Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: ЗША паважаюць рашэньне жыхароў Вялікабрытаніі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама зрабіў адмысловую заяву аб выніках рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі. У ёй гаворыцца, што жыхары Злучанага Каралеўства выказалі сваё меркаваньне і Белы дом паважае гэтае рашэньне.

У заяве адзначаецца, што асаблівыя адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Злучаным Каралеўствам захаваюцца, а сяброўства Вялікабрытаніі ў НАТО застаецца найважнейшым краевугольным каменем зьнешняй палітыкі ЗША, бясьпекі і эканамічнай палітыкі.

«Гэтак жа застануцца і нашы адносіны з ЭЗ, які зрабіў так шмат, каб спрыяць стабільнасьці, стымуляваць эканамічны рост і спрыяць распаўсюджваньню дэмакратычных каштоўнасьцяў і ідэалаў на ўсім кантынэнце і за яго межамі, — гаворыцца ў заяве. — Вялікабрытанія і Эўразьвяз будуць заставацца незаменнымі партнэрамі ЗША для забесьпячэньня стабільнасьці, бясьпекі і росквіту Эўропы, Вялікабрытаніі і сьвету».

Вялікабрытанія і Эўразьвяз будуць заставацца незаменнымі партнэрамі ЗША.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн заявіў у пятніцу, што ЗША аддалі б перавагу іншаму выніку галасаваньня ў Вялікабрытаніі на рэфэрэндуме аб сяброўстве краіны ў ЭЗ, але паважаюць гэты вынік.

«Я павінен сказаць, мы чакалі іншы вынік і аддалі перавагу б іншаму выніку... але Злучаныя Штаты маюць даўнюю дружбу са Злучаным Каралеўствам і асаблівыя адносіны будуць захоўвацца», — сказаў Байдэн, выступаючы ў Дубліне.

Рашэньне Вялікабрытаніі пакінуць ЭЗ вымусіла прэмʼер-міністра Дэвіда Кэмэрана абʼявіць аб адстаўцы і нанесла амы вялікі ўдар па праекце эўрапейскага адзінства з часоў Другой сусьветнай вайны, піша агенцтва Reuters.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, якога праінфармавалі аб галасаваньні ў Брытаніі, падчас свайго красавіцкага візыту ў Вялікабрытанію горача пераконваў брытанцаў застацца ў ЭЗ. Абама прыбыў у Лёндан на просьбу Кэмэрана, якога ён называе сваім сябрам, пераконваючы брытанцаў застацца ў ЭЗ. Незвычайнае ўмяшаньне амэрыканскага прэзыдэнта было асуджана «як агітацыя» прыхільнікамі выхаду краіны з ЭЗ.

Абама папярэдзіў, што выхад з ЭЗ паставіць Вялікабрытанію ў «канец чаргі» пры заключэньні гандлёвага пагадненьня са Злучанымі Штатамі. Былы дзяржсакратар і прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта ЗША Гілары Клінтан таксама выказвала надзею, што Вялікабрытанія захавае сяброўства ў ЭЗ.

XS
SM
MD
LG