Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Карэлічах краязнаўца даводзіць, што «герой вайны» насамрэч забойца


Камень, на якім Карэліцкі райвыканкам плянуе ўсталяваць памятную шыльду на месцы забойства Дзьмітрыя Семянцова

Камень, на якім Карэліцкі райвыканкам плянуе ўсталяваць памятную шыльду на месцы забойства Дзьмітрыя Семянцова

Карэліцкі краязнаўца Алесь Самец за доўгія гады пошукаў выкрыў, што партызанскі камандзір у ягоным раёне падчас вайны беспрычынна застрэліў іншага камандзіра партызанскага атраду і хаваў злачынства. Пасьля вайны займаў адказныя пасады ў раёне, даў фальшывыя зьвесткі ў пракуратуру, ягоны партрэт і асабістыя рэчы, як героя вайны, дагэтуль выстаўлены ў Наваградзкім музэі. Краязнаўца дамогся ад раённых уладаў усталяваньня памятнага знаку па нявінна забітым, а цяпер стараецца, каб партрэт і рэчы забойцы прыбралі з музэю.

Алесь Самец па прафэсіі будаўнік, але краязнаўства — гэта ягоны самы ўлюбёны занятак. Калі пачынае апавядаць нейкія мясцовыя гісторыі, у яго загараюцца вочы. Справай былога камандзіра партызанскага атраду, які дзейнічаў у Карэліцкім раёне, Дзьмітрыя Дзенісенкі, ён зацікавіўся дзесяць гадоў таму, калі выйшла раённая кніга «Памяць».

Краязнаўца з Карэлічаў Гарадзенскай вобласьці Алесь Самец

Краязнаўца з Карэлічаў Гарадзенскай вобласьці Алесь Самец

«Мясцовыя людзі тады напісалі артыкул у газэце, дзе сьцьвярджалі, што пра вайну ў кнізе ўзгадалі ня ўсю праўду. Распавялі пра выпадак, калі ў Карэліцкім раёне адзін камандзір партызанскага атраду беспрычынна забіў іншага камандзіра, а пра гэта нічога ў кнізе не гаворыцца. Мяне тады гэта вельмі ўразіла, і я пачаў высьвятляць усе абставіны справы».

Пошукі выявілі, што і забойца Дзьмітры Дзенісенка (родам з Краснадарскага краю), і забіты Семянцоў (зь Пермскага краю), трапілі ў раён падчас уцёкаў Чырвонай арміі ад нямецкіх войскаў яшчэ ў 1941 годзе. Іх падразьдзяленьні былі разьбітыя, а яны (абодва прайшоўшы нямецкі палон) засталіся ў вёсцы Вялікая Слабада.

Жыхар Карэлічаў Мікалай Чачотка, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, кажа, як яго дзед успамінаў, што адразу немцы, паліцаі нават не чапалі гэтых чырвонаармейцаў, якія хадзілі па хатах, наймаліся на працу і зараблялі такім чынам на жыцьцё.

Краязнаўца Мікола Чачотка

Краязнаўца Мікола Чачотка

«Але потым іх узяліся рэгістраваць, а яны гэтага не хацелі, зьбіраліся ў невялікія групкі і зыходзілі ў лес. Потым гэтыя групкі арганізоўваліся ў большыя атрады», — кажа ён.

Спадар Самец расказвае, што гісторыя з забойствам і адбылася падчас такога аб’яднаньняў двух невялікіх групаў у адзін атрад.

«Гэта адбылося ў вёсцы Новае Сяло, у хаце гаспадара Ламана. Напачатку ў хату прыйшоў Семянцоў, а потым Дзенісенка са сваім хлопцамі. Два камандзіры засталіся ў хаце і размаўлялі. У выніку Дзенісенка застрэліў Семянцова. Труп пагрузілі на падводу і павезьлі ў невядомым кірунку, а назаўтра яго знайшлі на дарозе побач з Пратасавым хутарам, недалёка ад Вялікай Слабады, у адной бялізьне. Людзі яго ведалі. Пахавалі на месцы забойства».

Самец паказвае месца, дзе местачкоўцы знайшлі цела забітага Дзьмітрыя Семянцова

Самец паказвае месца, дзе местачкоўцы знайшлі цела забітага Дзьмітрыя Семянцова

Самец распавядае, што адшукаў людзей, якія напісалі артыкул з крытыкай кнігі «Памяць». Яны раскрылі яму шмат падрабязнасьцяў. Аказалася, што пасьля вайны з Расеі прыяжджала сястра забітага Семянцова і шукала магілу забітага брата. Гэтую гісторыю ёй расказалі людзі, і яна напісала заяву ў пракуратуру.

«Забойца Дзенісенка тады працаваў намесьнікам старшыні Мірскага райвыканкама. У выніку апытаньня ён прызнаўся сьледчаму, што застрэліў Семянцова, але маўляў, зрабіў гэта на загад Баранавіцкага партызанскага злучэньня за марадэрства, якое ўчыніў Семянцоў — нібыта той адабраў у мясцовага бацюшкі боты. І вось тут я засумняваўся: ці мог быць загад Баранавіцкага партызанскага злучэньня ў сьнежні 1942 году? У архівах я высьветліў, што Баранавіцкае партызанскае злучэньне зьявілася толькі ў красавіку 1943 году. Дзенісенка проста ашукаў сьледчага, а той нічога не зрабіў, каб праверыць звычайныя факты. Пракуратура апытала тады мясцовых людзей пра марадэрства Семянцова, і людзі казалі, што ён быў прыстойным чалавекам, вясёлым і адукаваным, вакол яго ядналася вясковая моладзь, ён меў аўтарытэт у вёсцы».

У Савецкіх часопісах пісалі пра подзьвігі Дзьмітрыя Дзенісенкі

У Савецкіх часопісах пісалі пра подзьвігі Дзьмітрыя Дзенісенкі

Самец кажа, што гэтыя факты яго ня вельмі задавальнялі, і ён шукаў далей. Удалося адшукаць чалавека, які быў у атрадзе Дзенісенкі і стаўся сьведкам таго забойства.

«Ён і пацьвердзіў мае меркаваньні, што калі злучаліся групы, два камандзіры пачалі змагацца за ўладу. Мала таго, ён расказаў, што Дзенісенка знарок застрэліў яшчэ аднаго маладога чырвонаармейца, які таксама прывёў сваю групу, каб далучыцца да атраду. Але Дзенісенку так і не ўдалося прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, бо ў адказе пракуратуры 1977 года яшчэ на зварот сястры Семянцова гаварылася, што ягоны ўчынак не падпадае пад крымінальную адказнасьць па прычыне амністыі, якая была прынятая ў 50-я гады».

Адказ з пракуратуры на запыт аб злачынствах Дзенісенкі

Адказ з пракуратуры на запыт аб злачынствах Дзенісенкі

Пасьля вайны прафэсійны лёс Дзенісенкі склаўся даволі ўдала: ён займаў кіраўнічыя пасады, працаваў намесьнікам Мірскага райвыканкаму, старшынёю калгасу імя Жданава Наваградзкага раёну, а ў нядоўга да пэнсіі — старшынёй пасялковага савету ў Любчы. Памёр у 1998 годзе. Самец кажа, што ён ня меў дзяцей, а ягоная жонка загінула ў аварыі.

Спадар Мікола Чачотка ўзгадвае ўспаміны бацькі і дзеда пра Семянцова. Абодва вельмі цёпла расказвалі пра камандзіра.

«Людзі ў нас старэйшыя ўсе ведалі, што Дзенісенка забіў Семянцова, каб самому кіраваць атрадам. Памятаю нават, як людзі яшчэ шэптам расказвалі пра „подзьвігі“ Дзенісенкі, і мне здавалася, што праўда назаўсёды зьнікне, бо шмат гадоў нам выдавалі гэтага Дзенісенку за героя. Але вось, дзякуючы Самцу, праўдзівая гісторыя выплыла ізноў на паверхню. Ведаеце, цяпер гэта вельмі патрэбная рэч, бо ізноў да нас гэты „рускі мір“ лезе, а нашы людзі ня ведаюць сваёй праўдзівай гісторыі. Яны карыстаюць толькі тым, што ім падсоўваюць збоку. А ў нас да 1939 году ніхто ніколі хаты не замыкаў — падставяць кіёчак і пайшлі. А што да нас прыйшло цяпер з гэтым „рускім мірам“ — крадзяжы, забойства, рабаўніцтва...»

Рэчы Дзенісенкі ў экспазыцыі Наваградзкага музэю

Рэчы Дзенісенкі ў экспазыцыі Наваградзкага музэю

У Наваградзкім музэі ў экспазыцыі пра пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны Дзенісенка і праўда падаецца як герой вайны. Тут ягоны партрэт, сьпіс узнагародаў, скураная куртка. Дырэктарка музэю Марына Ярашук кажа, што пра партызанаў наведнікам яны расказваюць розныя рэчы.

Дырэктарка Наваградзкага музэю Марына Ярашук

Дырэктарка Наваградзкага музэю Марына Ярашук

«Мы гаворым, што мясцоваму насельніцтву было цяжэй за ўсіх, бо ўдзень немцы прыходзілі і абдзіралі, а ўначы партызаны — савецкія і габрэйскія. Таксама прыходзілі і абдзіралі. Мы хочам расказаць, як было папраўдзе. Мы нікога не вінавацім і не апраўдваем. У нас запісана шмат успамінаў пра тыя часы, і мы цытуем іх наведнікам. І ў экспазыцыі наконт экспанатаў зьвязаных зь Дзенісенкам будуць зьмены».

Алесь Самец сьціпла кажа дырэктарцы музэю, што зьбіраецца даслаць ім ліст, пад якім будуць подпісы жыхароў Карэліцкага раёну з патрабаваньнем прыбраць з экспазыцыі музэю імя Дзенісенкі. Паводле яго, Карэліцкі райвыканкам днямі ўжо павінен усталяваць памятны знак на месцы забойства нявіннага Дзьмітрыя Семянцова.

«А колькі яшчэ трэба зрабіць гісторыкам і краязнаўцам, каб зьняпраўдзіць хлусьню, якую падаюць як нашу гісторыю» — дадае Алесь Самец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG