Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька пабітага раварыстам хлопца: «Гэтага чалавека зь бітай часта бачылі ў Менску»


Васіль Дземідовіч пасьля ўдару бітай ад раварыста

Аляксандар Дземідовіч, чыйго сына Васіля нядаўна жорстка пабіў невядомы раварыст, расказаў карэспандэнту, як на здарэньне рэагуюць людзі.

«Другі дзень шмат тэлефануюць і пішуць. Людзі спагадаюць. Многія кажуць, што часта бачылі гэтага чалавека на ровары зь бітай. Раз ён насварыўся на дзяцей у адным месцы, іншы раз пагражаў людзям бітай. Я спадзяюся, што канец канцом яго ўсё ж знойдуць, бо міліцыя гэтым пільна займаецца. У сына ўзялі паказаньні і запэўнілі, што давядуць справу да суду», — расказаў Аляксандар Дземідовіч.

Як пачуваецца Васіль Дземідовіч, у якога лекары выявілі пашкоджаньне чэрапу?

«Кажа, што лепш. Ужо выходзіць з палаты, мацнее. Хаця пра выпіску гаворкі няма. Кажуць, што выпішуць дзён праз 10 — не раней. Васіль трывожыцца таксама, ці па выздараўленьні яму дазволяць вадзіць аўтамабіль. Ён хацеў запісацца на курсы, але цяпер давядзецца, відаць, пачакаць», — кажа бацька пацярпелага хлопца.

Інцыдэнт адбыўся 19 чэрвеня на вуліцы Прытыцкага. Празь няўважлівасьць 17-гадовы Васіль Дземідовіч выйшаў на роварную дарожку, па якой ехаў невядомы раварыст. Той урэзаўся ў хлопца і ўпаў з ровара. Падняўшыся, ён выцягнуў з заплечніка біту і ўдарыў Васіля па галаве. Лекары дыягназавалі чэрапна-мазгавую траўму.

Праверку інцыдэнту праводзяць у Фрунзенскім РУУС Менску. Міліцыя кажа, што раварыста могуць абвінаваціць у хуліганскім нападзе з нанясеньнем траўмы. Другое абвінавачваньне могуць вынесьці за тое, што беспрытомнага Васіля Дземідовіча гэты чалавек пакінуў ляжаць на зямлі — за пакіданьне пацярпелага ў бездапаможным стане. На шчасьце, людзі выклікалі хуткую дапамогу і пасьпелі сфатаграфаваць невядомага раварыста на мабільны тэлефон.

Інцыдэнт выклікаў вялікі розгалас ў інтэрнэце.

XS
SM
MD
LG