Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ён двойчы выходзіў на трыбуну, каб падтрымаць закон аб дзяржаўнасьці беларускай мовы


Расьціслаў Янкоўскі

Расьціслаў Янкоўскі

Слова на разьвітаньне з Расьціславам Янкоўскім.

Памёр Расьціслаў Янкоўскі. Выбітная асоба тэатральнага мастацтва Беларусі. Актор, які пражыў доўгае, яркае, сумленнае жыцьцё. Чалавек, творца, які заслужыў найвялікшую павагу сваім адданым служэньнем сцэне і высокім майстэрствам. Я быў знаёмы зь ім сорак гадоў, пісаў пра яго, дыскутаваў, а часам і спрачаўся. Але галоўнае — захапляўся тым, што ён рабіў на сцэне. Расьціслаў Іванавіч — з тых вялікіх артыстаў, сучасьнікам якіх мне пашчасьціла быць.

Расьціслаў Янкоўскі

Расьціслаў Янкоўскі

Гэтак жа, як і тады, калі хавалі Галіну Макараву, Стафанію Станюту, Аляксандру Клімаву, востра, балюча сьвідруе сэрца думка пра незаменных актораў. У тэатральным мастацтве Беларусі амплюа героя ўвогуле рэдкасьць, а герояў у салідным узросьце маштабна, глыбока мог сыграць толькі Янкоўскі. Сама акторская фактура з упэўненай, годнай плястыкай, непаўторнымі інтанацыямі, жэстамі, мімікай выводзіла яго на першы плян, на першыя ролі. Перакананы, што гераічны акторскі пачатак ярка выяўляўся ня толькі з прычыны дадзеных Богам фізычных асаблівасьцяў, але і дзякуючы шляхетнаму паходжаньню артыста, багатай на драматычныя падзеі біяграфіі.

Расьціслаў Янкоўскі ў ролі Матыяса Клаўзэна ў спэктаклі «Перад захадам сонца»

Расьціслаў Янкоўскі ў ролі Матыяса Клаўзэна ў спэктаклі «Перад захадам сонца»

Гэта толькі апошнімі гадамі Тэатар імя Максіма Горкага мае статус Нацыянальнага Тэатру Беларусі, хоць працуе пераважна на расейскай мове. У савецкія часы ён, як і бальшыня аналягічных тэатраў у былых рэспубліках СССР, меў місію прапаганды расейскай тэатральнай культуры. У гэты сэнсе і Расьціслаў Янкоўскі быў перадусім расейскім акторам у Беларусі. Ён выдатна працаваў у расейскім клясычным рэпэртуары, а ягоныя ролі ў п’есах Максіма Горкага былі настолькі выразнымі і праўдзівымі, што, здавалася б, для яго яны і пісаліся драматургам — Барон у «На дне», Якаў у «Апошніх», Пяцёркін у «Васе Жалязновай», Чапурноў у «Дзецях сонца», Якаў Бардзін у «Ворагах», Ягор Булычоў у «Ягоры Булычове і іншых». Але справа ня толькі ў рэпэртуары. Справа ў глыбіні пражываньняў і перажываньняў, якія колісь былі ўласьцівыя расейскай тэатральнай школе, а таксама ў пошуку і знаходжаньні Расьціславам Янкоўскім таго агульначалавечага, якое станавілася зразумелым і беларускім гледачам.

У ролі Пане Каханку ў аднайменным спэктаклі

У ролі Пане Каханку ў аднайменным спэктаклі

Я ня ведаю другога актора ў гісторыі драматычнага тэатру ў Беларусі, які так шмат і так глыбока сыграў у сусьветным высокім, клясычным рэпэртуары. Шэксьпір, Мальер, Шылер, Астроўскі, Чэхаў, Булгакаў былі яму, як нікому іншаму, пад сілу. У маёй памяці назаўсёды захаваецца ягоны Макбэт у спэктаклі Барыса Луцэнкі як адна з найлепшых роляў, якія я бачыў у Беларусі за сваё жыцьцё. Зло раскрывалася ў велічэзным маштабе і было ня нейкім абстрактным, а вельмі сучасным. Янкоўскі быў асабліва шляхетным, тонкім, разумным, стыльным у спэктаклях паводле п’ес заходніх аўтараў ХХ стагодзьдзя — Гаўптмана, О’Ніла, Бэргмана, Гібсана, Дзюрэнмата, Олбі.

У спэктаклі «Тры сястры» Чэхава

У спэктаклі «Тры сястры» Чэхава

Расьціслаў Янкоўскі быў народным артыстам СССР, пасьля яго ў Беларусі застаецца толькі адзін актор з такім званьнем — Генадзь Аўсяньнікаў. Народным Савецкага Саюза Янкоўскі стаў зусім не за ролі камісараў, сакратароў абкамаў і іншых бальшавікоў. Былі і ў яго такія ролі, але зусім ня шмат як для артыста такой гераічнай фактуры. Магчыма, яму пашанцавала, што ў менскім Тэатры імя Максіма Горкага за амаль паўстагодзьдзя, якія ён служыў гэтай сцэне, ня так шмат і было спэктакляў пра тых бальшавікоў. А ў бальшыні спэктакляў і ўвогуле ролі камуністаў пераасэнсоўваліся, прынамсі рэжысэрам Барысам Луцэнкам. Вось жа і камуніст Нагульнаў ва «Ўзьнятай цаліне» у выкананьні Расьціслава Янкоўскага быў жорсткім, зьнішчальным, у пэўнай ступені і сам быў ахвярай крывавага рэжыму.

Расьціслаў Янкоўскі ў ролі Макбэта ў аднайменным спэктаклі

Расьціслаў Янкоўскі ў ролі Макбэта ў аднайменным спэктаклі

Я любіў дыскутаваць, спрачацца з Расьціславам Іванавічам, асабліва калі разам працавалі ў прэзыдыюме Саюзу тэатральных дзеячаў. Мы дыскутавалі пра тэатар, пра жыцьцё, але толькі не пра палітыку. У яго былі свае погляды, у мяне свае. Натуральна, ён з піетэтам ставіўся да Расеі, да расейскага тэатру, адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Ён крыху пажыў у той краіне. Шмат артыстаў старэйшага пакаленьня дый, на жаль, і маладзейшыя, глядзяць у бок Масквы як на тэатральны эдэм: там слава, там грошы, павага. Расьціслава Іванавіча я ў гэтым пытаньні разумеў, сучасную тэатральную моладзь — не. Да ўсяго іншага там працаваў ягоны малодшы брат Алег Янкоўскі, якім, калі той быў маленькім, ён апекаваўся, якога моцна любіў, якім пасьля ганарыўся як супэрзоркай. З Расьціславам Янкоўскім было цікава дыскутаваць пра тэатар. Ён быў сапраўдным рыцарам сцэны, моцна адданым свайму Тэатру імя Максіма Горкага. Нават калі спэктакль і ня быў вартым высокіх ацэнак, ён адстойваў яго, станавіўся на бок рэжысэра. Ну, а калі гаворка ішла пра сапраўднае мастацтва, пра прынцыповую пазыцыю тэатру, тады Янкоўскі кідаўся ў бой. Гэта было вельмі актуальна ў савецкія часы, калі панавала цэнзура ў выглядзе гэтак званых «здачаў» спэктакляў Міністэрству культуры.

У ролі Фамусава ў спэктаклі «Гора ад розуму»

У ролі Фамусава ў спэктаклі «Гора ад розуму»

Я ніколі не забуду гісторыю выпуску спэктакля «Знак бяды», якія паставіў Валеры Масьлюк паводле Васіля Быкава. Няфёдаўская крытыка разам з міністэрскімі чыноўнікамі зьнішчальна абрушыліся на выдатны сцэнічны твор. Спэктакаль забаранялі, ладзіліся паўторныя «здачы». У змаганьні за спэктакль да апошняга заставаліся толькі мы — Аляксей Дудараў, Расьціслаў Янкоўскі і я. Ягоны аўтарытэт, магчыма, выканаў вырашальную ролю ў тым, што спэктакль усё ж дайшоў да гледача, а пасьля і атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Магчыма, каму падасца дзіўным, але менавіта ён, расейскамоўны артыст Рускага тэатру імя Горкага, тады дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 11 скліканьня ў 1990 годзе прынцыпова падтрымаў прыняцьце «Закону аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай. Прычым, каб падтрымаць Закон, Янкоўскі двойчы выходзіў на трыбуну.

Спэктакль "Вечнасьць на дваіх"

Спэктакль "Вечнасьць на дваіх"

Расьціслаў Янкоўскі да апошніх дзён выходзіў на сцэну. Апошні спэктакль зь ягоным удзелам «Вечнасьць на дваіх» асабіста я ўспрымаў як разьвітаньне з Акторам. Расьціслаў Іванавіч выконваў ролю практычна седзячы. Але як шмат у гэтай ролі ён сказаў пра жыцьцё, яго драматызм і прыгажосьць, пра веру і дабрыню, пра чалавека. У тым ліку і пра сябе. А шэраг любімых публікай спэктакляў зыдуць у гісторыю, бо ў іх граў незаменны Актор.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG