканамічныя страты для адной зь вядучых галін краіны. Ці быў, на вашу думку, гэты крок неабходны?

Ёўханэсан: Да гэтага рашэньня далучаны ўрад Ісьляндыі. І ўрад мае падтрымку парлямэнту. Прэзыдэнт павінен трымаць сваё асабістае меркаваньне наконт гэтага пры сабе. Ісьляндыя — член НАТО, мае сувязі з Эўрапейскім Зьвязам і зьяўляецца часткай больш шырокай кааліцыі, якая прымае рашэньне аб увядзеньні гэтых эканамічных санкцый, на якія афіцыйная Масква адказала аналягічнымі санкцыямі. Я асабіста лічу сябе сябрам расейцаў у Ісьляндыі. Я год вучыў рускую мову і меў намер працягнуць навучаньне, але тады ў мяне зьявілася дзіця і сям’я, таму не было магчымасьці. Але ў мяне добрыя адносіны з расейскім амбасадарам у Ісьляндыі. Мы ветліва абмеркавалі сытуацыю. Як прэзыдэнт я ня буду ўмешвацца ў спрэчкі і дэбаты, але ўважліва сачыць за імі. Думаю, што чыноўнікі як у Маскве, так і ў Рэйк’явіку чакаюць, калі сытуацыя стане такой, якая дасьць магчымасьць адмяніць санкцыі, бо сяброўскія гандлёвыя адносіны павінны ў доўгатэрміновай пэрспэктыве быць на карысьць усім.

Радыё Свабода: Як наконт эўрапейскіх пэрспэктыў?

Ёўханэсан: Я, вядома ж, ня буду працаваць ні за, ні супраць сяброўства Ісьляндыі ў ЭЗ. Хай выбаршчыкі вырашаюць. Зноў жа як гісторык, улічваючы падзеі апошніх гадоў, я перакананы, што нам і тут трэба вучыцца ў мінулага. У 2009 годзе ў Ісьляндыі была левая кааліцыя — сацыял-дэмакраты і сацыялісты, — калі прынялі рашэньне падаваць заяву на сяброўства. Зрэшты сацыялісты на самай справе былі супраць. Азіраючыся на папярэдні вопыт, мы ўсьведамляем, што патрэбен быў нацыянальны рэфэрэндум па пытаньні як такога: ці трэба нам сяброўства? Бо думкі ўнутры ўраду па гэтым пытаньні разыходзяцца.

У бліжэйшы час прыйдзе новы ўрад і захоча перазагрузіць перамовы з Бруселем. Але спачатку яму трэба вынесьці гэтае пытаньне на рэфэрэндум. Людзі вучацца ў мінулым. І нам, ісьляндцам, як і іншым краінам, трэба ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзей унутры ЭЗ. Паглядзіце, што адбываецца ў Вялікабрытаніі. Што за саюз мы будзем мець у выніку? Эўрапейскую супольнасьць, як у старыя часы? Наколькі зручным будзе такое таварыства для Ісьляндыі? У канцы 80-х і ў пачатку 90-х многія чыноўнікаў выступалі за тое, каб падаць заяўку на сяброўства і глядзець, што там будзе далей. Цяпер гэтыя ж людзі — заўзятыя эўраскептыкі.

Радыё Свабода: На завяршэньне — пра іншыя эўрапэрспэктывы: спартовыя. Ісьляндыю ўжо ахрысьцілі «футбольным цудам». Як тут змагацца з пагардай?

Ёўханэсан: Я сам зь сям’і спартоўцаў. Абодва мае браты — мая падтрымка № 1 — гулялі ў гандбол, адзін зь іх прафэсійна, у нацыянальнай зборнай. Я сачу за матчамі ў перапынках паміж сустрэчамі. Спорт навучыў мяне рэчам, якія я выкарыстоўваю і ў сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Акрамя пляцоўкі і пляну, патрэбна вытрымка, трэба ўмець трымаць сябе, калі прадстаўнікі іншай каманды спрабуюць цябе засмуціць. Што б ні здарылася, трэба быць спакойным. Як вучыла мяне мая бабуля, усё, што робіш, рабі добра і ня бойся. Я стараюся прытрымлівацца гэтага простага правілы.

Біяграфічная даведка: Гудні Тарлацыюс Ёўханэсан нарадзіўся ў 1968 годзе. Атрымаў ступень бакаляўра гісторыі і паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Ўорыка (1991), атрымаў ступень магістра гісторыі ў Оксфардзкім унівэрсытэце (1999), доктарскую ступень па гісторыі ў Лёнданскім унівэрсытэце каралевы Марыі (2003). Выкладаў гісторыю ва Ўнівэрсытэце Ісьляндыі, Унівэрсытэце Біфрасту і Лёнданскім унівэрсытэце. Спэцыялізуецца на найноўшай гісторыі Ісьляндыі. Зьяўляецца аўтарам біяграфіі прэм’ер-міністра Ісьляндыі Гунара Торадсэна (1980-83) і манаграфіі пра прэзыдэнцтва Крысьцьяна Елдзьярна (1968-80). Бацька пецярых дзяцей, жанаты з канадзкай журналісткай Элізай Рэйд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG