Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест «Матаролы» ўзарвалі морг


Арсені Паўлаў па мянушцы «Матарола»

Арсені Паўлаў па мянушцы «Матарола»

Раніцай у пятніцу ў Данецку спрабавалі падарваць «Матаролу». Арсені Паўлаў, адзін з палявых камандзіраў так званай «ДНР» і грамадзянін РФ, нядаўна заявіў пра намер балятавацца ў расейскую Дзярждуму.

Як паведамляе «Інтерфакс», раніцай у пятніцу ў Данецку на тэрыторыі Рэспубліканскага траўматалягічнага шпіталя быў зьдзейсьнены замах на палявога камандзіра так званай «ДНР» Арсенія Паўлава (пазыўны Матарола). Паводле сьледчых, узарвалі «маламагутную выбуховую прыладу» накіраванага дзеяньня, быў пашкоджаны будынак морга і сем асабістых аўтамабіляў мэдыцынскага пэрсаналу бальніцы.

«Замах быў на камандзіра разьведбату, пазыўны Матарола. Замах не атрымаўся, — распавёў кіраўнік „ДНР“ Аляксандр Захарчанка, які пабываў на месцы выбуху. — Паверце, ёсьць маса іншых месцаў, дзе яго можна падарваць, калі захацець».

Хто менавіта спрабаваў ліквідаваць Паўлава, Захарчанка не паведаміў.

Матарола — адзін з самых адыёзных палявых камандзіраў «ДНР». Грамадзянін РФ абвінавачваецца праваабаронцамі ў катаваньнях захопленых украінскіх ваенных і забойстве палоннага абаронцы данецкага аэрапорта Ігара Бранавіцкага. Кіраўніцтва сэпаратыстаў узнагародзіла яго «Георгіеўскі крыжам» (галоўная ваенная ўзнагарода самаабвешчанай рэспублікі) і ордэнам «За ваенную доблесьць».

Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што расейская партыя «Радзіма» правяла з Паўлавым перамовы пра ўключэньне яго ў сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на маючых адбыцца ў верасьні парлямэнцкіх выбарах.

Гэта ня першы замах на лідэраў самаабвешчаных рэспублік у Данбасе. У сьнежні 2015 году ў «ЛНР» быў узарваны аўтамабіль зь лідэрам мясцовых казакоў Паўлам Дромавым: той ехаў на сваё вясельле. А ў 2016 годзе ў Данечку нібыта быў папярэджаны замах на самога Захарчанку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG