Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску затрыманыя пэнсіянэры, якія ехалі на пікет у Менск


Пікет на плошчы Свабоды ў Менску, 24 верасьня 2015 году

Пікет на плошчы Свабоды ў Менску, 24 верасьня 2015 году

У Бабруйску а 5-ай раніцы супрацоўнікі міліцыі затрымалі пэнсіянэраў Валянціну і Аляксандра Каваленкаў. Валянціна Каваленка — адна з актывістак грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах».

Раніцай у Менску была затрыманая каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» Тамара Сяргей. Каля дому яе пільнавалі 10 мужчын у спартовай форме. Затрыманьне адбылося, калі жанчына накіроўвалася на на плошчу Свабоды ў Менску, каб узяць удзел у пікеце.

На гэты ж самы пікет кіравалася і Валянціна Каваленка. Муж актывісткі Аляксандар Каваленка на ўласным аўтамабілі падвозіў яе да маршрутнай таксоўкі ў Менск. Аднак каля ўласнага дому пэнсіянэраў спынілі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі ехаць у райаддзел міліцыі. Як паведаміў начальнік управы прафіляктыкі і грамадзкага парадку райаддзела Сяргей Рудзько, пэнсіянэры затрыманыя з прычыны парушэньня артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу аб паўторным правядзеньні несанкцыянаванай масавай акцыі.

Аляксандар Каваленка падчас акцыі на плошчы Свабоды ў Менску,12 траўня 2016 году

Аляксандар Каваленка падчас акцыі на плошчы Свабоды ў Менску,12 траўня 2016 году

Дадому да яшчэ адной бабруйскай актывісткі Любові Санкевіч сёньня ранкам прыйшоў супрацоўнікі міліцыі і таксама запатрабаваў пайсьці зь ім у райаддзел. Аднак жанчына кватэру не адчыніла і адмовілася кудысьці ісьці.

Ініцыятыва «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» — групы людзей, якія шмат гадоў безвынікова спрабуюць аднавіць свае правы ў судах усіх узроўняў. Актывісты гэтай ініцыятывы больш за трыццаць разоў таксама безвынікова спрабавалі патрапіць на прыём да кіраўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі. На знак пратэсту яны правялі некалькі пікетаў на плошчы Свабоды ў Менску, за што былі асуджаныя і пакараныя штрафамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG