Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чацьвёра невядомых і «Вова» ў міліцэйскай форме схапілі магілёўца. Відэа


Пакуль чалавек у міліцэйскай форме не назваўся, не паказаў пасьведчаньня і не назваў прычыну затрыманьня, яму ня варта верыць.

Магілёўскі прадпрымальнік Максім Кандраценка, уладальнік кавярні «Рэспубліка» апублікаваў на Youtube відэа спрэчкі зь невядомымі ў міліцэйскай форме. Перад гэтым у ягонай кавярні адбывалася сьвята для дзяцей са зборам сродкаў для дзіцячых дамоў, паведамляе «Белсат».

Людзі, якія назвалі сябе супрацоўнікамі міліцыі, заявілі, што прыехалі на выклік па тэлефоне 102 ў сувязі са скаргай на парушэньне грамадзкага парадку. Але адмовіліся прадставіцца (толькі адзін назваў сябе «Вова») і паказаць дакумэнты (толькі адзін зрабіў гэта належным чынам). Таксама людзі ў міліцэйскай форме зьдзівіліся інфармацыі аб тым, што міліцыя працуе на падаткі грамадзянаў.

Пасьля 20 хвілінаў гутаркі і адмовы Кандраценкі паказаць свае дакумэнты людзям у міліцэйскай форме, тыя схапілі яго, заламалі рукі і адвялі ў машыну, падобную да міліцэйскай. Прадпрымальніка, а таксама чалавека, які здымаў здарэньне, адвезьлі ў апорны пункт міліцыі, але праз паўтары гадзіны адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Супрацоўнік міліцыі насамрэч мае права праверыць дакумэнты ў чалавека, калі патрулюе вуліцы. Але пры гэтым абавязаны назвацца, прад’явіць дакумэнты і ветліва патлумачыць прычыну цікаўнасьці. Закон не забараняе здымаць дзеяньні міліцыянтаў на фота і відэа (хоць Сьледчаму камітэту гэта не падабаецца).

У форме супрацоўнікаў міліцыі могуць дзейнічаць і злачынцы. Так, летась у Віцебску і Астраўцы былі затрыманыя рэкеціры, якія, будучы апранутымі пад міліцыянтаў, садзілі людзей у аўтамабілі, пужалі і адбіралі вялікія сумы грошай. Таксама летась былі затрыманыя чатыры жыхары Менску, якія пад выглядам міліцыянтаў адбіралі грошы ў прастытутак і гвалтавалі іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG