Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сход у Серабранцы аднагалосна прагаласаваў супраць крамы «Міла»


Больш за 200 жыхароў вуліцы Малініна і праспэкту Ракасоўскага ў менскім мікрараёне Серабранка выказалі незадаволенасьць кіраўніцтву адміністрацыі Ленінскага раёну з прычыны будоўлі крамы «Міла» пад вокнамі іх дамоў.

Напачатку сустрэчы, якая адбылася 23 чэрвеня, чыноўнікі папярэдзілі прысутных, што гэта не грамадзкае абмеркаваньне, а інфармаваньне жыхароў пра законнасьць і абгрунтаванасьць іх дзеяньняў.

Актавая заля гімназіі поўная жыхароў мікрараёну

Актавая заля гімназіі поўная жыхароў мікрараёну

Не зважаючы на пратэсты прысутных і на заклікі абмяркоўваць праблему непасрэдна, намесьнік старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Валеры Вараніцкі зачытаў справаздачу, спыняючы пратэсты прысутных сьцьвярджэньнем: «вы абавязаныя ведаць пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё раёну і гораду».

Намесьнік старшыні Ленінскага райвыканкаму Валеры Вараніцкі перапыняў выступы жыхароў, заклікаючы да ўзаемнай павагі

Намесьнік старшыні Ленінскага райвыканкаму Валеры Вараніцкі перапыняў выступы жыхароў, заклікаючы да ўзаемнай павагі

З падобнымі дакладамі выступілі таксама прадстаўнікі архітэктуры і забудоўніка. Прытым чыноўнікі карысталіся мікрафонам, у той час, як жыхарам такой магчымасьці дадзена не было. Кожную спробу выказацца зь месца Валеры Вараніцкі спыняў, заклікаючы «да парадку» і да «паважаньня адно аднаго».

У выніку людзі выходзілі прамаўляць насуперак пратэстам чыноўніка. На гэта Валеры Вараніцкі загадваў людзям называць сваё імя, прозьвішча і адрас месца жыхарства.

У «прэзыдыюме» старшыня райвыканкаму і ягоныя намесьнікі, жыхароў не запрасілі

У «прэзыдыюме» старшыня райвыканкаму і ягоныя намесьнікі, жыхароў не запрасілі

Разам з кіраўніцтвам адміністрацыі на сустрэчу прыйшлі таксама мясцовыя дэпутаты, прадстаўнікі горадабудаўнічых, камунальных, санітарных і іншых службаў. Прамовы кожнага з чыноўнікаў зводзіліся да агульнага сьцьверджаньня: усе рашэньні прынятыя законна, з гледжаньня інтарэсаў бюджэту раёну і саміх жыхароў. Адкрыта гучалі прапановы тым, хто не задаволены высяканьнем дрэваў, — пераехаць жыць у вясковую мясцовасьць.

У першых шэрагах мясцовыя і гарадзкія чыноўнікі

У першых шэрагах мясцовыя і гарадзкія чыноўнікі

Жыхары раёну задавалі пытаньні чыноўнікам пра тое, чаму мікрараён перагружаны гандлёвымі аб’ектамі, але бракуе ўстаноў культурнага, сацыяльнага забесьпячэньня, адсутнічаюць дзіцячыя пляцоўкі і месцы адпачынку. Большасьць гэтых пытаньняў заставаліся без адказу. Людзі таксама самі прапанавалі прагаласаваць супраць будоўлі крамы і выказаліся аднагалосна.

Многія не маглі стрымліваць эмоцый

Многія не маглі стрымліваць эмоцый

Акрамя чыноўнікаў на сустрэчы прысутнічалі міліцыянты, якія дзяжурылі пры ўваходзе, а таксама некалькі каржакаватых мужчын зь відэакамэрай. Яны фільмавалі ня толькі выступоўцаў, але і кожнага з прысутных. Адзін з гэты людзей час ад часу праходзіў праз залю, робячы заўвагі найбольш актыўным і эмацыйным выступоўцам. Закончылася сустрэча таксама на распараджэньне вядоўцы Валерыя Вараніцкага, які не зважаў на незадаволенасьць астатніх удзельнікаў сустрэчы.

Службіст фільмаваў кожнага выступоўцу і ўдзельнікаў

Службіст фільмаваў кожнага выступоўцу і ўдзельнікаў

Мясцовыя актывісты назвалі сустрэчу фармальнай, арганізаванай дзеля справаздачы чыноўнікам і паведамілі Свабодзе, што не намерваюцца здавацца і будуць супрацьстаяць будаўніцтву ў іх двары чарговай крамы. Яны паўторна зьвярнуліся ў пракуратуру гораду і маюць намер ня ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG