Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыям дазволена называцца Зьмітрамі афіцыйна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мова Нанова» абяцае падарункі Зьмітрам, а таксама Юрасям, Міхасям, Кастусям; Касям, Вальжынам, Настам, Хрысьцям і іншым, чыё імя ў пашпарце запісана ў беларускай форме.

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» заклікалі ўсіх Зьмітроў, якія ня хочуць па пашпарце быць Дзьмітрыямі, «узброіцца» адказам Інстытута беларускай мовы і ісьці да пашпартыстаў мяняць імя на беларускую форму.

Сваю гісторыю 2012 году курсам распавёў спадар Назараў зь Берасьця, які хацеў памяняць імя ў пашпарце зь Дзьмітры на Зьміцер, але ад пашпартыстаў у адказ атрымаў сьмех і заяву, што няма такога імя. А калі прынёс слоўнік імёнаў, атрымаў адказ, што «проста нельга».

Тады ён зьвярнуўся ў дзяржаўны Інстытут мовы і літаратуры пры Акадэміі навук і атрымаў адказ: Дзьмітрыям можна ня толькі пісацца па-беларуску Зьмітрамі (наркамаўкай: Зміцер), але і па-расейску Змитрами. Адпаведна, і імя па бацьку можа быць Зьміцеравіч і Зьміцераўна, Змитерович і Змитеровна.

З гэтай нагоды «Мова Нанова» заклікае ўсіх, чые імёны запісаныя ў пашпарце ў беларускай форме, адсылаць сканы пашпартоў на адрас movananova.by@gmail.com — і абяцае за гэта кнігу «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы» ў падарунак. А тым, хто адмыслова памяняе імя ў пашпарце на беларускую форму, абяцаюць «мех падарункаў».

Зьміцер і Дзьмітры, Алесь і Алекс — адно і тое ж?

Ці імёны Зьміцер і Дзьмітры — адно і тое ж імя? Ці гэтак нельга «перакладаць» імёны?

Беларусізатар імёнаў анлайн >>

Напрыклад, «Беларускі клясычны правапіс» (PDF) апісвае (у разьдзеле пра канчаткі) шэраг беларускіх формаў усходнехрысьціянскіх імёнаў: Анікей — Аніка; Аляксей — Алекса, Лёкса; Антоні — Антон, Антось; Арсенці — Арсень; Валеры — Валер; Георгі — Георг; Дземянцей — Дзёмка; Дзьмітры — Зьміцер; Ігнаці — Ігнат; Лаўрэнці — Лаўрэн; Лявонці — Лявон; Мялеці — Мялет, Мялешка; Юры — Юрка, Юр’я; Яўстахі — Яўстах, Стах... Але не забараняе «незьбеларушаную» форму.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Усе варыянты маюць права на існаваньне, як ёсьць Алена і Алёна, Алекс і Алесь — гэта розныя імёны, — тлумачыць Свабодзе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — У прынцыпе, імёны могуць канвэртавацца, хаця ў нармальнай эўрапейскай практыцы Джон у любых мовах Джон, Іванам яго ніхто не называе.

Гэта расейцы прыдумалі гэтую канвэртацыю, мо яшчэ ў XIX стагодзьдзі, калі Хуана і Янку называлі Іванамі. Гэта спадчына Расейскай імпэрыі і асабліва Савецкага Саюзу.

Ці мяняць імя ў пашпарце, гэта ваша справа. Чалавек мае права мяняць імя, але як сябе зваць, гэта толькі яго справа... Але ведаеце, галоўнае размаўляць па-беларуску. Можаце запісацца ў пашпарце Аляксандрам, а ўсюды казаць Алесь, і Алесем вас будуць зваць бацькі і дзеці. Галоўнае — сутнасьць чалавека, а не фармальная прыкмета».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG