Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эйяфьядлайёкюдль вяртаецца: у Ісьляндыі рыхтуецца да вывяржэньня вулькан Гекла


Ісьляндзкія вульканолягі папярэдзілі, што рэзка актывізаваўся вулькан Гекла — адзін з самых небясьпечных вульканаў у Ісьляндыі і адна з галоўных славутасьцяў краіны. Групы турыстаў наведваюць вулькан вышынёй 1488 мэтраў практычна ўсё лета.

Гекла з 874 года вывяргаўся больш за 20 разоў, у сярэднявеччы ісьляндцы называлі гэты вулькан «Брама ў пекла». Апошняе вывяржэньне адбылося ў лютым 2000 году, і з тых часоў вулькан не выяўляў актыўнасьці.

Тым ня менш, па словах прафэсара ўнівэрсытэту Ісьляндыі Пола Эйнарсана, апошнія зьмены паказваюць, што Гекла можа пачаць вывяргацца ў любы момант: ціск у сярэдзіне кратэра рэзка вырас, і ён перавышае паказчыкі, зафіксаваныя пры апошніх двух вывяржэньнях. Эйнарсан прапануе абмежаваць або зусім закрыць доступ турыстаў да кратэру і зьмяніць маршруты самалётаў. Сёньня, паводле яго словаў, побач з Геклай кожны дзень 20-30 раз пралятаюць пасажырскія лайнэры.

«Гекла — вельмі небясьпечны вулькан. Калі мы ня будзем асьцярожныя, яго наступнае вывяржэньне можа стаць катастрофай», — падкрэсьлівае навукоўца.

Гекла знаходзіцца ўсяго ў некалькіх дзесятках кілямэтраў ад іншага ісляндзкага вулькану — Эйяфьядлайёкюдля. Яго вывяржэньне ў 2010 годзе, якое суправаджалася масіўным выкідам вульканічнага попелу ў атмасфэру, выклікала спыненьне авіязносін па ўсёй Эўропе. Лётчыкам забаранілі лётаць над усёй Паўночнай Эўропай з-за забруджанасьці атмасфэры попелам. За 10 дзён былі адменены або адкладзеныя сотні рэйсаў, пацярпелі каля мільёна пасажыраў.

Калі вывяржэньне Геклы адбудзецца ў бліжэйшыя дні, гэта можа стаць моцным ударам для Ісьляндыі. Сёньня ўжо прыкладна 10% насельніцтва краіны (больш за 30 тысячаў чалавек) знаходзяцца за мяжой у Францыі і падтрымліваюць сваю зборную па футболе, якая ўпершыню ў гісторыі прабілася на Чэмпіянат Эўропы. У сераду стала вядома, што зборная выйшла ў плэй-оф, і гэта можа справакаваць яшчэ большы ад’езд ісьляндцаў з краіны. Змагацца з наступствамі вывяржэньня вулькану можа апынуцца элемэнтарна няма каму.

XS
SM
MD
LG