Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскія чыноўнікі паабяцалі кантраляваць, каб у грамадзкім транспарце не было савецкіх і расейскіх сьцяжкоў


На вуліцы Леніна ў Віцебску

На вуліцы Леніна ў Віцебску

Зварот да гарадзкіх уладаў напісала Тацяна Севярынец, каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Віцебскай вобласьці. І ўжо задаволена вынікамі: сьцяжкі з грамадзкага транспарту пазьнікалі.

Актывістка расказала, што неаднойчы сутыкалася ў гарадзкім транспарце, асабліва ў «маршрутках», з упартым жаданьнем кіроўцаў «аздобіць» салён ці сваё працоўнае месца расейскім «трыкалёрам» або савецкім чырвоным сьцяжком зь сярпом і молатам:

«Я заўжды зьвяртала на гэта ўвагу, размаўляла з кіроўцамі. Апошняя размова з кіроўцам „маршруткі“ № 66 была даволі напружаная. На маю заўвагу, што тут не Расея, малады чалавек заявіў, што гэта не мая справа, і што ён можа рабіць усё, што хоча. Тут мне падумалася, што гэта справа якраз-такі мая, і што нельга дапусьціць, каб носьбіты „рускага міру“ рабілі тут „усё, што хочуць“. Я напісала ліст проста праз сайт гарвыканкаму, запытаўшыся, ці ня бачаць нашы чыноўнікі ідэалягічных хібаў у шырокім выкарыстаньні сьцяжкоў чужой дзяржавы. І што пасажыры ня мусяць станавіцца закладнікамі палітычнай прапаганды».

На віцебскім аўтавакзале

На віцебскім аўтавакзале

Тацяна Севярынец атрымала адказ, падпісаны начальнікам аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкаму Сяргеем Саглаевым. Чыноўнік адказаў, што ў філіялы «Аўтобусны парк № 1 г.Віцебска», ААТ «Віцебскаблаўтатранс» і УКТП «Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленьне» дасланы ўказаньні надаць адмысловую ўвагу выкананьню патрабаваньняў правілаў дарожнага руху пры выпуску рухомага саставу на маршруты. Бо ў правілах сказана, што на лабавым шкле і аконных праёмах не дазволена ўсталёўваць староньнія прадметы, не прадугледжаныя канструкцыяй транспартнага сродку.

Віцебскія сябры аргкамітэту па стварэньні БХД зьбіраюцца высачыць, ці выконваецца гэтае патрабаваньне. Пакуль здаецца, што выконваецца: сьцяжкоў перад лабавым шклом у грамадзкім транспарце практычна нідзе няма, заадно зьніклі «гірлянды» са штучных кветак і разьвешаныя «гронкамі» сувэнірныя фігуркі... Так што зварот актывістаў заадно паспрыяў больш дакладнаму выкананьню ПДР і — як вынік — зьменшыў верагоднасьць аварыйных сытуацый, сьмяецца спадарыня Севярынец.

XS
SM
MD
LG