Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Калякіна атрымала мандат у Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі


Прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет» Дзьмітры Рыжы 27 чэрвеня абраны ў склад Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік партыйнага выбарчага штабу Валеры Ўхналёў:

«Акрамя таго яшчэ двое нашых прадстаўнікоў увайшлі ў склад акруговых тэрытарыяльных камісіяў — у Горадні і ў Лідзе. Гэта, адпаведна, Сьвятлана Руміна і Аляксандар Курцін. Калі параўноўваць зь мінулымі выбарамі, якія праходзілі ў 2012 годзе, то тады ў нас у вобласьці таксама было тры партыйцы. Так што колькаснага зруху сёлета няма.

Але з канчатковымі высновамі давайце пачакаем да стварэньня менскай гарадзкой і сталічных акруговых камісіяў. Мы прапанавалі ў гэтыя камісіі 17 чалавек. Паглядзім, колькі зь іх уключаць і тады вызначымся з тэндэнцыяй».

Усяго 27 чэрвеня будуць створаныя шэсьць абласных і менская гарадзкая выбарчыя камісіі, а таксама 110 акруговых.

Сябра руху «За свабоду» можа стаць шостым назіральнікам пры ЦВК

Аляксандра Жучкова — былога дэпутата менскага гарадзкога савету накіраваў рух «За свабоду» ў якасьці свайго назіральніка пры Цэнтральнай выбарчай камісіі, паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе гэтага грамадзкага аб’яднаньня.

«Дакумэнты на акрэдытацыю назіральнікам пры Цэнтральнай выбарчай камісіі правяраюць нашы юрысты, — тлумачаць у ЦВК. — Калі зь імі ўсё ў парадку, то ніякіх перашкодаў мы ня робім. Цяпер дакумэнты спадара Жучкова вывучаюцца.

На сёньняшні дзень афіцыйна пры ЦВК ужо зарэгістраваныя пяць назіральнікаў. Гэта — Зьміцер Чарных ад БХК, Ігар Лялькоў ад партыі БНФ, Юры Чавусаў ад грамадзкага аб’яднаньня «БНФ-Адраджэньне», Леанід Бабічаў ад ЛДП і Сяргей Пігараў ад «Белай Русі».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 11 верасьня.

XS
SM
MD
LG