Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі «Папа Джонс» заўзее за «нашых» — за Расею


Няўдачнікі чэмпіянату Эўропы па футболе выяжджаюць з Францыі. Першымі выправіліся дадому расейцы, якія ў трох матчах зарабілі толькі адзін выніковы пункт. Пазьней кампанію ім склалі ўкраінцы і румыны. Усяго па выніках групавога турніру дачасна завершаць спаборніцтвы восем зборных.

Між тым, па інэрцыі яшчэ чуюцца заклікі падтрымаць суседзяў-аўтсайдэраў. Трэцяя па велічыні (пасьля Pizza Hut і Dominoʼs Pizza) амэрыканская сетка піцэрый «Папа Джонс», якая летась пачала працаваць у Беларусі, напярэдадні Эўра-2016 запусьціла «кулінарны таталізатар» пад слоганам «Глядзі футбол і атрымлівай падарункі». Акцыя дае магчымасьць рабіць стаўкі ў трох «намінацыях»:

— 50/50: згадай пераможцу і выйграй бясплатную піцу;

— All In: згадай лік і атрымай бясплатную піцу памерам XXL;

— Special: Заўзей за нашых! 20-працэнтная зьніжка на замову, калі гуляе Расея!

Няма каманды Беларусі — падтрымлівай Расею

Рэклямны ход не сказаць, каб надта новы, за выключэньнем хіба пункту № 3. Найперш, візуальны шэраг, адзначаны графічнай выявай «матрошкі», не дае засумнявацца адносна геаграфічнага паходжаньня «нашых». Досыць дзіўна, бо ў інфармацыйным суправаджэньні адназначна ўказана: «Акцыя дзейнічае па 10.07.2016 для ўсіх рэстаранаў сеткі „Папа Джонс“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Дык чаму беларусы мусяць падтрымліваць менавіта зборную Расеі, а не іншых суседзяў — Польшчу ці Ўкраіну? Тым больш, што аднайменныя рэстараны прадстаўленыя ва ўсіх пералічаных краінах без выключэньня.

Па тлумачэньні Свабода зьвярнулася ў менскі офіс кампаніі, якая прадстаўляе інтарэсы «Папа Джонс» у Беларусі. Маркетоляг Маргарыта зазначае: стаўкі на Расею вырашана рабіць, таму што на Эўра-2016... адсутнічае Беларусь:

«Справа ў тым, што мы працуем з Расеяй і гэта іх рэклямная акцыя. То бок, яны перадалі гэтую акцыю нам, і мы працягнулі яе ў сябе, на тэрыторыі Беларусі. Паколькі наша краіна не прымае ўдзелу ў футбольным чэмпіянаце Эўропы, мы разьмясьцілі такую рэч — каб нашы наведнікі заўзелі за Расею. Калі ў літаральным сэнсе — падтрымай нашых суседзяў і атрымай зьніжку. Таму што сетка піцэрый „Папа Джонс“ гэтаксама знаходзіцца і ў Расеі».

Дзеля справядлівасьці, калі б заклік быў расшыфраваны ў большай ступені і сапраўды прапаноўваў «заўзець за нашых суседзяў», наўрад ці кідаўся б у вочы зусім іншы падтэкст, які пры цяперашняй падачы ўкладаецца ў паняцьце «нашых». Аднак суразмоўніца запэўнівае, што «здаваць палітычны сувэрэнітэт» ніхто не зьбіраўся, і ўспрымаць рэклямную кампанію трэба толькі як гульню:

«Мы ніяк не адносімся да палітыкі, бо гэта проста гульні — і на футбольным полі ў Францыі, і ў выпадку ставак на матчы Эўра-2016. Таму калі камусьці не падабаецца канкрэтна гэты пункт, то ёсьць яшчэ два, дзе можна рабіць іншыя стаўкі і перажываць за іншыя краіны. Шчыра кажучы, пакуль гэта нікога не бянтэжыла...».

Літаральна празь некалькі гадзін пасьля тэлефанаваньня ў офіс «Папа Джонс» карцінка на сайце крыху відазьмянілася: «нашых» канкрэтызавалі Расеяй, зьменшыўшы з улікам правальнага выступу зьніжку напалову — ад 20% да 10%. Хоць заднім чыслом, але рэвізія праведзена.

Лукашэнка і Румас ня бачаць альтэрнатывы «братам»

На сайце https://www.papajohns.by/kontakty юрыдычным адрасам беларускага «Папа Джонс» значыцца «Кондитерская № 4». Менавіта гэтае адкрытае акцыянэрнае таварыства ўказанае сярод арганізатараў акцыі «Глядзі футбол і атрымлівай падарункі» разам з расейскімі партнэрамі: «4 Папас», «Папас ком», «Тэйк Эвей», «Папа Джонс Иркутск», «Папа Джонс Сибирь», «Пи Джей Тверь», «Пи Джей Новосибирск», «Пи Джей Владимир», «Пи Джей Казань» ды іншымі. Як відаць, менская сетка адзіная, для якой «рускі футбол» стаў «сваім» гэтак жа, як і для рэгіянальных падразьдзяленьняў у Расеі.

Зрэшты, ад трэцяга пункту рэклямнай гульні дачасна давядзецца адмовіцца так ці інакш: пасьля двух запар паразаў у апошніх гульнях ад Славаччыны і Ўэльсу выхаванцы галоўнага трэнэра Леаніда Слуцкага ўжо вярнуліся на радзіму і атрымалі ні адну порцыю злавеснай крытыкі і ад спэцыялістаў, і ад заўзятараў.

Мяркуючы па ўсім, моцна расчараваны такім зыходам для каманды Расеі і старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас. Адкрываючы 10 чэрвеня ў сталічным парку Перамогі фан-зоны «Аліварыя» чэмпіянату Эўропы па футболе, спартовы чыноўнік заявіў, што будзе падтрымліваць расейскую зборную і «ад усёй душы жадае братам-расейцам перамогі».

У аналягічнай манеры выказаўся сёньня з трыбуны Ўсебеларускага народнага сходу і Аляксандар Лукашэнка. Па яго словах, калі на спаборніцтвах высокага ўзроўню няма «нашых», беларускія заўзятары звычайна «перажываюць за Расею». «А цяпер вось і заўзець няма за каго», — пашкадаваў кіраўнік краіны. Гэта пры тым, што ў фінальную частку разам з расейцамі гэтаксама выйшлі і каманды з суседніх Польшчы і Ўкраіны. Відаць, што тыя зборныя Лукашэнка ня бачыць абʼектамі для заўзеньня апрыёры.

Бяз Эўра-2016 Беларусь засталася «белай і пухнатай»

Бясслаўныя выступы расейцаў і ўкраінцаў, за якіх у Беларусі заўзелі ў большай ступені, заўважна «прызямлілі» імпэт аматараў беларускага футболу. У сувязі з новым фарматам спаборніцтваў шмат хто спадзяваўся ўбачыць нацыянальную зборную ў ліку 24 эўрапейскіх фіналістаў. Але, як перакананы футбольны агент Валеры Ісаеў, сумны досьвед выхаванцаў Слуцкага і Фаміна дае зразумець, што «халява» на спаборніцтвах такога ўзроўню не праходзіць. На яго меркаваньне, каб у Францыю выправілася каманда Беларусі, надоўга стаць абʼектам букмэкерскіх ці кулінарных ставак ёй не ўдалося б дакладна:

«Ніякай нечаканасьці. Як толькі пачаўся адборачны цыкль, ужо не было ніякіх шанцаў, што каманда трапіць у фінал. Усе цудоўна разумелі: нават трэцяе месца, каб удзельнічаць у стыкавых матчах, беларусы ня зоймуць — не было ніякіх перадумоваў. Ня хочацца на кагосьці нагаворваць, некага абвінавачваць. Але што павінна было здарыцца, каб Беларусь згуляла на Эўра-2016? Зьменаў у матэрыяльна-тэхнічнай базе для падрыхтоўкі не адбываецца. Я ўжо стаміўся гаварыць, мазоль на языку: самая вялікая праблема нашага футболу ў тым, што не павялічваецца колькасьць якасных натуральных палёў — як было паўстагодзьдзя таму, так усё і засталося. Ні ў адным месцы, дзе я бываю, не зьявілася новага пакрыцьця — ні для трэніровачнага працэсу, ні для гульняў. Ня буду нават гаварыць пра больш сурʼёзныя прычыны, дастаткова гэтага банальнага прыкладу».

Тым часам, шэраг дэбютантаў Эўра-2016 даказалі сваё права быць у эліце як мінімум кантынэнтальнага футболу. У раўнд плэй-оф выйшлі ці маюць рэальныя шанцы патрапіць зборныя, якія ўпершыню кваліфікаваліся ў пашыраны склад фіналістаў чэмпіянату Эўропы, і зьмястоўнай гульнёй даказалі, што іншым грандам таксама трэба зь імі лічыцца. Гэта Славаччына і зь вялікай верагоднасьцю Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Ірляндыя і Ўэльс. Усе пяць навічкоў сёлетніх футбольных топ-спаборніцтваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG