Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма выйсьця. У Гомелі разьвіталіся з прадпрымальніцай, якая выкінулася з восьмага паверху маласямейкі


У Гомелі 22 чэрвеня пахавалі прадпрымальніцу Тацяну Дупанаву — яна скончыла жыцьцё самагубствам. Сёньня ў эканамічным судзе Гомельскай вобласьці мусіла разглядацца яе адміністрацыйная справа.

У Гомелі 22 чэрвеня пахавалі прадпрымальніцу Тацяну Дупанаву — яна скончыла жыцьцё самагубствам. Сёньня ў эканамічным судзе Гомельскай вобласьці мусіла разглядацца яе адміністрацыйная справа наконт канфіскацыю тавару і прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці.

Але напярэдадні 55-гадовая жанчына выкінулася з восьмага паверху маласямейкі на вуліцы Ўладзімерава, дзе раней жыла і дагэтуль была зарэгістравана, і куды пайшла, ведаючы, што тут можна бесьперашкодна забрацца на балькон любога паверху.

Ад ранку дзьве дачкі Тацяны Дупаравай, муж, сёстры, прымалі спачуваньні ў яе кватэры на вуліцы Менскай. Сястра Вера была вельмі незадаволена тым, што Тацяну ў сеціве называлі прадпрымальніцай:

«Яна — не прадпрымальніца, я — прадпрымальніца. Яна была ў мяне наёмнай працаўніцай, рэалізатарам. Пішуць няпраўду. Таму больш нічога казаць ня буду».

Дочкі Тацяны Мікалаеўны тым часам паказваюць позву ў эканамічны суд Гомельскай вобласьці, надрукаванай на прынтары і падпісанай сакратаром судовага паседжаньня, памочнікам судзьдзі Т. Храмінай. Дупанаву абавязвалі быць у судзе 22 чэрвеня а 10 гадзіне, у кабінэце № 210 ў намесьніка старшыні суду Мікалая Трыбуцкага — па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні № 159-2Ап2016. Пратакол у дачыненьні да Дупанавай складзены 4 чэрвеня 2016 году. У позве не пазначаны вытворца пратаколу, але вядома, што гэта інспэкцыя МПЗ па Чачэрскім раёне. І папярэджаньне паводле артыкулу 24.6 на выпадак няяўкі без паважлівых прычынаў — штраф ад 6 да 30 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.

«Яна вельмі баялася суду, проста месца сабе не знаходзіла, — тлумачыла адна з добрых знаёмых Тацяны. — Усё непакоілася, што будзе выглядаць на судзе злачынцай. Ня ведала, што трэба будзе казаць, як сябе абараніць у гэтай сытуацыі».

У прадпрымальніцкіх структурах абласнога цэнтру Тацяну Дупанаву асабіста мала хто ведаў — яна працавала пераважна на выязным гандлі, сама вазіла адзеньне на старэнькім «Опелі» ў райцэнтры рэгіёну.

На пачатку чэрвеня па дарозе ў Чачэрск яе затрымалі супрацоўнікі ДАІ, выклікалі АБЭП і падаткоўцаў. У таваратранспартных дакумэнтах знайшлі нейкую хібіну — ці то дата не была пастаўлена, ці нейкая іншая «птушачка». Было доўгае высьвятленьне абставінаў. Тавар больш як на 20 мільёнаў у Тацяны забралі, ды яшчэ папярэдзілі, што атрымае вялікі штраф.

Каб неяк адквітаць нечаканую страту тавару, Тацяна другім разам выправілася гандляваць у Буда-Кашалёва. Але там яе палатку сфатагравалі, а пасьля выклікалі ў падатковую інспэкцыю для тлумачэньняў, адкуль узяўся тавар.

Дзень жалобы

Трагедыя Тацяны Дупанавай, зьвязанай з дробным бізнэсам, узрушыла прадпрымальніцкую супольнасьць краіны, і найперш гамельчукоў.

На Давыдаўскім рынку некаторыя прадпрымальніцы не могуць бязь сьлёз распавядаць і пра лёс каляжанкі па прадпрымальніцкім цэху, і пра цяперашні стан сваёй працы.

«Ад безвыходнасьці на такое можа пайсьці хто заўгодна. І гэта не азначае, што чалавек слабы духам ці з галавою не сябруе. Відаць, быў у яе такі момант, што іншага выйсьця яна ня бачыла, — ня стрымлівае сьлёз прадпрымальніца Натальля. — Проста страшна застацца на гэтым сьвеце, калі няма працы, а цябе на дадатак пазбаўляюць апошняга».

Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксей Байкін распавядае, што раней яго знаёмым патрапіў амаль у такую ж сытуацыю. Ён таксама развозіў па рэгіёну і прадаваў тавар. Яго таксама затрымлівалі супрацоўнікі АБЭП, і ён пагадзіўся аддаць палову тавару, бо быў сам гаспадаром. А тут жанчына, адказная за рэалізацыю тавару. Яна не алігарх які — для яе пазбыцца тавару, ды яшчэ са штрафам — вялікія грошы.

«Я ўваходжу ў працоўную групу пры аблвыканкаме. На будучым тыдні маем зьбірацца, абмяркоўваць праблема прадпрымальніцтва. Гэтая трагедыя, думаю, стане прадметам абмеркаваньня».

Жалобная абвестка

Жалобная абвестка

На Цэнтральным рынку прадпрымальнікі разьвесілі абвесткі, што 22 чэрвеня — дзень жалобы.

«Былі прапановы несьці памінальныя вянкі да будынку эканамічнага суду і нават прывезьці труну з нябожчыцай на цэнтральную плошчу гораду, — кажа прадпрымальніца Ганна. — Ня ведаю, што і як там сталася — сваякі былі супраць ці што яшчэ, але пакуль у нас тут толькі зьбіраюць сродкі на пахаваньне загінулай каляжанкі. Я сама ўжо распрадаю апошні тавар, і спыняю працу — пасьля ўсіх гэтых указаў і пастановаў працаваць спакойна індывідуальнаму прадпрымальніку немагчыма. Трымаюцца пакуль тыя, у каго нэрвы мацнейшыя».

Манэкэны як стан прадпрымальніцтва

Манэкэны як стан прадпрымальніцтва

Немаладая ўжо прадпрымальніца лічыць, што ў падобных трагедыях, якая адбылася на вуліцы Ўладзімірава, вінаваты ўлады:

«Канечне, улады вінаваты. І Лукашэнка ў тым ліку. Бо ўстанаўліваюць такія законы й парадкі, што прадпрымальнікі іх выканаць ня могуць. Нам жа амаль кожны дзень нэрвы трэплюць. Указы, праверкі, канфіскацыі, падвышэньні коштаў за ўсё ўсякае — ня кожны такое вытрымае. Лічу, што трэба страйкаваць. Інакш яшчэ не адна трагедыя можа здарыцца».

Пашана ад прадпрымальнікаў

Да падʼезу дому на вуліцы Менскай, дзе жыла апошнім часам Тацяна Дупанава, прадпрымальнікі прыйшлі з жывымі кветкамі, вялікімі вянкамі. На кожнай жалобнай стужцы было слова «Смуткуем».

Прадпрымальнік Міхаіл, які працуе на ўжо згаданым Давыдаўскім рынку, заяўляе, што сытуацыя са стаўленьне да прадпрымальнікаў выглядае так, нібыта падаткоўцам, санстанцыі ды ўсім іншым фіскальным органам, даводзяць заданьні на штрафы ды канфіскацыю тавараў на пэўныя сумы — вось яны і імкнуцца пры любой нагодзе пакараць прадпрымальнікаў. Пры гэтым яшчэ ствараць імідж, што прадпрымальнікі нібыта «жыруюць» за кошт народа.

