Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымалі загад сілавікі шукаць грошы на прадпрыемствах, якія працуюць з прыбыткам?


Сямён Шапіра

Сямён Шапіра

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: Тэму шматлікіх і не заўсёды абгрунтаваных праверак прадпрыемстваў падняў у інтэрвію праграме «Контуры» тэлеканала АНТ старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Кіраўнікі баяцца прымаць рашэньні, падкрэсьліў ён. Асабліва рызыкуюць тыя, каго Шапіра назваў дзейнымі і ініцыятыўнымі, «якія прымаюць рашэньні, прымаюць часам, як здаецца праваахоўным органам, не зусім лягічныя рашэньні, хоць ад гэтага атрымліваецца добры эканамічны эфэкт».

«Дык вось эканамічны эфэкт ужо не разглядаецца многімі праваахоўнымі органамі, а разглядаецца мэханізм прыняцьця рашэньня. Я ведаю выпадкі, калі кіраўнік гаспадаркі прадаваў прадукцыю па сабекошце, разумеючы, што заўтра ўвогуле яе не прадасьць, а супраць іх узбуджаюць крымінальную справу. Аналягічных прыкладаў вельмі шмат», — падкрэсьліў Шапіра.

У Беларусі не прыбытак зьяўляецца галоўным для прадпрыемства, а выкананьне інструкцыяў, часта супярэчлівых.

Гэта яркае сьведчаньне асаблівасьцяў эканамічных падыходаў у цяперашняй Беларусі, калі прыбытак не зьяўляецца галоўным для прадпрыемства, а галоўным ёсьць выкананьне нейкіх інструкцыяў і палажэньняў, часта дастаткова супярэчлівых.

Другі аспэкт выступу Шапіры — гэта тое самае пытаньне эканамічных рэформаў. Рэформы — гэта заўсёды трошкі больш дазволенага. Шапіра, нагадаем, усё ж былы сябра АГП, і яго можна назваць прадстаўніком больш «лібэральнага» лягеру ў атачэньне Лукашэнкі — прынамсі, што тычыцца эканомікі.

І вось такія людзі, як Шапіра, хочуць даказаць, што без аслабленьня кантролю з боку сілавых структураў немагчыма ажывіць эканоміку, дамагчыся росту. А спэцслужбы ня хочуць аслабляць свой кантроль, сваю хватку над эканомікай. Бо яны баяцца, што адбудзецца «перабудова-2», што адбудзецца развал дзяржавы і эканомікі.

Карбалевіч: Мы ўжо шмат разоў казалі ў нашай перадачы, што роля сілавых структураў у эканамічным жыцьці краіны — гэта вельмі важны чыньнік існай сацыяльнай мадэлі. Іх функцыя супярэчлівая. З аднаго боку, бяз іх шчыраваньня сыстэма развалілася б, загразла ва ўсеагульнай карупцыі. Бо калі адсутнічаюць эканамічныя стымулы, адсутнічае пернік, то патрэбны моцны бізун. Інакш сыстэма працаваць ня будзе.

Зь іншага боку, прэсінг сілавых структураў стаў тормазам разьвіцьця. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, справа дырэктаркі Віцебскай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі. І Сямён Шапіра таксама кажа пра гэта. Парадокс сытуацыі палягае ў тым, што каб атрымаць эканамічны эфэкт, трэба парушыць нейкія нормы і інструкцыі. Добра працаваць, не парушаючы заканадаўства, немагчыма. І кіраўнік вобласьці, якому даручана забясьпечваць эканамічны рост, ставіць такое пытаньне.

Калі расьце дэфіцыт грошай для бюджэтных выдаткаў, сілавыя структуры атрымалі заданьне гэтыя грошы адшукаць у тых структурах, якія яшчэ працуюць з прыбыткам — як дзяржаўных, так і прыватных.

Варта ўзгадаць, што памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды у сваім рэзанансным дакладзе на кастрычніцкім эканамічным форуме летась, калі казаў, чаму рэформы немагчымыя, адным з чыньнікаў назваў ролю сілавых структураў у эканамічным жыцьці.

Цяпер, падчас крызысу праблема абвастрылася. Паводле маёй інфармацыі, цяпер, калі расьце дэфіцыт грошай для бюджэтных выдаткаў, сілавыя структуры атрымалі заданьне гэтыя грошы адшукаць. Дзе яны яшчэ засталіся? У тых структурах, якія яшчэ працуюць з прыбыткам — як дзяржаўных, так і прыватных.

Вось да іх і ідуць. Думаю, тая праблема, якую падняў Шапіра, у межах існай сыстэмы ня мае рашэньня.

Дракахруст: Чаму кіраўнік Менскага аблвыканкаму адважыўся на такую публічную крытыку?

Ня трэба забываць, што Сямён Шапіра — улюбёнец кіраўніка дзяржавы. Нават на Ўсебеларускім сходзе менавіта яму быў даручаны пілётны праект рэфармаваньня дзяржаўнага апарату. Спачатку ён робіць гэта ў Менскай вобласьці, а потым ужо паводле яго досьведу і ўсе астатнія павінны рабіць.

Гэта, дарэчы, ня першая нарада, дзе Лукашэнка адзначае Шапіру. Думаю, што гэта сыгнал усяму апарату, што ён цяпер у фаворы. А таму, хто ў фаворы, крышачку больш дазволена.

Другі момант — тое, што гэта крытыка, але ляяльная. І сам Лукашэнка часам кажа, што так, мнагавата ў нас кантролю, трэба неяк яго паменшыць, аддаюцца нават загады, што такія праверкі можна рабіць, а гэткія нельга. Іншая справа, што гэта ніякага асаблівага выніку не прыносіць, таму што сыстэма працуе ўжо сама па сабе, нават ня надта рэагуючы на такія загады, тым больш гэта загады крыху і няшчырыя. Крытыка Шапіры — гэта не патрасеньне асноваў, гэта дапушчальная крытыка ў межах сыстэмы.

Ужо другі год існуе сытуацыя, калі кіраўнік дзяржавы спрачаецца ў асноўным са сваім урадам.

Трэці момант — тое, пра што вы, Віталь, гаварылі, гэта праява спаборніцтва паміж рознымі плынямі, падыходамі ва ўладнай эліце краіны. І ня ў тым справа, што лягер умоўных кансэрватараў ці ўмоўных лібэралаў — гэта такія кансалідаваныя саюзы аднадумцаў і паплечнікаў. Гэта зусім неабавязкова. Але ўжо прыкладна другі год існуе сытуацыя, калі кіраўнік дзяржавы спрачаецца ў асноўным са сваім урадам. Гэта пэўная дысфункцыя сыстэмы, гэта пэўны люфт свабоды, і ўжо і іншыя людзі могуць выказаць сваё меркаваньне.

Цыганкоў: Тут яшчэ больш шырокі кантэкст. Справа не адно ў пазыцыі некалькіх урадоўцаў ці супрацоўнікаў Нацбанку. Тое, што выказаў Шапіра, адпавядае інтарэсам прамыслоўцаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія просяць: ну, хоць вы дакладзіце там наверсе, патлумачце, што мы ж не можам выдаваць на-гара тыя вынікі, якія ад нас патрабуюць — рост вытворчасьці, калі такія праверкі дзень за днём.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG