Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч пра выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ: «Для нас гэта кепская навіна»


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які зьяўляецца пасьлядоўным прыхільнікам брытанскай палітыкі, і ў першую чаргу Кансэрватыўнай партыі, кажа, што з расчараваньнем успрыняў навіну пра выхад Вялікабрытаніі з Эўрапейскага Зьвязу.

«Вядома, гэта навіна расчаравала, хаця ўсе апытаньні, якія праводзіліся, сьведчылі, што падзел вельмі блізкі — прыкладна 50 на 50. І тут насамрэч, цяжка сказаць, што лепш для самой Вялікабрытаніі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Можа, выхад і лепш. Але пра гэта цяжка казаць, бо, па-першае, прэцэдэнтаў не было і, па-другое, мы кажам пра краіну, на якой трымаецца Эўразьвяз як у палітычным, так і ў фінансаваным сэнсах», — адзначыў палітык.

Адказваючы на пытаньне, пра ўплыў выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу на Беларусь, Аляксей Янукевіч сказаў, што гэта кепская навіна:

«Для нас гэта кепская навіна. Безумоўна, у бліжэйшыя некалькі год і Брытанія, і іншыя эўрапейскія краіны будуць шчыльна занятыя ўнутранымі справамі, будуць выбудоўваць новую архітэктуру Эўропы, і гэта азначае, што па-за межамі Эўразьвязу, у першую чаргу ў нашым рэгіёне, будуць больш разьвязаныя рукі Крамля. Таксама значна аслабнуць стасункі паміж эўрапейскімі краінамі і беларускімі ўладамі, паміж эўрапейскімі краінамі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю».

Аляксей Янукевіч лічыць, што лёс цяперашняга прэм’ер-міністра Дэвіда Кэмэрана вызначаны — ён будзе вымушаны пакінуць пост кіраўніка Кансэрватыўнай партыі:

«Кэмэран выступаў за захаваньне сяброўства ў Эўразьвязе, у той час, як большая частка яго партыі — гэта эўраскептыкі. Такім чынам, натуральна, што яго пераемнікам стане мэр Лёндана Борыс Джонсан — актыўны праціўнік сяброўства Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе. Ён жа, цалкам верагодна, стане і наступным прэм’ер-міністрам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG