Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьменшым нашы жываты!


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Беларусы ў дзясятцы самых тоўстых народаў Эўропы. Прыехалі! Кожны чацьвёрты перакормлены. У чвэрці лішняя вага.

І, думаеце, гэта «варожыя падкопы» пад самы шчасьлівы народ, якім апякуецца ўсеагульны бацька? Навыдумлялі, брэшуць? А я лічу, што праўда, хоць і няпоўная. Калі заходжу ў гарадзенскі гіпэрмаркет, хочацца палову выгнаць. Скамандаваць: дахаты, на дыету!

Міжволі зьвяртаеш увагу, што каля самых наедных прылаўкаў — дзе тлустыя каўбасы, сала, гара мяса, абавязкова заклапочана завіхаюцца жыватастыя. Выгляд у перакормленых, зразумела, ня самы здаровы. Бацька па-свойму змагаецца з гэтым: заробкі ўпалі, ежы менш купіш, чэргі крыху скараціліся ў крамах. Але сам беларус наступаць на горла сваёй песьні ніяк не жадае. Нездаровыя шашлыкі з бутэлькай нават у гарачыню — самая жаданая рэч.

Аднак у сьпёку самы час пашкадаваць беларускія страўнікі, зьменшыць нагрузку, больш піць, выводзіць зь сябе шлакі, назапашаныя за восень-зіму-вясну. Трэба больш вады, менш жратвы. Але калі твая сіла волі даўно не варушыцца, табе дапамогуць у гарадзенскіх ядальнях. Як? Накормяць затанна. Якім чынам? Спосабы розныя. Напрыклад, прапануюць так званы комплексны абед, кожная страва якога пачынаецца са слова «ад»: салаткі і гарніры ад дзевяці тысяч, супы, пачынаючы з васьмі, гарачыя — зь пятнаццаці. Няцяжка падлічыць, што разам выйдзе сорак адна тысяча, два даляры. Порцыя будзе — не пераясі, але й галодным не застанесься.

Хаця, гэта яшчэ ня самая «дзешавізна». На другім баку вуліцы ў Горадні салаткі і гарніры каштуюць яшчэ на дзьвесьце рублёў менш. Кухары завабліваюць пад’есьці са зьніжкай дваццаць адсоткаў. Цэлы абед за трыццаць шэсьць тысяч! Праўда, рэкляма сьціпла паведамляе, што ўсяго будзе па сто грамаў. На большае не разьлічвай, калі шкада грошай. Але тым жа часам разам атрымаеш на талерках чатырыста грамаў ежы. Хіба мала? Калі ўлічыць, што мы, беларусы, народ перакормлены? Тым больш, сапраўды — якая эканомія!

Але сапраўдны рэкорд у Горадні паставілі на суседняй вуліцы. Зьясі «эканом-абед», дружа, хіба такіх грошай шкада — дваццаць сем тысяч?! Умоўна кажучы, адзін даляр і трыццаць цэнтаў. Булачку з сасіскай за мяжой ня купіш. А тут табе салатка, курыны булён, катлета зь пюрэ ды яшчэ кісель і хлеб.

А калі ўлічыць, што зараз гэтыя тысячы ператворацца ў два рублі семдзесят капеек, то будзе зусім як абед у «добрыя савецкія часы». Дзякуй бацьку за клопат. Калі ласка, у Горадню, сябры, танна пад’есьці. Зьменшым нашы жываты!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG