Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка ў коціках» — віленскі мастак малюе карыкатуры на Расею і Пуціна


Пётар Ліньнік з адной са сваіх карцін

Пётар Ліньнік з адной са сваіх карцін

Аляксандра Лукашэнку пакуль не намаляваў. «Лукашэнка ў маім уяўленьні — чалавек, які ідзе праз гушчар ды з боязьзю разглядаецца на бакі, каб не ўваліцца ў балота», — у такім вобразе бачыць кіраўніка Беларусі мастак самавук зь Вільні Пётар Ліньнік, які працуе ў жанры палітычнай карыкатуры.

Ліньнік свае працы прадае на адной з вуліц старой Вільні. Галоўныя героі ягоных карцін — каты. Задаволеныя жыцьцём, сытыя жывёлы падаюцца Пятром Ліньнікам у жартаўліва-іранічных вобразах. З катамі мастак абыгрывае і сюжэты ў карцінах з палітычнай карыкатурай. У такіх працах ён перадае сваё бачаньне палітыкі цяперашняй Расеі. Сюжэты некаторых зь іх па-хуліганску дзёрзкія. Тлумачачы свае карыкатуры, суразмоўца і сам не стрымліваў сваіх словаў.

Адна з карцін, на якой Пётар Ліньнік падаў сваё бачаньне стаўленьне Расеі да Ўкраіны

Адна з карцін, на якой Пётар Ліньнік падаў сваё бачаньне стаўленьне Расеі да Ўкраіны

«Уварваньне Расеі ва Ўкраіну — тэма ў цяперашнім сьвеце дужа актуальная і дужа балючая. Як на мяне, то адна бандыцкая дзяржава імкнецца зьнішчыць іншую дзяржаву, якая хоча жыць па-эўрапейску. Расея паводзіць сябе як злодзей. Расейскай дзяржавы цяпер няма, а ёсьць зборышча гопнікаў. Яны перанялі паводзіны НКВД, КДБ і ня могуць зразумець, што цывілізаваны сьвет жыве ў іншым вымярэньні, зь іншымі сымбалямі», — кажа Пётар Ліньнік.

Высьмейваю прымітыўны расейскі капіталізм

У тым, што Расея зьмянілася ён вінаваціць «крамлёўскую мафію». Менавіта яна, на ягоную думку, здолела насадзіць расейскаму грамадзтву ваяўнічую нецярплівасьць.

«Я вучыўся ў Маскве і тады там гаварылі пра сяброўства народаў. У нас не было міжнацыянальных канфліктаў, і мы радаваліся гэтаму. Цяпер жа ўсё перавярнулася дагары нагамі. Злодзеі расхапалі асноўныя капіталы Расейскай дзяржавы і жывуць у створанымі імі бандыцкім прымітыўным капіталізьме. Я спрабую высьмеяць гэта».

Галерэя карцін з палітычнай карыкатурай Пятра Ліньніка

Галерэя карцін з палітычнай карыкатурай Пятра Ліньніка

Пётар Ліньнік украінец. Нарадзіўся ў Дняпры. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскве. У Літве жыве ад 1969 году. Ужо на пэнсіі.

«У свой час, будучы маскоўскім студэнтам, — апавядае суразмоўца, — я ўдзельнічаў у пастаноўках клюбу вясёлых і кемлівых. Мы сьмяяліся тады над праблемамі, зь якімі сутыкаліся. Цяпер жа многія з праблемаў становяцца трагедыямі. Расейская дзяржава пераўтварылася ў падпальшчыка войнаў. Для многіх гэта стала нечаканасьцю. Расейцы абураюцца, што НАТО наблізілася да іх межаў, але яны самі правакуюць такія дзеяньні, не разумеючы гэтага».

Пакуль у Крамлі Пуцін, спакою ня будзе

«Тое, што цяпер робіцца на маёй радзіме, мне баліць, — кажа мастак. — Я дужа перажываю за сваю бацькаўшчыну, але, перакананы, што яна выстаіць. Упэўнены, што новае пакаленьне палітыкаў прыйдзе да ўлады і навучыцца быць самастойным».

Каты Ліньніка спыняюць мінакоў

Каты Ліньніка спыняюць мінакоў

«Цяпер праблема не ва Ўкраіне, а ў Расеі, дзе засела, як я казаў, пуцінская мафія, якая, я думаю, ня ведае да канца, куды яна ідзе і што робіць. Як яна зьнікне, сытуацыя ва Ўкраіне паволі нармалізуецца. Народы знойдуць паразуменьне. Пакуль жа ў Крамлі Пуцін, нічога добрага ня будзе ні для Ўкраіны, ні для цывілізаванага сьвету. Расейскі народ мусіць зразумець, што іхняя цяперашняя палітычная эліта вядзе краіну да трагедыі».

Пётар Ліньнік цьвердзіць, што ягоныя карціны з ахвотай куляюць замежнікі. Спраўдзіць гэтага не ўдалося. За пятнаццаць хвілінаў гутаркі ніводнай зь іх не набылі. Што праўда, то ля выстаўленай паўз сьцяну галерэі за гэты час нямала мінакоў спынілася, каб падзівіцца і сфатаграфавацца з катамі Пятра Ліньніка.

Лукашэнка — вясковы хлопец, не задзірысты

На карцінах мастака не знайшлося ката ў вобразе кіраўніка Беларусі. Хіба ён не заслужыў, пытаю суразмоўцу, каб быць пэрсанажам палітычнай карыкатуры.

Пётар Ліньнік на працоўным месцы

Пётар Ліньнік на працоўным месцы

«Ведаеце, я ўдзячны Лукашэнку хаця б за тое, што ён не выяўляе ў сваёй замежнай палітыцы агрэсіі, — адказвае мастак. — Я мяркую, што ў гэтым ягоная мудрасьць. Ён не задзіраецца. Ваш Лукашэнка — спакойны вясковы хлопец, і мы на яго не крыўдуем за ягоныя іншым разам рэзкія выказваньні. Адзінае, каб толькі ён Астравецкую атамную станцыю, як ужо ўзяўся, дык добра пабудаваў. Каб і вам было спакойна, і нам».

«Лукашэнка ў маім уяўленьні — чалавек, які ідзе праз гушчар ды з боязьзю разглядаецца на бакі, каб не ўваліцца ў балота. Калі я вазьмуся маляваць ката ў вобразе Лукашэнкі, то паспрабую перадаць яго на карціне такім», — з усьмешкай адзначае Пётар Ліньнік.

Высокаадукаваная моладзь зьменіць Беларусь

Як ён цьвердзіць, нямала і беларусаў набылі ягоныя карціны. На пытаньне, з чым зьвязаны такая цікавасьць да карцін, мастак выказаў меркаваньне, што магчыма палітычнай карыкатуры бракуе жыхарам суседняй краіны. Не абдзяляюць увагай, кажа Пётар Ліньнік, ягонай творчасьці студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Адна з карцін напісаная па-хуліганску дзёрзка

Адна з карцін напісаная па-хуліганску дзёрзка

«Ведаю, што гэты ўнівэрсытэт рыхтуе новую беларускую эліту. Цяпер Беларусі дужа патрэбная адукаваная, з шырокімі сьветапоглядам і эўрапейскім мысьленьнем моладзь. Яна прывядзе Беларусь да дабрабыту, — зазначае суразмоўца. — Калі студэнты падыходзяць да мяне, то мы падоўгу зь імі гаворым. Я адчуваю, што многія зь іх прагнуць пераменаў на радзіме. Мне думаецца, што гэтыя перамены неўзабаве ў вас адбудуцца».

Панарама з карцінамі і мінакі, якія іх разглядаюць

Панарама з карцінамі і мінакі, якія іх разглядаюць

«Самае кепскае для краіны, калі яна робіцца закрытай. Я шмат паезьдзіў па Эўропе, калі абрынулася „жалезная заслона“. Будучы ўжо дарослым чалавекам, мне даводзілася па-новаму адкрываць для сябе сьвет, — ужо на разьвітаньне казаў Пётар Ліньнік, — У закрытай краіне моладзь дэградуе. Сама дзяржава пераўтвараецца ў балота. Калі грамадзяне бачаць на ўласныя вочы сьвет, то тады яны нясуць у сваю краіну новыя ідэі. Тады іхняя радзіма разьвіваецца».

XS
SM
MD
LG