Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па чэскім тэлебачаньні паказалі фільм пра чэскую беларуску Натальлю Маковік


Па чэскім тэлеканале ČT2​ паказалі дакумэнтальны фільм пра лёс Натальлі Маковік, якая з палітычных прычынаў у 1999 годзе зьехала зь Беларусі ў Чэхію. Раней Натальля была актывісткай «Маладога фронту», а цяпер займаецца продажам замкаў у Чэхіі.

Вось што расказвала Натальля Маковік у перадачы «Свабода бяз гальштукаў» некалькі гадоў таму.

"Калі я пераяжджала ў Чэхію, думала, што павучуся, а потым вярнуся ў Беларусь. Тэарэтычна такое рашэньне ёсьць. Калі яшчэ пазаймацца замкамі, вярнуць гэтую беларускую архітэктурную спадчыну да адраджэньня, так, канечне, гэта было б цікава... Гэта той бізнэс, які для мяне даволі рамантычны. Усё ж замкамі займаецца няшмат людзей у гэтым сьвеце. Што тычыцца вяртаньня ў Беларусь, то я з шэрагу ідэалістаў, энтузіястаў, якія пайшлі б будаваць Беларусь толькі таму, што гэта цікава. Зь іншага боку я не настолькі дурны чалавек, нягледзячы на рамантыку, каб думаць, што ў Беларусі магчыма зламіць эканамічную сытуацыю ці палепшыць яе...

Я напрыклад, не магла б працаваць у гэтай лукашэнкаўскай камандзе па прагматычных матывах, бо я б ніводнаму інвэстару не магла б гарантаваць, што яго беларускі партнэр не апынецца ў турме, ці гэты бізнэс у яго не забяруць. Я нават і дробнаму прадпрымальніку, ня толькі вялікаму інвэстару не магла б гарантаваць гэта... Уявіце сабе нейкага чэха, які прыедзе ў Менск адкрыць нейкую арт-кавярню, дзе будуць рабіць розныя выставы, а кожныя паўгода трэба будзе пераяжджаць. Гэта для бізнэсу проста сьмерць. Каб бізнэс, эканоміка разьвіваліся, патрэбна, каб зьмяніліся законы, трэба вызваліць палітвязьняў, неабходна правесьці нарэшце дэмакратычныя выбары, павінны быць дэпутаты, якія сапраўды думаюць, якія законы яны прымаюць, каб была дыскусія ў парлямэнце, каб прымаліся рацыянальныя законы, а не тыя, па якіх сказалі галасаваць. Гэта агромністая праца і перадусім канечне без свабоды слова, без дэмакратыі немагчыма зьмяніць нейкі кавалачак..."


XS
SM
MD
LG