Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусам варта ведаць гісторыю Ігната Грынявіцкага, каб не паўтараць памылак». 160 год таму нарадзіўся рэвалюцыянэр-народаволец


Вясковая хата на месцы панскага маёнтка

Вясковая хата на месцы панскага маёнтка

Магілёўскія сябры Таварыства беларускай мовы наведалі родныя мясьціны Ігната Грынявіцкага. У вёсцы Басін, што ў Клічаўскім раёне, рупліўцы беларушчыны пабывалі на месцы, дзе знаходзіўся маёнтак Грынявіцкіх. У ім у 1856 годзе нарадзіўся будучы рэвалюцыянэр-нарадаволец.

Грынявіцкі

Грынявіцкі

Пра панскі маёнтак нагадваюць у Басіне вялікія разрослыя ліпы ўздоўж засеянага жытам калгаснага поля.

«Пра тое, што ля тых ліп быў маёнтак, расказалі нам тутэйшыя жыхары», — кажа старшыня ТБМ-аўскай суполкі Алег Дзьячкоў, заўважаючы, што вяскоўцы іншым разам больш ведаюць за гісторыкаў і экскурсаводаў у музэях.

«Гадоў зь сем таму адна старая жыхарка Басіна на наша пытаньне, ці ведае яна Грынявіцкіх, адказала, што ведае, і паказала нам ліпавыя прысады, ля якіх і быў маёнтак, — працягвае ТБМ-авец. — Гэта і ёсьць радзіма Ігната Грынявіцкага. За савецкім часам яго асоба была авеяная гераізмам. Нават Уладзімер Караткевіч прысьвяціў яму верш. Цяпер часы зьмяніліся, і Грынявіцкага прыгадваюць зрэдку».

Алег Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

У 25-гадовым веку Ігнат Грынявіцкі бомбай забіў расейскага цара Аляксандра II. У сваім запавеце рэвалюцыянэр-нарадаволец напісаў:

«Аляксандар ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам зь ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы... Гісторыя сьведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў...».

Пад самымі прысадамі — мяжа сядзібы адной з жыхарак Басіна. Жанчына стала веку прызналася, што ня ведае пра Грынявіцкага, аднак прыгадала, як пра нейкага пана апавядала ёй маці. Казала, што добрым быў той пан, але прозьвішча ягонае запамятавала.

«Палякам, здаецца, пан той быў. Мая маці працавала яшчэ ў гэтага пана. Ягоны маёнтак быў пабудаваны акурат там, дзе цяпер наша поле і хата. Ад маёнтка засталіся толькі ліпы. Як поле аралі, дык гадоў зь пяцьдзясят уздымалі зь яго цэглу. На сілу выбавіліся ад яе», — расказвала кабета.

Ліпавыя прысады — адзінае, што нагадвае ў Басіне пра панскі маёнтак

Ліпавыя прысады — адзінае, што нагадвае ў Басіне пра панскі маёнтак

Паводле яе, штогод да ліп, якія засталіся, прыяжджаюць турысты.

«Падыходзяць да іх, ды паехалі зь вёскі. Неяк (нам казалі суседзі) прыяжджалі, здаецца, нават з Польшчы, але нас не было ў двары. Дык гэтак разьмінуліся зь імі».

«Грынявіцкі — трагічная постаць, — пагутарыўшы з жыхаркай Басіна, адзначае Алег Дзячкоў. — За савецкім часам, як ужо было казана, калі пра Грынявіцкага згадвалі, дык толькі як пра героя: „Забіў цара!“. Самі народавольцы, перажыўшы рэпрэсіі, прызналі, што іх мэтады барацьбы (тэрор) былі памылковымі. Іхнюю арганізацыю разграмілі, і мэты сваёй не дасягнулі. Таму варта беларусам ведаць гэтую гісторыю, каб не паўтараць іхных памылак. Наўрад ці ўчынкам Грынявіцкага можна ганарыцца».

ТБМ-аўцы ля ліпавых прысад згадваюць Ігната Грынявіцкага

ТБМ-аўцы ля ліпавых прысад згадваюць Ігната Грынявіцкага

Гісторык Уладзімер Арлоў у кніжцы «Імёны свабоды» рэзюмуе свой аповед пра рэвалюцыянэра, народжанага ў беларускім маёнтку Басін двума сказамі:

«Грынявіцкі і яго паплечнікі былі ахвярамі аблуднага вучэньня, але яны вартыя нашай памяці. Памяці, якая перасьцерагае».

Вёска Басін, схаваная ў глыбіні Клічаўскага раёну, жыве дзякуючы дачнікам. Не на кожнай мапе можна адшукаць гэтую вёску. Карэннага жыхарства засталося ў ёй меней за дзясятак. Усе пэнсіянэры.

Вуліца ў Басіне. Увечары ні душы

Вуліца ў Басіне. Увечары ні душы

Пад’язная да паселішча дарога, якая зьвязвае Басін са сьветам, разьбітая. Па словах вяскоўцаў, адрамантаваць грунтоўку абяцаюць сёлета. Жыхары Басіна, згадваючы пра такія пляны, адзначаюць, што абяцаньне чуюць не адзін год.

Пра тое, што Басін — радзіма Грынявіцкага, пазнакаў няма. Толькі назва самой вёскі на ўезьдзе ў яе.

Уладзімер Арлоў у прыгаданых «Імёнах свабоды» адзначыў:

«Грынявіцкі выстаўляў Аляксандру-ІІ свой рахунак: здушэньне паўстаньня 1863 году, забарона друкаванага беларускага слова, закрыцьцё апошняй у краі вышэйшай навучальнай установы — Горы-Горацкага земляробчага інстытуту».

«Захапленьне асабістай мужнасьцю Грынявіцкага, — піша далей Уладзімер Арлоў, — адразу цьмянее, калі даведваесься, што на Кацярынінскім канале бомбы тэрарыстаў абарвалі жыцьці бязьвінных ахвяраў... Шэсьць чалавек атрымалі цяжкія раны, адзінаццаць — лёгкія».

Кінуўшы бомбу ў цара Аляксандра II і забіўшы ёю яго, Грынявіцкі сам быў сьмяротна паранены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG