Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шэрагах брытанскіх лейбарыстаў успыхнулі вострыя рознагалосьсі


Лідэра партыі Джэрэмі Корбіна моцна крытыкуюць нядаўнія паплечнікі

Яшчэ не пасьпелі суцішыцца дыскусіі вакол вынікаў брытанскага рэфэрэндуму, на якім большасьць ангельцаў прагаласавала за выхад з Эўразьвязу, як у краіне ўзьнік яшчэ адзін палітычны крызіс, — на гэты раз у апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі, дзе насьпявае магчымая зьмена нядаўна выбранага лідэра партыі Джэрэмі Корбіна.

Сэнсацыйнай навіной стала звальненьне Джэрэмі Корбінам зь ценявога кабінэту міністраў папулярнага ў лейбарысцкай партыі міністра замежных справаў Хілары Бэна, які актыўна агітаваў за вынясеньне вотуму недаверу свайму лідэру. У знак пратэсту супраць звальненьня Бэна у адстаўку сышлі дзевяць міністраў ценявога кабінэту. Шмат хто ў партыі абвінавачваюць Корбіна у тым, што ён, па сутнасьці, сабатаваў імкненьне большасьці сябраў партыі захаваць сяброўства Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе. На заплянаваным на аўторак таемным галасаваньні парлямэнтароў ад Лейбарысцкай партыі будзе вынесена пытаньне аб недаверы Корбіну.

Звольнены зь ценявога кабінэту Хілары Бэн заявіў, што Корбін ня валодае лідэрскімі здольнасьцямі і што пад яго кіраўніцтвам лейбарысты ніколі ня змогуць выйграць парлямэнцкія выбары. «Пасьля рэфэрэндуму, — сказаў ён, — наступіў крытычны пэрыяд у гісторыі краіны, і ў гэтай сытуацыі лейбарысцкая партыя мае патрэбу ў моцным і эфэктыўным лідэры». Гэта меркаваньне падзяляюць многія сябры кіраўніцтва партыі і якія пайшлі ў адстаўку ценявыя міністры. Тым ня менш, Корбіна падтрымліваюць прафсаюзныя босы і частка лейбарысцкага электарату. Пэтыцыю ў яго падтрымку ў інтэрнэце падпісалі ўжо больш за 180 тысяч чалавек. Ценявы міністар фінансаў Джон Макдонэл заявіў, што Корбін ня мае намеру сыходзіць у адстаўку нягледзячы на палітычны ціск кіраўніцтва партыі. Лідэр лейбарыстаў, чые палітычныя погляды можна назваць левацэнтрысцкімі, вядомы як даўні крытык Эўразьвязу. За ім замацавалася рэпутацыя эўраскептыка. Аднак гэтую пазыцыю не падзяляе большасьць сябраў партыі, 70 адсоткаў якой прагаласавалі на рэфэрэндуме за захаваньне сяброўства Злучанага Каралеўства ў ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG