Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заведзеная першая крымінальная справа адносна «замежных агентаў»


Кіраўніцы арганізацыі «Жанчыны Дона» пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

У расейскім Новачаркаску сьледчыя распачалі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцы арганізацыі «Жанчыны Дона» Валянціны Чаравяценкі па артыкуле аб «злосным ўхіленьні» ад выкананьня закона аб «замежных агентах». Гэта першая крымінальная справа ў Расеі, заведзеная па гэтым артыкуле.

Акрамя саюзу «Жанчыны Дона», які патрапіў у сьпіс «замежных агентаў» ў 2014 годзе, Чаравяценка ўзначальвае аднайменны фонд, унесены Мінюстам РФ у той жа рэестар ў 2015 годзе. Злачынства кіраўніка праваабарончай арганізацыі сьледчыя ўгледзелі ў тым, што яна нібыта мела «злачынны намер», ствараючы ў 2013 годзе фонд «Жанчыны Дона». У пастанове аб завядзеньні крымінальнай справы паказана, што фонд займаўся «палітычнай дзейнасьцю» і атрымліваў замежнае фінансаваньне, аднак Чаравяценка «наўмысна» не падавала заяву наконт ўключэньня ў рэестар «замежных агентаў». Праваабаронцы пагражае да двух гадоў калёніі.

Сама Чаравяценка ў камэнтары для расейскай газэты «Ведамасти» адпрэчыла абвінавачваньні ў замежным фінансаваньні яе фонду і назвала свой крымінальны перасьлед палітычным. Паводле яе слоў, ціск на арганізацыю «Жанчыны Дона» пачаўся пасьля старту праекта «Грамадзянскі Менск», мэтай якога было назіраньне за рэалізацыяй Мінскіх дамоўленасьцяў бакамі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Раней зварот у падтрымку Валянціны Чаравяценка падпісалі праваабаронцы зь некалькіх краінаў. Яны, у прыватнасьці, заявілі, што дзеяньні Сьледчага камітэта ў дачыненьні да яе зьяўляюцца неабгрунтаваным умяшаньнем у дзейнасьць грамадзянскіх арганізацый і парушаюць міжнародныя абавязацельствы Расеі ў сфэры правоў чалавека.

XS
SM
MD
LG