Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя: Маўчаньне Рады Эўропы каштавала мільёны эўраў хабару


У студзені 2013 году Рада Эўропы прагаласавала супраць рэзалюцыі па Азэрбайджану. Паводле італьянскіх сьледчых, краіне гэта абышлося ў 2 млн. 390 тыс. эўра, заплачаных у 18 трансфэрах праз кампанію Baktelecom.

Італьянская паліцыя вядзе расьсьледаваньне ў дачыненьні да Лукі Джузэпэ Валянтэ, ганаровага прэзыдэнта палітычнай групы Эўрапейскай народнай партыі (ЭНР) у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) былога дэпутата Палаты дэпутатаў Італіі. Па дадзеных італьянскіх газэт, яго падазраюць у тым, што ён, будучы прадстаўніком Італіі ў Радзе Эўропы, арганізаваў атрыманьне хабару ад ураду Азэрбайджану ў памеры 2 мільёны. 390 тысяч эўра. Грошы пайшлі на тое, каб Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы не дала хады дакладу аб становішчы палітычных зьняволеных у Азэрбайджане.

Лука Валянтэ

Лука Валянтэ


У студзені 2013 году Рады Эўропы прагаласавала супраць рэзалюцыі па Азэрбайджану, у якой апісвалася становішча 85 чалавек, якія знаходзяцца ў турмах па палітычных абвінавачваньнях. «За» рэзалюцыю было пададзена толькі 79 галасоў, у той час як «супраць» — 128, і яна была адрынутая з фармулёўкай «Абвінавачваньні не адпавядаюць рэальнасьці».

Італьянскія сьледчыя мяркуюць, што гэтае рашэньне было аплачана з фондаў тэлеком-кампаніі Baktelekom. Усяго было зроблена 18 грашовых пераводаў праз зарэгістраваную ў Вялікай Брытаніі кампанію «Polukh Management LP» і эстонскае аддзяленьне Danske Bank.

Эльхан Сулейманаў

Эльхан Сулейманаў


У перадачы хабару нібыта таксама ўдзельнічалі члены азэрбайджанскай дэлегацыі ў ПАРЭ Эльхан Сулейманаў і Муслум Мамадаў, а яе адрасатамі былі члены Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце. Паліцыя не называе імёны дэпутатаў, якія атрымалі грошы, аднак партыя ўключае ў сябе 73 калектыўных члена, у тым ліку нацыянальныя партыі з 39 краін (Аўстрыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Грэцыі, Гішпаніі, Італіі і іншых краін).

Азэрбайджанскія ўлады пакуль ніяк не пракамэнтавалі абвінавачваньні італьянскага боку. Адвакаты Лукі Валянтэ адмаўляюць прад’яўленыя яму абвінавачваньні.

У сакавіку 2016 году прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісаў распараджэньне аб памілаваньні 148 чалавек, у тым ліку 14 праціўнікаў рэжыму. Сярод тых, хто выйшаў на свабоду — палітвязьні Расул Джафараў, Рашад Гасанаў, Рашадат Ахундов, Мамэд Азізаў. Нядаўна была выпушчаная на свабоду журналістка Хадзіджа Ісмайлава, якая расьсьледавала карупцыю ў вярхах кіруючай эліты краіны, у тым ліку ў прэзыдэнцкай сям’і. Ісмайлава была арыштаваная ў сьнежні 2014 году, а ў верасьні 2015 яе прысудзілі да 7,5 гадоў турмы па эканамічных артыкулах. Пасьля амаль палутара гадоў у зьняволеньні рэальны турэмны тэрмін ёй быў заменены на ўмоўны ў 3 гады і 6 месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG