Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце Сынгапура пры пасадцы загарэўся Boeing 777


Пасажырскі Boeing 777 авіякампаніі Singapore Airlines загарэўся падчас экстранай пасадкі ў аэрапорце Чангі, куды ён быў вымушаны вярнуцца з-за праблемаў з рухавіком.

Ніхто з 222 пасажыраў і 19 чальцоў экіпажу, якія знаходзіліся на борце самалёта, у выніку здарэньня не пацярпеў, паведамляе авіяперавозчык. Рухавік, які загарэўся, быў патушаны супрацоўнікамі надзвычайных службаў сынгапурскага аэрапорта, паведамляе ВВС.

Самалёт авіякампаніі Singapore Airlines вылецеў з Сынгапура ў Мілан рана раніцай у панядзелак. Празь дзьве гадзіны пасьля адпраўленьня экіпаж даведаўся пра непаладкі ў рухавіку і прыняў рашэньне вярнуцца ў аэрапорт вылету.

Усе пасажыры на аўтобусе дастаўленыя ў тэрмінал аэрапорта. Паводле дадзеных Singapore Airlines, пасажыры вылецяць у Мілан у бліжэйшы час на іншым самалёце.

У канцы траўня ў такійскім міжнародным аэрапорце Ханэда на ўзьлётна-пасадачнай паласе загарэўся самалёт Boeing 777 авіякампаніі Korean Air з 302 пасажырамі і 17 чальцамі экіпажу на борце. Як паведамлялася, у самалёта падчас падрыхтоўкі да ўзьлёту загарэўся рухавік. Тады пасажыраў хутка эвакуявалі праз надзіманыя трапы, ніхто ў выніку здарэньня не пацярпеў.

XS
SM
MD
LG