Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване Папу сустрэлі абрыкосамі і лавашам


Самалёт папы рымскага Францыска прыляцеў у ерэванскі міжнародны аэрапорт Звартноц. Як перадае карэспандэнт «Інтэрфаксу», пантыфіка сустракалі армянскімі абрыкосамі і лавашам.

Папа Рымскі Францыск прабудзе ў Армэніі тры дні. Ён мае намер выступіць з прамовай аб цяжкім становішчы хрысьціянаў на ахопленым вайной Блізкім Усходзе. Армэнія прыняла ў сябе дзесяткі тысяч уцекачоў, якія ратуюцца ад перасьледу ў Сырыі і Іраку.

Вечарам у рэзыдэнцыі прэзыдэнта Армэніі адбудзецца сустрэча кіраўніка Ватыкану з прэзыдэнтам Армэніі Сержам Саргсянам, затым з прадстаўнікамі ўлады, грамадзтва і дыпкорпусу, акрэдытаванага ў Армэніі. У канцы першага дня візыту адбудзецца сустрэча Папы Рымскага Францыска і Каталікоса Гарэгіна Другога ў Эчміядзіне.

Папа Рымскі наведае галоўны мэмарыял, прысьвечаны генацыду армян у Асманскай імпэрыі ў 1915-1917 гадах, сустрэнецца з членамі невялікай рымска-каталіцкай абшчыны і выпусьціць двух галубоў у кірунку горы Арарат са сьвятыні Хор Вірап, недалёка ад мяжы з Турцыяй.

Гара Арарат знаходзілася на тэрыторыі Армэніі да 1915 году, а цяпер знаходзіцца ў Турцыі. Яна згадваецца ў Бібліі як месца, дзе прычаліў Ноеў каўчэг.

Папа Рымскі Францыск стаў другім кіраўніком Ватыкану, які наведаў Армэнію з тых часоў, як яна стала незалежнай дзяржавай пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG