Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буда-Кашалёва пакараны ВІЧ-інфікаваны дон-жуан


35-гадовы жыхар райцэнтру атрымаў сем гадоў калёніі строгага рэжыму за тое, што інфікаваў ВІЧ дзьвюх жанчын.

Яшчэ не забылася пікантная гісторыя ў Рэчыцы, калі 25-гадовая ВІЧ-інфікаваная прастытутка з помсты заражала мужчын сьмяротна небясьпечнай інфэкцыяй і атрымала за гэта два гады калёніі агульнага рэжыму.

І вось новы выпадак — у суседнім Буда-Кашалёўскім раёне. Праўда, тут «карнікам» выступаў 35-гадовы мужчына, а пацярпелымі аказаліся менавіта жанчыны.

У закрытым рэжыме раённы суд разгледзеў крымінальную справу паводле артыкулу 157 у дачыненьні да інфікаванага мясцовага дон-жуана — па фактах наўмыснага заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека дзьвюх асобаў.

Прэсавая служба абласнога суду паведамляе, што згаданы жыхар райцэнтру пакараны сямю гадамі калёніі строгага рэжыму. Апрача таго, яму прызначана прымусовае лячэньне ад хранічнага алькагалізму. Але судовы вырак не набыў яшчэ юрыдычную моц і можа быць абскарджаны ці апратэставаны.

Да апошняга часу невялічкі гарадок Буда-Кашалёва быў у ліку раёнаў Гомельшчыны з адносна невысокай колькасьцю выяўленых ВІЧ- інфікаваных жыхароў — 77 чалавек, пачынаючы з 1987 году. Сёлета тут дадаліся яшчэ шасьцёра, якія займелі статус ВІЧ-інфікаваных. Канечне, гэта ня так шмат, як у суседнім Жлобінскім раёне, дзе зарэгістравана 1443 такіх мужчын і жанчын. І непараўнальна, вядома, з рэкардсмэнам па СНІДу — Сьветлагорскім раёнам, на тэрыторыі якога налічваецца 3986 жыхароў — носьбітаў вірусу імунадэфіцыту чалавека. Прычым, сотня такіх выяўленая ўжо сёлета.

XS
SM
MD
LG