«А паглядзіце, у якой маласямейцы жыла Тацяна Дупанава — бязь сьлёз на такое жытло глядзець немагчыма. Цяпер дачка яе жыве там. А вось гэты панэльны дом, адкуль мы павязем Тацяну на могілкі — ён хіба лепшы? Цяпер у дзяржаве настваралі такія структуры, што толькі й дбаюць, каб за бясцэнак адціснуць у прадпрымальнікаў маёмасьць. На нашым Давыдаўскім рынку, у прыватнасьці», — кажа прадпрымальнік.

Яшчэ адзін удзельнік пахаваньня Тацяны Дупанавай — грамадзкі актывіст і прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых:

«Сытуацыя вельмі напружаная ў асяродку прадпрымальнікаў. Не за гарамі — пачатак ліпеня, калі праверкі прадпрымальнікаў стануць яшчэ больш жорсткімі. Многія паехалі ўжо працаваць у Расею. Некаторыя яшчэ спадзяецца, што яго абыдуць бокам новыя парадкі з патрабаваньнем сэртыфікатаў жы транспартных дакумэнтаў. Нікога не міне. Але ня трэба кідацца ні з восьмага, ні з дзесятага паверхаў. І не тапіцца, ня вешацца. Трэба абʼядноўвацца, уступаць у незалежныя прафсаюзы, у дэмакратычныя партыі, каб чалавек меў падтрымку і не заставаўся сам на сам са сваёй бядою. Трэба, не нам баяцца, а баяцца ўсім „драздунам“, якія набудавалі сабе катэджаў у Драздах і сапраўды жыруюць».

Балькон на восьмым паверсе маласямейкі

Балькон на восьмым паверсе маласямейкі

Загінулая прадпрымальніца скончыла палітэхнічны інстытут (цяпер гэта — тэхнічны ўнівэрсытэт) па спэцыяльнасьці — тэхналёгія машынабудаваньня, мэталарэжучыя станкі ды інструмэнты. Аднагрупнік Сяргей згадвае:

«Пяць гадоў мы вучыліся разам — яна была вельмі старанная і шчырая. Здаецца, у яе была яшчэ й пачатковая мэдычная адукацыя. Яна была мэдсястрой у нашым будаўнічым атрадзе. Прачытаў у сеціве, што яе нібыта шэсьць гадзінаў мэнчылі, пакуль канфіскоўвалі тавар ды складалі пратакол. Пасьля інстытуту, наколькі памятаю, яна працавала на заводзе пускачоў. Але ён разваліўся, і яна пайшла дапамагаць сястры ў прадпрымальніцтве. Першы муж у Тацяны Мікалаеўны быў настаўнікам — ад яго й цяперашняе прозьвішча ў Тацяны. Муж яе раптоўна памёр, калі выйшаў са школы. Гэта ж таксама быў удар. Калі чалавек пазбаўляе сябе жыцьця, гэта ня проста так — да гэтай рысы яго падвялі».

...З вышыні восьмага паверху маласямейкі, дзе жыла на другі паверсе й да гэтага часу прапісана Тацяна Дупанава, адкрываецца від на паўднёва-заходнюю частку гораду. Адсюль недалёка і да тэхнічнага ўнівэрсытэту і да заводу пускавых рухавікоў, ад якога Тацяна атрымала невялічкую кватэру ў гэтай маласямейцы, і дзе цяпер жыве адна зь яе дачок. Бальконы тут адкрытыя і нібы прылепленыя да тарцавой сьцяны. Сюды сапраўды лёгка патрапіць. Да зямлі з восьмага паверху — мэтраў каля дваццаці. Нейкіх тры сэкунды — і зямля навечна прымае чалавека, збаўляючы ад невыносных яму жыцьцёвых нягодаў і пакутаў. І толькі два чырвоныя гвазьдзікі можна бачыць цяпер сярод зялёнай травы на тым месцы, дзе заўчасна спынілася жыцьцё прадпрымальніцы. Абарвалася назаўсёды.

Тацяну Дупанаву пахавалі на могілках у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёну — побач зь яе бацькамі.

XS
SM
MD
LG