Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ўпершыню ў публічным дакладзе Лукашэнкі не было «ворагаў»


«Упершыню ў публічным дакладзе Лукашэнкі не было „размазваньня па сьценцы“ ворагаў. Краіна ўпершыню за 20 гадоў апынулася бяз ворагаў, і гэта велізарнае палітычнае адкрыцьцё».


Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Лукашэнка пацьвердзіў, што будзе захоўвацца пераемнасьць курсу і базавыя асновы беларускай мадэлі разьвіцьця. Дзяржава для народу, справядлівасьць, абарона простага чалавека — гэта тое, на чым, паводле яго, будзе стаяць беларуская дзяржава.

Лукашэнка тут падкрэсьліў, што арыентырам для выпрацоўкі пляну на пяцігодку зьяўляецца перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі, якую, паводле кіраўніка дзяржавы, падтрымаў народ.

У праграме, прадстаўленай сходу, фігуруе лічба 14-15 % росту ВУП да 2020 году. На думку многіх экспэртаў, такія пляны абсалютна фантастычныя.

Калі рэчаіснасьць не супадае з падыходам кіраўніка дзяржавы, тым горш для рэчаіснасьці.

«Мы можам і павінныя знайсьці рэзэрвы росту», — сказаў Лукашэнка, але дзе гэтыя рэзэрвы знайсьці, ён не абазначыў. Цікава было, калі ён казаў, што беларусы па-ранейшаму ня могуць знайсьці многія карысныя выкапні, і «мне вось кажуць, што няма. Але я кажу, што вы кепска шукалі».

Калі рэчаіснасьць не супадае з падыходам кіраўніка дзяржавы, тым горш для рэчаіснасьці.

Што тычыцца вострых тэмаў унутранай палітыкі, скажам, падвышэньня пэнсійнага ўзросту і камунальных тарыфаў. Лукашэнка імкнуўся пазьбягаць іх. Калі раней ён шчыра казаў, што гэта ён прыняў такое рашэньне, і апраўдваў яго, то сёньня ён яго не кранаў, а больш гаварыў пра тое, што ў Беларусі апошнімі гадамі расьце сярэдняя працягласьць жыцьця, і яна будзе расьці, мы, маўляў, павінны выйсьці на ўзровень лепшых краінаў Захадаў.

Лукашэнка выступіў і з крытыкай чыноўнікаў, якія нібыта чакаюць ад яго ўказаньняў, не праяўляюць ініцыятывы. Але ў Беларусі ж, паводле старой савецкай звычкі, ініцыятыва караецца. І колькі разоў бывалі такія выпадкі, калі нейкая ініцыятыва ці рашэньне, якія не супадалі з агульнай лініяй, прыводзілі чыноўніка да непрыемнасьцяў. Лягічна, што яны не праяўляюць ініцыятыву.

Чынавенскі апарат абкладзены шматлікімі абмежаваньнямі, пагрозай пакараньня, таму гэта натуральна, што кожны чыноўнік вырашае лепш не рабіць, чым рабіць.

Лукашэнка казаў: «Наш сацыяльны пакет ня могуць сабе дазволіць некаторыя краіны Захаду з большымі даходамі і ўзроўнем эканамічнага разьвіцьця». Гэта звыклы тэзіс, але калі браць самую важную сфэру ў сацыяльным пакеце, ахову здароўя, то у Беларусі на яе выдаткоўваецца каля 4% ВУП. Гэта, па-першае, менш, чым раней — раней было 5,5%, па-другое, гэта нашмат менш, чым у краінах Захаду. У некаторых краінах Эўропы на ахову здароўя выдаткоўваецца 10-12% , а сярэднеэўрапейская лічба — каля 7-8%. Гэта ў два разы больш за беларускія 4%.

Дракахруст: Тое, што «зьменаў ня будзе» і ў палітыцы — магчыма, адказ людзям з «Белай Русі», якія марылі ператварыць гэтую арганізацыю ў палітычную партыю.

Цікавым быў сьціплы тон адносна апазыцыі. Яна ўзгадвалася адзін раз.

Цікавым быў сьціплы тон адносна апазыцыі. Яна ўзгадвалася адзін раз. Мы памятаем, як раней падчас падобных прамоваў на апазыцыю абрыналіся цэбары абразаў, «пятая калёна» быў звыклы тэрмін размовы пра яе. Сёньня нічога падобнага сказана не было. Нават наконт выбараў было сказана: некаторыя думаюць, як бы расхістаць сытуацыю перад выбарамі, дык вось гэтага рабіць ня варта. Не было сказана і пра майданы, якія пагражаюць шчасьліваму жыцьцю беларусаў.

Гэта новая зьява.

Карбалевіч: Сацыяльны разьдзел прамовы быў даволі значны, у той час як пра ўнутрапалітычныя працэсы было сказана мала.

Мэтадалягічны падыход да праблемаў у грамадзтве: праблема ёсьць, але ня трэба яе чапаць, каб не павалілася ўсё астатняе

Лукашэнка сказаў: у адукацыі маса праблемаў, але ня трэба рушыць тое, што ёсьць. Гэта проста квінтэсэнцыя мэтадалягічнага падыходу да праблемаў у грамадзтве: праблема ёсьць, але ня трэба яе чапаць, каб не павалілася ўсё астатняе.

У прамове быў цэлы разьдзел, прысьвечаны аднаму з прыярытэтаў — інфарматызацыі. Але, гаворачы аб задачах у адукацыі, адхіліўшыся ад паперы, Лукашэнка патрабаваў, каб у школе дзяцей вучылі як касіць, закручваць лямпачку, а дзяўчынак — прышываць гузікі. Вось і ўся інфарматызацыя.

Але сапраўды ўпершыню ў публічным дакладзе Лукашэнкі не было «размазваньня па сьценцы» ворагаў. Краіна ўпершыню за 20 гадоў апынулася бяз ворагаў, і гэта велізарнае палітычнае адкрыцьцё.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG